Прышчэпка як аргумент. У Ляхавіцкім раёне прышчапляюцца супраць грыпу

У нашай краіне сто добраахвотнікаў ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў прымаюць удзел у клінічных іспытах вакцыны расійскай вытворчасці супраць каранавіруса. І калі антыкавідная прышчэпка яшчэ толькі пачынае свой шлях, то яе «калега» супраць грыпу зарэкамендавала сябе як надзейны, клінічна даказаны, правераны гадамі і многімі людзьмі спосаб не падхапіць адну з самых небяспечных вострых рэспіраторных вірусных інфекцый – грып, які дае шмат ускладненняў.

Раней самым спрыяльным тэрмінам для вакцынацыі лічыўся канец кастрычніка – лістапад. цяпер, у сувязі з чарговым пад’ёмам захворвання COVID-19, медыкі пачалі прышчэпачную кампанію напачатку верасня, каб у людзей своечасова выпрацаваўся імунітэт да грыпу. Вакцына пачынае дзейнічаць праз 2-3 тыдні пасля ўвядзення і абараняе арганізм на працягу наступных 6-9 месяцаў.Для фарміравання паўнацэннага імунітэту прышчапіцца трэба, калі грып яшчэ не рэгіструецца. Так што цяпер самы час прайсці вакцынацыю. У Ляхавіцкім раёне гэта можна зрабіць не толькі ў медустановах, але і непасрэдна па месцы работы ці вучобы. Так, 2 кастрычніка брыгада медыкаў райбальніцы на чале з загадчыкам аддзялення ўрача агульнай практыкі Андрэем Пуцілавым правяла чарговы выязны дзень вакцынацыі, на гэты раз у будынку Дома Саветаў.
– Адназначна: прышчэпка супраць грыпу неабходна ўсім, асабліва людзям з хранічнымі захворваннямі. Вакцынаваны чалавек нават калі і захварэе, то ў больш лёгкай форме перанясе хваробу, ды і ступень ускладненняў будзе значна меншай. Усе работнікі Ляхавіцкай ЦРБ прышчапляюцца штогод. Хоць гэта вакцына і накіравана супраць канкрэтна грыпу, яна важная і ў плане абароны ад каранавіруса. Калі ў чалавека з’яўляюцца пэўныя сімптомы ВРВІ, урачы правяраюць, ці была вакцынацыя супраць грыпу, каб выпрацаваць далейшы алгарытм лячэння, – расказвае Андрэй Пуцілаў.
Медыкі ў масках, на руках пальчаткі, інструмент выключна аднаразовы – карціна звыклая для сённяшняй эпідэмічнай сітуацыі назіралася і ў адным з кабінетаў райвыканкама, дзе і праходзіла прышчэпачная кампанія. Усё для бяспекі тых, хто будзе прышчапляцца, і медработнікаў.
Каля сотні супрацоўнікаў розных службаў атрымалі ў гэты дзень прышчэпку супраць грыпу. Андрэй Пуцілаў адзначыў высокую актыўнасць грамадзян і добрую арганізацыю. Многія з тых, хто прыйшоў на вакцынацыю, падкрэслівалі: такі медыцынскі дэсант надзвычай зручны, з задавальненнем скарысталіся магчымасцю бясплатна (прышчэпка праводзіла-ся за кошт бюджэтных сродкаў) сказаць грыпу «не».
– Раблю такую прышчэпку пяты год запар. Таму не
толькі на грып, ВРІ амаль не хварэю, іншы раз і тое лёгка. Лічу, што гэта дзякуючы вакцыне. Зручна,што па месцы работы і для нас бясплатна, – гаворыць начальнік улікова-эканамічнага ўпраўлен-ня цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Алена Захаранка.
– Лічу прышчэпкі вельмі неабходным сродкам прафілактыкі розных хвароб. Як мама поўнасцю прытрымліваюся календара прышчэпак для дзяцей. Супраць грыпу раней не вакцынавалася. Сёлета ў сувязі з неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыяй вырашыла паспрабаваць. Такая прафілактыка лішняй не будзе, – далучаецца галоўны спецыяліст райсавета дэпутатаў Юлія Бацкалевіч.
Галоўны ўрач Ля- хавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч паведаміў, што за кошт бюджэту пры-шчапляюць расійскай вакцынай «Грыпол плюс». Як праінфармавалі ў райбальніцы, па стане на 2 кастрычніка, такую імунізацыю прайшлі ўжо 3172 землякі. Частко-ва вакцынацыя робіцца за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый. Актыўна ўключыліся ў гэты працэс КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», дзе прышчэплена 80 працэнтаў ад усіх працуючых, лясгас (палова работнікаў), пачалі атрымліваць прышчэпкі работнікі гандлёвых прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці.
Дарэчы, па інфарма-цыі Брэсцкага абласнога ЦГЭіГЗ, Ляхавіцкі раён адзін з некалькіх на Брэстчыне, дзе грама- дзяне найбольш актыўна прышчапляюцца. Сёлета запланавана прышчапіць 9898 чалавек – 40 пра- цэнтаў ад усяго насельніцтва.
Бясплатна вакцыну атрымліваюць тыя, хто ўваходзіць у групу рызыкі: дашкаляты, школьнікі, навучэнцы ЛДАКа, дарослыя з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм, парушэннямі функцый нырак, асобы старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, работнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, грамадскага харчавання, сферы абслугоўвання і інш.
Акрамя згаданых магчымасцей засцерагчыся ад вострых рэспіраторных інфекцый, ёсць яшчэ адна: прышчапіцца за ўласныя сродкі. Летась так зрабілі 25 землякоў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.