Падарожныя нататкі. Больш як тыдзень назад па Ляхавіччыне «пракаціўся» адукацыйны семінар

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Крыху больш як тыдзень назад па Ляхавіччыне «пракаціўся» адукацыйны семінар. Тэма – турызм з ухілам на такі яго складнік, як турызм унутраны. Як і Беларусь у цэлым, раён наш з’яўляецца гасціннай старонкай – заўсёды рады і ўмее сустрэць госця, мае што яму паказаць, аб чым расказаць, чым зацікавіць.

Ляхавічы-тур без купюр
Але ж адукацыйны семінар – тур асаблівы, з удзелам асаблівых жа гасцей. У меншай ступені турыстаў у класічным тлумачэнні гэтага слова, а прафесіяналаў турыстычнай і з ёй звязаных сфер дзейнасці: экскурсаводы, гіды-перакладчыкі, журналісты і фотажурналісты, інструктары-метадысты, індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя, для каго турызм – частка прафесіі. Вучоба прайшла пад патранатам Нацыянальнага агенцтва па турызме з наведваннем аб’ектаў турыстычнай і патэнцыяльна такой інфраструктуры не толькі Ляхавіччыны, але і Баранавіцкага раёна. Стаіць задача звязаць названыя тэрыторыі адзіным турмаршрутам. Як прагучала ў ходзе мерапрыемства, у першую чаргу, ён мог бы быць цікавым для падарожнікаў, якія перамяшчаюцца ў накірунку «ад сталіцы». Маршрут Мінск – Баранавічы – Брэст даўно правераны, рэгулярна пацвярджае сваю высокую папулярнасць. Пры гэтым Ляхавіцкі і Баранавіцкі раёны знаходзяцца ў некаторай аддаленасці ад гэтага вектара і, найчасцей, застаюцца па-за ўвагай падарожніка. Апошняму нічога б не каштавала крыху збочыць і далучыцца да багатай гісторыка-архітэктурнай і ландшафтнай спадчыны рэгіёнаў. Азнаёміцца з гісторыяй узнікнення, адчуць дух даўно мінулых часоў праз наведванне, напрыклад, культавых устаноў, родавых палацава-паркавых ансамбляў, якіх некалькі на ляхавіцкай зямлі.
Убачыць, у якой ступені апошнія могуць быць цікавы для патэнцыяльнага наведвальніка, наколькі гатовы сустрэць яго і паказаць сябе, з’яўлялася ці не загалоўнай мэтай удзельнікаў семінара.
Першым іх вітаў аграгарадок Дарава. Хлебам-соллю, як павінна, песнямі паказамі і расказамі. Для гасцей былі расчынены ўсе дзверы – хоць сэрцаў гаспадароў, хоць аб’ектаў, прапанаваных у якасці экскурсійных. Першым з такіх стаў Дараўскі Дом рамёстваў, адкуль наведвальнікі вынеслі спектр новых досведаў, эстэтычных уражанняў і падрыхтаваных спецыяльна пад мерапрыемства саламяных сувеніраў-абярэгаў. Далей на маршруце ва ўсёй сваёй велічы і святасці пачаргова вырасталі касцёл Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі, і царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Трансфер у вёску Флер’янова, і вось ён – экскурс у эпоху Бохвіцаў праз наведванне родавага палацава-паркавага ансамбля. Цікавы расказ, душэўна-артыстычнае тэатралізаванае прадстаўленне «Літаратурны салон – чытанні ХІХ стагоддзя «У Элізы Ажэшка». А вось і ён – дуб, які пісьменніца самаручна пасадзіла больш за стагоддзе назад.
Фінішнай кропкай ляхавіцкага тур-семінара стаў палацава-паркавы ансамбль-комплекс роду Рэйтанаў. У ансамблі «Грушаўка» ўжо некалькі месяцаў гаспадараць будаўнікі. Першыя плады-вынікі іх работы бачныя.
– Але гэта толькі першы штрых будучай, спадзяюся, вялікай і блізкай да аўтэнтычнасці архітэктурна-ландшафтнай карціны, – падзялілася адна з удзельніц семінара.
У стадыі аднаўлення знаходзіцца і капліца-ўсыпальня знакамітага роду. Каля яе старых сцен, пад ужо часткова адноўленым дахам (вынік работы рэстаўратараў) удзельнікаў адукацыйнага семінара-нарады чакаў урок гісторыі. Пераважна – у форме дыялога, насычаны адметнымі падрабязнасцямі. Арганізатары тура адразу папярэдзілі – чакаецца сюрпрыз. І ён-такі атрымаўся. А мяркуючы па шчырых апладысментах, прыйшоўся да сэрца, быў у тэму і абсалютна дарэчы. Гэта было сольнае выступленне «рыцара» з той далёкай эпохі.

Стол круглы, дыялог актуальны
Ён прайшоў у Ляхавічах пад «шыльдай» «Актуальныя пытанні і перспектывы развіцця турызму ў Ляхавіцкім і Баранавіцкім раёнах». Калі пакінуць за дужкамі падрабязнасці дыялога, канкрэтыку лічбаў і ацэнак, «мяккае» рэзюмэ магло б гучаць так: перспектывы ёсць, безумоўна, ёсць рэалізацыя, відавочны многія на ніве турызму здабыткі. Але і рухацца ёсць шмат куды.
У семінары прынялі ўдзел начальнік упраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Глушэня і намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Святлана Юрлевіч.

Іван КАВАЛЕНКА, фота аўтара.