90 балаў плюс. Ляхавіцкія выпускнікі на ЦТ паказалі майстар-клас

У краіне стартавала прыёмная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, і абітурыенты адправіліся падаваць свае дакументы. Сярод тых, хто ў першых радах адчыніў дзверы ВНУ, і ляхавічане.
Майстар-клас сёлета на ЦТ паказалі гімназісткі Кацярына Асіповіч і Кацярына Паўлоўская – тры сертыфікаты кожнай з іх маюць вынікі вышэй за 90 балаў. Але нагода ганарыцца сваімі выпускнікамі ёсць і ў іншых школ.

Кацярына Асіповіч.

Рускі варыянт

99 балаў па рускай мове, 96 па хіміі і 94 па біялогіі – такі вынік ЦТ у залатой медалісткі Кацярыны Асіповіч. Лічбы шыкоўныя – мара кожнага абітурыента.
Руская мова, прызнаецца Каця, ніколі
не выклікала цяжкасцяў. Можа таму, што заўсёды цікавілася правільнай пастаноўкай націску ў словах, вымаў-леннем і напісаннем. Для пашырэння слоўнікавага запасу шмат чытала: класіку, прыгоды, фантастыку. Па рускай мове пры падрыхтоўцы да ЦТ, акрамя школьнай праграмы, карыснымі былі заняткі на сайце Ru-Express. У 11-м класе мовай нейкі час займалася кожны дзень. Пэўна, таму варыянт на ЦТ не здаўся цяжкім.
Хіміі асаблівую ўвагу Каця пачала надаваць класа з сёмага. У выкананні заданняў ЦТ вельмі дапамог алімпіядны вопыт і ўдзел у абласных этапах, заняткі з рэпетытарам. На кантрольным тэсціраванні цяжкасць выклікала апошняя задача. Патраціла шмат часу, але рашэнне ніяк не знаходзілася. Таму 96 балаў вельмі абрадавалі.
Па біялогіі таксама займалася з рэпетытарам. І хаця заданні былі знаёмыя, трохі заблыталася ў адным з пытанняў, якое датычыла птушак.
З дзяўчынкай цікава размаўляць на розныя тэмы. Па натуры чалавек жыццярадасны, займаецца танцамі, гуляе ў шашкі-шахматы, любіць разгадваць розныя галаваломкі.
Каб атрымаць высокі бал, лічыць, патрэбны не толькі дапамога кампетэнтнага педагога, але і асабістае жаданне дасягнуць поспеху.
– Вучылася з задавальненнем. Старалася, каб не было прабелаў у школьнай праграме. Не абысціся без старання і ўседлівасці, – адзначае ўладальніца сертыфікатаў са значэннем 90 плюс.
Выбар прафесіі Каця зрабіла не сёння, і ён звязаны з лячэннем людзей – дакументы плануе падаваць менавіта ў медыцынскую ВНУ.

Кацярына Паўлоўская.

Зайздросны вынік

Выніку ЦТ гімназісткі Кацярыны Паўлоўскай пазайздросціць: па грамадазнаўстве 99 балаў, 95 па нямецкай мове і 96 па рускай. Як яго дасягнуць?
– Пры падрыхтоўцы да ЦТ па грамадазнаўстве, лічу, дастаткова школьнай праграмы. Я, напрыклад, вучыла матэрыялы з падручніка і рашала разнастайныя тэсты са спецыялізаваных дапаможнікаў, а яшчэ выконвала заданні сваёй настаўніцы. Але працаваць трэба не ад выпадку да выпадку, а ў сістэме. Тым больш што рэпетыцыйнае тэсціраванне не вельмі адрознівалася ад фінішнага, – разважае Каця.
З нямецкай мовай Каця сябруе з трэцяга класа. Яе некалі вывучала мама, і вырашыла прадоўжыць дачка. Так захапілася, што актыўна ўдзельнічала па прадмеце ў раённых і абласных алімпіядах. Пры падрыхтоўцы да ЦТ, адзначае, рабіла ўпор на веданне асноўных правілаў, вучыла граматыку і, каб добра перакладаць, папаўняла слоўнікавы запас.
Па рускай мове дзяўчынка займалася з рэпетытарам.
У суме з балам атэстата Каця набрала 382 балы – вынік дастойны. Сваё прафесійнае заўтра плануе звязаць з замежнымі мовамі. Адзначае, што хоча ў жыцці займацца тым, што ў яе лепш за ўсё атрымліваецца і падабаецца. А каб чагосьці дасягнуць, трэба добра папрацаваць. І да гэтага яна гатова.

Наталля Русакевіч.

Сіла беларускай  мовы

– Беларускую мову лічу самай мілагучнай і прыгожай, – дзеліцца выпускніца СШ № 1 Наталля Русакевіч.
Гучаннем мовы захапляецца з пачатковых класаў. Таму старанна вывучала і паглыбляла веды па прадмеце ў сярэдніх класах, а калі прыйшоў час выбіраць профіль, то перавагу аддала філалагічнаму. Відавочна, што адным з прадметаў, які здавала на ЦТ, была беларуская мова. Яна і прынесла Наталлі 99 балаў.
Дзяўчына добра ведае, што аддаліла яе ад запаветнай сотні: «вінавата» слова «вазелін», у якім дапусціла недарэчную памылку. Вынікам тэста дзяўчына задаволена і раіць усім на ЦТ здаваць беларускую мову – родная мова прыносіць удачу.
Наталля паглядзець свае балы папрасіла сястру, і тая з гонарам адрапартавала: 99. З перамогай шчыра віншавалі не толькі родныя, але і сябры.
Дакументы плануе падаваць на эканамічную спецыяльнасць і зробіць гэта з задавальненнем у бліжэйшыя дні.

Вольга Пляшко.


Дзякуючы беларускай мове, сертыфікат з 92 баламі зарабіла Вольга Пляшко – таксама выпускніца СШ № 1.
Дзяўчына адзначае, што беларуская мова давалася ёй лягчэй, чым руская. Два гады паглыблена вывучала ў профілі, а таксама займалася самастойна.
Рэпетыцыйнае тэсціраванне не прапускала – важна было не толькі паспрабаваць сілы, але і навучыцца запаўняць бланк. Прычым вынік рэпетыцыйнага тэсціравання быў ніжэй, чым ЦТ. Калі эсэмэска паведаміла пра бал, здзівілася і абрадавалася. Вольга марыць паступіць на факультэт права БДЭУ. На кагосьці вывучэнне законаў навявае сум, а юнай ляхавічанцы дастаўляе задавальненне.Таму сваё жыццё наша зямлячка плануе звязаць з вобласцю права. Няхай мара спраўдзіцца!

Аляксандр Русакевіч.

Адзін з першых

Пра дасягненні навучэнца Жарабковіцкай СШ імя М.Г. Мінкевіча Аляксандра Русакевіча не раз пісала раёнка. Саша неаднойчы адзначаўся ў алімпіядах, яго прозвішча гучала сярод пераможцаў навукова-практычнай канферэнцыі рэспубліканскага ўзроўню. Сёння чарговая нагода зноў пра яго расказаць. На гэты раз выпускнік школы адзначыўся на цэнтралізаваным тэсціраванні – здаў англійскую мову на 92 балы. Хто добра ведае Сашу, выніку не здзіўляецца – мэтанакіраваны, эрудыраваны, ініцыятыўны. Да ЦТ па англійскай мове рыхтаваўся паўтара гады з рэпетытарам. У параўнанні з аднакласнікамі, СМС з балам яму прыйшло на некалькі гадзін раней, і віншаванні ён атрымаў адным з першых.
Паступаць Саша плануе ў Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт на спецыяльнасць, звязаную з кітайскай мовай. Яму цікава і гісторыя гэтага народа, яго адкрыцці. А цяжкасці юнаку не страшныя – ён умее з імі спраўляцца і крочыць далей.

У гімназіі расказалі, што на 90 балаў ацэнены веды па беларускай мове ў Аліны Аліноўскай і Анастасіі Бузук. «ЛВ» шчыра віншуе выпускнікоў з паспяховым завяршэннем школьнага марафону і жадае выбраць прафесію па душы.
Калі вы зарабілі на ЦТ балы 90 плюс, паведамляйце ў рэдакцыю. Мы абавязкова пра гэта напішам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва герояў публікацыі.

Фота сертыфіката з сайта РІКВ