На «Белагра» – «Жарабковічы». З 29 верасня па 4 кастрычніка ў Мінску праходзіла ХХХ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Белагра-2020», пабывала там і Ляхавіцкая дэлегацыя

Як і папярэднія, выстаўка не абышлася без экспазіцыі Ляхавіцкага раёна. Сёлета яе прадстаўляла ААТ «Жарабковічы», дакладней, «кучаравае» падраздзяленне гаспадаркі.
Канюхоўскія бараны і авечкі камфортна размясціліся на спецыяльнай экспазіцыі дасягненняў айчыннай жывёлагадоўлі і птушкаводства па-суседску з такімі ж каларытнымі капытнымі, рагатымі, пушыстымі, крылатымі ўдзельнікамі, прывезенымі з розных сельгаспрадпрыемстваў з усёй краіны.
– У гэтым годзе выстаўлялі па адным прадстаўніку парод асканійскай, мерыналандшаф і прэкас. Інтарэс да іх адчуваўся немалы і з боку беларускіх аграрыяў, і замежных гасцей, у прыватнасці – з Расіі і Казахстана. Цікавіліся пародамі, як хутка растуць гэтыя жывёлы, рацыёнам іх кармлення, умовамі ўтрымання, – расказвае начальнік авечкафермы «Канюхі» ААТ «Жарабковічы» Рыгор Зубік.
Удзел у «Белагра-2020», якая была прымеркавана да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, узялі 360 кампаній, 30 з якіх прадстаўлялі прадукцыю замежных вытворцаў. Калі ўлічыць той факт, што пандэмія каранавіруса значна паўплывала на правядзенне разнастайных дзелавых форумаў, то такое прадстаўніцтва – паказчык важкі.
Каб набрацца вопыту, пазнаёміцца з навінкамі сельскагаспадарчай тэхнікі, харчовай і прамысловай прадукцыі, на выстаўку прыехала і дэлегацыя Ляхавіцкага раёна ў складзе кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістаў райсельгасхарчу.
Галіна КАНЬКО.