Знайсці выхад з дурману

Пра гэта шмат гаворыцца, а яшчэ больш – робіцца. Рэйды, праверкі, прафілактычныя гутаркі, распаўсюджваюцца памяткі і плакаты… Яшчэ са школы нам кажуць пра тое, што наркотыкі – зло ў чыстым выглядзе. За лічаныя гады яны здольны прывесці да дэградацыі асобы чалавека. Наркотыкі даюць фальшывае ўяўленне пра шчасце. Штучная «радасць» замяняе сяброўства, каханне, сям’ю. Наркатычная залежнасць – прычына многіх захворванняў.

Кантроль за легальным і нелегальным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у раёне ажыццяўляе РАУС. Для стабілізацыі становішча ў сферы процідзеяння нарказлачыннасці і недапушчэнні распаўсюджвання наркаманіі ў раёне, пастаянна праводзяцца аналітычныя, арганізацыйныя, практычныя і прафілактычныя мерапрыемствы. У іх прымаюць удзел не толькі супрацоўнікі міліцыі. У барацьбу за здароўе ўключаны многія арганізацыі і службы.

Цяпер літаральна ў кожнага падлетка ў кішэні тэлефон са свабодным доступам у інтэрнэт. Знайсці любую інфармацыю можна адным націскам кнопкі або клікам камп’ютарнай мышкі. Але не ўся інфармацыя карысная. Распаўсюджвальнікі наркотыкаў ствараюць так званыя віртуальныя «наркамагазіны». Задача супрацоўнікаў міліцыі спыніць іх дзейнасць. Як паведаміў старшы оперупаўнаважаны РАУС Дзмітрый Котаў, супрацоўнікі міліцыі пастаянна вядуць працу з раней судзімымі грамадзянамі, якія могуць мець дачыненне да распаўсюджвання курыльных сумесяў «спайс» у маладзёжным асяроддзі і насення маку.

Сёлета ў раёне за першае паўгоддзе зарэгістравана адно злачынства па лініі наркакантролю: ляхавічанін з’явіўся на вуліцы ў «адурманеным» стане. Трое жыхароў райцэнтра былі затрыманы супрацоўнікамі Баранавіцкага ГАУС. У дачыненні да іх была заведзена крымінальная справа па частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў, або аналагаў.

Шанц для тых, хто спатыкнуўся

Як паведаміў галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч, на 1 ліпеня на наркалагічным уліку райбальніцы знаходзяцца шэсць чалавек. З іх чатыры – на дыспансерным уліку, два – на прафілактычным.

Сярод ахвяраў адурманьваючых прэпаратаў два хранічныя наркаманы, адзін чалавек ужывае таксічныя рэчывы сумесна з алкаголем, яшчэ адзін – з залежнасцю ад седатыўных рэчываў, таксікаман, яшчэ адзін заўважаны ў эпізадычным ужыванні канабіноідаў. Падлеткаў на ўсіх відах уліку няма.

Радуе, што за мінулы перыяд 2020 года новых выяўленых выпадкаў немедыцынскага ўжывання наркатычных, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў выяўлена не было.

Як адзначыў галоўны ўрач, праца вядзецца і на прафілактыку: штомесячныя гутаркі пры кожнай яўцы на дыспансернае назіранне, пры неабходнасці прызначаецца стацыянарнае лячэнне. Дарэчы, за шэсць месяцаў 2020 года стацыянарнае лячэнне ў аблбальніцы «Крывошын» прайшоў адзін пацыент.

Паклапаціцца пра кожнага

У любой жыццёвай сітуацыі чалавек можа разлічваць на дапамогу дзяржавы. У аснове сацыяльнай палітыкі нашай краіны – клопат пра кожнага. Не выключэнне і людзі, якія сталі заложнікамі згубнай звычкі або адбылі тэрмін у месцах пазбаўлення волі.

Як расказала начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзіяна Трысцень, па рашэнні райвыканкама ў 2020 годзе была зацверджана бронь на прыём на працу 15 асоб, якія адбылі пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. На 1 студзеня 2020 года на ўліку ў службе занятасці быў зарэгістраваны толькі адзін такі чалавек.

У студзені – чэрвені аказана дапамога ў працаўладкаванні чатыром грамадзянам, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі.

На ўліку ў Ляхавіцкім ТЦСАН стаяць тры чалавекі з наркалагічнай залежнасцю і тры – з таксікаманічнай. Усіх іх наведваюць супрацоўнікі цэнтра, абследуюць іх умовы жыцця, выяўляюць патрэбнасць у якой- небудзь дапамозе.

Яна аказваецца розная: праводзяцца кансультатыўныя гутаркі, псіхалагічная дапамога, выдаюцца памяткі аб сацыяльнай падтрымцы.
Сёлета Ляхавіцкая ЦРБ падала ў тэрытарыяльны цэнтр індывідуальную праграму па рэабілітацыі асобы, якая пакутуе ад нарказалежнасці.
У рамках праграмы з чалавекам была праведзена кансультатыўная гутарка і аказана гуманітарная дапамога ў выглядзе прадуктовага набору ад Ляхавіцкай раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа.

Ірына КУЗЬМІЧ.