Тэма Сусветнага дня абароны правоў спажыўцоў — спажывецкае правасуддзе

Усе мы, патэнцыяльныя пакупнікі, заказчыкі, карыстальнікі паслуг, павінны ведаць асноўныя «правілы гульні» для ўдзельнікаў грамадзянска-прававых адносін у сферах набыцця тавараў, аказання фінансавых, жыллёва-камунальных паслуг, паслуг сувязі, перавозак і г.д. Дата вырабу, тэрмін прыгоднасці, дастаўка, цэласнасць упакоўкі, адпаведнасць вазе, указанай на ярлыку, якасныя параметры — гэтая інфармацыя даступная для ўсіх і з’яўляецца асноўнай пры выбары пакупкі ці пры ацэнцы аказанай паслугі. Абавязкова трэба браць чэк. Калі, напрыклад, пры пакупцы на рынку абутку чэк не выдаюць і пры гэтым не тлумачаць прычыны, неабходна патрабаваць напісаць на каробцы рэквізіты індывідуальнага прадпрымальніка, прозвішча прадаўца, дату продажу. Згодна заканадаўства, прэтэнзіі па абутку (калі прысутнічае вытворчы брак) прымаюцца на працягу 2-х гадоў. Варта праверыць па выдадзеным чэку, які на ім прабіты тавар. Быў выпадак, калі пакупніца прыйшла дамоў і толькі тады заўважыла, што па чэку яна купіла некалькі пар дамашніх тапачак замест модных ботаў.
Калі ў магазіне адмовіліся выдаць кнігу заўваг і прапаноў, можна выклікаць міліцыю. Па такой жа схеме трэба дзейнічаць і на рынку, толькі спачатку звярнуцца да адміністрацыі рынку.
Як дзейнічаць, калі набыты пратэрмінаваны тавар? Прэтэнзіі па якасці можна накіроўваць на сайт Міністэрства аховы здароўя або ў абласны ці рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, у аддзел эканомікі райвыканкама. Тэрмін адказу на зварот — не больш як месяц. Нават калі скарга зарэгістравана праз інтэрнэт, пісьмовы адказ павінен быць дадзены ў тэрмін, устаноўлены законам.
У любым выпадку спачатку варта звярнуцца з прэтэнзіяй да прадаўца (вытворцы). Магчыма, праблемы будуць вырашаны па вуснай заяве. Згодна артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» грамадзянін, якому прададзены няякасны тавар, сам вырашае: замяніць тавар, суразмерна зменшыць яго пакупную цану, бясплатна адрамантаваць або кампенсаваць затраты на рамонт, вярнуць грошы. Акрамя таго, пакупнік мае права патрабаваць кампенсацыі страт з-за пакупкі няякаснага тавару.
Калі вынікі разгляду і прынятыя меры не задавальняюць спажыўца, яго правы абараняюцца ў дасудовым і судовым парадку. У дасудовым парадку можна звярнуцца ў дзяржаўныя органы або грамадскія аб’яднанні. Прычым, заканадаўства прадугледжвае, што першачаргова разглядаць зварот павінны мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія дзейнічаюць і размешчаны ў межах той адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, на тэрыторыі якой узніклі пытанні. Напрыклад, летась у Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь звярнуўся жыхар вёскі Русінавічы, якога не задавальняла якасць работ, выкананых індывідуальным прадпрымальнікам. Па даручэнні КДК заява разгледжана ў Ляхавіцкім райвыканкаме. Яшчэ адзін зварот быў пераадрасаваны з Баранавіцкага гарвыканкама. Непасрэдна ў райвыканкам летась паступілі яшчэ 2 заявы. У адной з іх жыхарка вёскі Задвор’е прасіла дапамогі ва ўрэгуляванні пытання паміж спажыўцом і прадаўцом тавара (набыла няякасны абутак). Ёй растлумачаны парадак вырашэння падобных пытанняў.
Калектыўны зварот ляхавічан датычыў устаноўкі прылаўкаў для гандлю на вуліцы Южакова. Зварот разгледжаны, пытанне вырашана станоўча.
Юлія ГЛОБУЗ,
галоўны спецыяліст
аддзела эканомікі
райвыканкама.

Фота з сайта http://weddingdata.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *