Спатканне назначае мядзведзіцкі арган

Мядзведзічы не перастаюць здзіўляць. Дакладней, касцёл Святых Пятра і Паўла, які напрыканцы чэрвеня запрасіў адчуць-паслухаць гучанне адрамантаванага аргана. А на мінулым тыдні мядзведзіцкая святыня стала месцам, дзе ладзілася летняя акадэмія трубы. Турыстычная прыцягальнасць гэтага месца спрацавала на выдатна: ляхавічане і не толькі прыехалі, каб атрымаць асалоду ад тонкага, мяккага, чысцейшага гучання нашага аргана.


У чацвер на каралі інструментаў саліравала адна з лепшых арганістак Беларусі Калініка Мядзведзева. Майстар-класы ўсім жадаючым музыкантам (дарэчы, прыехалі прадстаўнікі з розных гарадоў Беларусі) даваў магістрант Кракаўскай акадэміі музыкі Аляксандр Ахрэмка.
У першы дзень жніўня цудоўны тандэм трубы і аргана ў выкананні Аляксандра Ахрэмкі і Калінікі Мядзведзевай не пакінулі раўнадушнымі ніводнага прысутнага, як і выступленне арганісткі Лізаветы Марозавай.
Нядзеля таксама сабрала нашых землякоў і ўдзельнікаў летняй акадэміі трубы на неверагоднае гучанне аргана. І гэта было непаўторна. Прыемна ўсведамляць, што тут, на Ляхавіччыне, у нашых Мядзведзічах ёсць магчымасць атрымаць асалоду ад твораў сусветных класікаў, тут у дзясятку кіламетраў ад райцэнтра размясціўся ўнікальны і ў турыстычным, і ў мастацкім, і ў духоўным планах аб’ект. І гэта наша малая радзіма, пра якую яе жыхары заўсёды думаюць з любоўю і клопатам і пацвярджаюць гэта справамі.
Летняя акадэмія трубы прайшла пры падтрымцы Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла і Ляхавіцкага райвыканкама.

Святлана Юрлевіч, намеснік старшыні райвыканкама.