«Дзякуй» ад прафсаюза. Адзначаць найбольш паспяховых на кожным з этапаў работ аграрыяў раёна – адна з добрых традыцый

Жніво – сельскагаспадарчая эпапея працягласцю ў некалькі тыдняў напружанай, з ранняга ранку да глыбокага вечара працы камбайнераў, вадзіцеляў, трактарыстаў, машыністаў сушыльна-ачышчальных комплексаў, работнікаў зернетакоў і многіх іншых, чый саюз – аграпрафсаюз.

Прафсаюзныя прызёры са «Шляху новага»: вадзіцель Мікалай Камінскі, камбайнеры Сяргей Скрунда і Дзмітрый Каласоўскі.

Сярод людзей  у гушчары  падзей

На жніўную хвалю работы Ляхавіцкая раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК пераходзіць яшчэ задоўга да пачатку сезона ўборкі збожжавых. Як адзначыла яе старшыня Ірына Чура, пытанні аховы працы, арганізацыі харчавання работнікаў ва ўмовах поля заўсёды знаходзяцца ў полі зроку галіновага прафсаюза. З выхадам гаспадарак на этап інтэнсіўнага камбайнавання збажыны ўвага ўзрастае, маніторынгі пачашчаюцца і становяцца больш мэтавымі. У прафсаюзных «засеках» таксама безліч добрых слоў, прыгожых віншаванняў і шчырых пажаданняў па адрасе галоўных герояў дня. Адзначаць найбольш паспяховых на кожным з этапаў работ аграрыяў раёна – адна з добрых традыцый.

Першае «прафсаюзнае» ўшанаванне перадавікоў нівы адбылося каля тыдня назад. Падзякі раённай арганізацыі прафсаюза АПК, «падмацаваныя» каштоўнымі падарункамі і віншаваннямі, атрымалі дзевяць чалавек – уладальнікі шэрага хлебаробскіх прафесій, адметныя сваім майстэрствам.

Іх хлеб – лён

Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя – адна з дзвюх нашых структур, спецыялізаваных на вытворчасці льну. З папраўкай, якая чытаецца з назвы, на тое, што прыярытэтным для яе з’яўляецца насенне. Яно тут на развод, а значыць, самых высокіх рэпрадукцыйных характарыстык, якаснае. Гектар, як правіла, ураджайны. А сёлета нават вельмі: па словах дырэктара Аляксея Раманава, значна перавышае аналагічны сярэднеабласны паказчык. Колькасць сабранага насення перавысіла ўжо арыенціровачна-прагнозныя 190 тон, якія ў якасці насеннага матэрыялу разыдуцца па льнаводчых гаспадарках краіны, а магчыма, трапяць і ў замежжа.
Прасаванне трасты пачалося каля тыдня назад і паказала, што вызначаныя для продажу на завод 1,2 тысячы тон будуць гарантавана сабраны.

Прыведзеная інфармацыя важна як з пункту гледжання ацэнкі работы ўсяго калектыву прадпрыемства, так і асобных яго прадстаўнікоў. Такім асобным, а, магчыма, і асаблівым для міжрайнасенстанцыі з’яўляецца Дзмітрый Арлоўскі. Механізатар-універсал: па ходзе сезона ён сее, ажыццяўляе догляд за пасевамі, заўсёды першы на церабленні льну. Параўнальна нядаўна свой рулонны прэс-падборшчык прычапіў да новага трактара. «Беларус» толькі з канвеера і, як адзначыў Аляксей Раманаў, пытання, каму даручыць дарагую тэхніку, не ўзнікала – лепшаму. Такім Дзмітрыя Іванавіча прызнаў і раённы прафсаюз АПК, з уручэннем «прызавога фонду», што належыць у такім выпадку.

Служэнне  ёй адной

Раніца камбайнера пачынаецца на мехдвары. І істотна раней, чым спадае раса і адкрываецца шлях на жніўнае поле. Да таго, як ступіць на яго колам, машына павінна быць абслужана, прайсці ранішні агляд, быць пратэсціраванай. Прафсаюзныя віншаванні экіпаж машыны палявой з ААТ «Шлях новы» ў складзе старшага камбайнера Сяргея Скрунды і камбайнера Дзмітрыя Каласоўскага «знайшлі» на мехдвары гаспадаркі. Тэхніка была гатова стартаваць, тандэм хлебаробаў чакаў «каманды» ад прыроды: раса з поля – камбайн у поле. У той дзень поле для камбайнераў і вадзіцеля МАЗа Мікалая Камінскага пачалося з віншаванняў з нагоды працоўнага поспеху, уручэння Падзякі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК і каштоўнага да яе дапаўнення. На рахунку аграрыяў – дзясяткі соцень тон намалочанага (перавезенага) збожжа, іх праца – прыклад служэння ёй адной – хлебнай ніве.

Экіпаж машыны палявой. І не толькі

Экіпаж з ДП «Нача» ў складзе старшага камбайнера Уладзіслава Купрыша і камбайнера Яўгенія Коктыша – маладзёжны. І малады ў плане сумеснай работы. Але пры-знанне іх вартымі Падзякі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, безумоўна, сведчыць пра працоўную сталасць як кожнага па сабе, так і ў складзе экіпажа. Ужо на той момант іх сезонны бункер важыў больш за паўтары тысячы тон зерня.

Яшчэ адзін начаўскі экіпаж прымаў у той дзень прафсаюзныя віншаванні. Ігар Дараневіч і Цімафей Янушкевіч заняты на дапрацоўцы зерня, якое паступае з поля на зерняток. Чым не экіпаж, тым больш, што паміж машыністамі КЗС-20 склалася поўнае паразуменне, вопытны Ігар дапамагае нядаўняму «дзембелю» Цімафею.
– Праз печ прапускалі толькі на самым пачатку ўборкі. Дзякуй гарачаму і сухому надвор’ю, апошнім часам КЗС працуе толькі на ачыстку – прасцей ужо. Ды і танней для гаспадаркі дастаецца хлеб, – адзначае Ігар.

Сіла зернятока

Сіла і збалансаванасць гэтай вельмі важнай адзінкі ў структуры сельгаспрадпрыемства, канеш- не ж, у людзях, якія там працуюць. Аляксандр Новік і Мікалай Грамак з ААТ «Жарабковічы» нясуць вахту ў якасці вадзіцеля і машыніста пагрузчыка, абслугоўваюць зернесушыльныя комплексы гаспадаркі. Дзень-ноч – графік іх работы. У той дзень Аляксандр быў «пасля ночы», віншаванні і заслужаную Падзяку атрымаў пазней. А вось Мікалая мы заспелі на працоўным месцы – у кабіне «маніту».

– Прыемны і хвалюючы момант – выязджаць у палі, на мехдвары, зернетакі з віншаваннямі ў адрас лепшых работнікаў. Працуем сумесна з нашымі «пярвічкамі» і ў бліжэйшы час дойдзем з віншаваннямі да ўсіх сельгасарганізацый раёна, – паабяцала Ірына Чура.

Ільнавод на ўсе рукі Дзмітрый Арлоўскі з ільнонасенстанцыі.
Ірына Чура з начаўскім маладзёжным экіпажам камбайнераў Уладзіславам Купрышам і Яўгеніем Коктышам (справа налева).

Машыністы КЗС-20 Ігар Дараневіч і Цімафей Янушкевіч з ДП «Нача».
Машыніст пагрузчыка Мікалай Грамак з ААТ «Жарабковічы».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.