Дзень шчырых прызнанняў. У Ляхавічах напярэдадні прафесійнага свята ўшаноўвалі работнікаў сістэмы адукацыі раёна

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Ляхавіцкі ГДК у мінулую пятніцу нагадваў дом, дзе чакалі самых дарагіх і паважаных гасцей. Гімназісты яшчэ на ўваходзе стваралі віншавальную атмасферу – сустракалі з усмешкай і прыемнымі сюрпрызамі. У фае – шыкоўныя букеты, фотазоны, кампазіцыі – усё выканана крэатыўна і з густам. Гэта яны – работнікі дзіцячых садоў раёна, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў, выкладчыкі ЛДАКа ў кожную справу ўкладваюць душу, таму і атрымліваецца эксклюзіў.
Як заўсёды, святочны канцэрт і па арганізацыі, і па змесце – цудоўны, цікавы, класны!

З прафесійным святам педагогаў сардэчна віншавалі старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская. Лепшыя з лепшых адзначаны граматамі ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, райвыканкама і райсавета дэпутатаў, аддзела па адукацыі. Намеснік загадчыцы дзіцячага сада №1 Ірына Гусак
узнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Старшыня райкама галіновага прафсаюза Людміла Буцько ўручыла старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СШ №1 Таццяне Абражэвіч Падзяку Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Падзякай абкама прафсаюза ўзнагароджаны дырэктар Падлескага ВПК Уладзімір Рачкоўскі і настаўніца Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча Наталля Філіповіч.


Самы кранаючы і хвалюючы момант свята – ушаноўванне настаўнікаў-юбіляраў: зала апладзіруе стоячы. Паважаным калегам залатога ўзросту ад аддзела па адукацыі і райкама прафсаюза – падзякі і кветкі, падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Удзячнасць і прызнанне 80-гадовым імяніннікам: настаўніцы Федзюкоўскай СШ выдатніку адукацыі Але Калядзіч, Леакадзіі Шадура (Федзюкоўская СШ) і Ніне Беляновіч (Куршынавіцкая СШ). Ніна Аляксандраўна на свята прыйшла з мужам Уладзімірам Вікенцьевічам, які ў Куршынавіцкай СШ выкладаў фізіку, у свой час дырэктарстваваў. Разам Беляновічы крочаць па жыцці 58 гадоў.
Алена Таранда – ветэран Жарабковіцкай СШ, заслужаны настаўнік БССР – адзначыла 85-гадовы юбілей. Былой загадчыцы вучэбна-метадычнага кабінета выдатніку адукацыі Раісе Сініцы– споўнілася 90. Здароўя вам, паважаныя, і даўгалецця!
Феерверк эмоцый, прыемныя моманты падарылі нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні юных ляхавічан і настаўнікаў, а таксама песні і танцы ад творчых гасцей з Баранавічаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З узнагародай!

З нагоды прафесійнага свята шэраг педагогаў раёна адзначаны ўзнагародамі.
Граматай раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны:
за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме прафесійнай адукацыі, забеспячэнне высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна для аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь, значны асабісты ўклад у развіццё Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце адасобленага падраздзялення «Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж» УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» Ірына ПРЫСТУПА-ЮНІК;
за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, мэтанакіраваную работу па павышэнні якасці створаных умоў для адукацыйнага асяроддзя – начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта Святлана ЯКУБОЎСКАЯ.
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме прафесійнай адукацыі, забеспячэнне высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна для АПК і ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка – узнагароджана выкладчык дысцыплін спецыяльнага цыкла прафесійнага кампанента АП «Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж» УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» Ірына ДУБІКОЎСКАЯ.
Падзячным пісьмом раённага выканаўчага камітэта адзначаны:
за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме прафесійнай адукацыі, забеспячэнне высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна для АПК, значны асабісты ўклад у развіццё Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – метадыст ЛДАКа Наталля КІРМЕЛЬ, выкладчык дысцыплін агульнапрафесійнага цыкла ЛДАКа Жанна ДРЭНЧЫК;
за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, высокую працоўную дысцыпліну і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці – галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі раённага выканаўчага камітэта Таццяна ЗУБІК.
Падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў адрасаваны:
за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме прафесійнай адукацыі, забеспячэнне высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна для АПК і ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка – выкладчыку дысцыплін спецыяльнага цыкла агракаледжа Але ФІЛІЧКІНАЙ;
за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, высокі ўзровень арганізацыі адукацыйнага працэсу, актыўную мэтанакіраваную работу па павышэнні якасці навучання і выхавання навучэнцаў, актыўны ўдзел у грамадскім
жыцці – намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М. Г. Мінкевіча Вользе КАМЕЙША.