Дарожныя сэрвісмены. Калектыў ДРБУ-200 г. Ляхавічы адзначае прафесійнае свята

На апошнюю нядзелю кастрычніка ў Беларусі прыпадае Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Разам з калегамі яго будзе адзначаць і калектыў ДРБУ-200. Цяпер у дарожнай службе працуе 71 чалавек.

Сёння пад пільным наглядам ДРБУ-200 – 430 кіламетраў дарог на тэрыторыі Ляхавіччыны і 169 кіламетраў вуліц сельскіх населеных пунктаў. За кожным метрам – штодзённая напружаная праца людзей у спецадзенні сонечнага колеру. Нягледзячы на пастаянна ўзрастаючыя грузапатокі, яны робяць усё магчымае, а то і больш, каб у кожную пару года, пры любым надвор’і вадзіцелям і пасажырам быў гарантаваны камфортны і бяспечны праезд: узводзяць новыя шляхі, рамантуюць і падтрымліваюць у парадку дарожнае палатно і прылягаючыя да яго тэрыторыі, асфальтуюць, кладуць плітку.
Хаця мы іншы раз і любім наракаць на дарожнікаў, калі аўтамабіль раптоўна наязджае на якую-небудзь няроўнасць, але трэба ім аддаць належнае: з кожным годам сухапутныя артэрыі Ляхавіччыны становяцца лепшымі, больш зручнымі.
Прафесія дарожніка вызначаецца перш за ўсё напружанай працай, якая патрабуе фізічнай і эмацыянальнай самааддачы, часта даводзіцца дзейнічаць у складаных, здараецца, і экстрэмальных умовах (напрыклад, калі бушуюць ураганы ці завеі). І дапамагаюць у гэтым прафесіяналізм, вернасць справе, узаемадапамога і ўзаемавыручка.
– Фронт асноўных работ ранейшы – абслугоўванне дарог мясцовага значэння. Хачу сказаць дзякуй усяму калектыву: спрацавалі добра. Завяршылі асфальтаван-не 4,6 кіламетра дарогі Ляхавічы – Перахрэсце, 900 метраў дарогі Грушаўка – Пашкоўцы, вуліцы Савецкай у аграгарадку Падлессе, вуліцы Лермантава ў Флер’янове. Вядзецца заключны этап асфальтавання на двухкіламетровым участку ў вёсцы Рачканы. Вялікі аб’ём работ выкананы па добраўпарадкаванні вуліц Першамайскай і Мінскай у райцэнтры, якія абнаўляюцца сіламі нашай арганізацыі, – адзначае начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога.
Для Ігара Міхайлавіча арганізацыя, у літаральным сэнсе, – другі дом. Тут прайшло яго прафесійнае станаўленне ад вадзіцеля да кіраўніка. Каманду аднадумцаў падабраў такую ж: крэатыўную, энергічную, добрасумленную, накіраваную на поспех. Сярэдні ўзрост працуючых – 40 гадоў. Моладзь   «запальвае» на рабоце, не менш актыўная і ў грамадскім жыцці. Нягледзячы на ўзрост, дэманструюць прафесіяналізм майстры Яўгеній Занько і Іван Клявец, механік Павел Ешану, інжынер па арганізацыі і нарміраванні працы Алена Бурчыц, галоўны інжынер Вадзім Янкоўскі. Днямі партрэт начальніка планава-вытворчага аддзела Наталлі Гараховіч занесены на Дошку гонару Брэсцкага абласнога дарожна-будаўнічага ўпраўлення.
Але, як сцвярджае Ігар Пілінога, без вопытных і адказных ветэранаў арганізацыі было б цяжка. З 1984 года ў гэтай дарожнай арганізацыі прыкладам сумленных адносін да справы з’яўляецца інжынер-тэхнолаг Ніна Максімчык. І пасля выхаду на заслужаны адпачынак Ніна Сямёнаўна на пенсіі не засядзелася – ёй прапанавалі зноў выйсці на працу. Тысячы кіламетраў шляхоў-дарог на рахунку вопытнейшых, адказных вадзіцеляў-асаў Валерыя Кабельчука, Віктара Скрыцкага, Уладзіміра Казакевіча, Анатолія Жагуня, Дзмітрыя Багдановіча, якія кіруюць магутнымі МАЗамі.
Дарэчы, пра тэхніку, якой хапае, – яна таксама складнік тутэйшага поспеху. І ў бліжэйшы час у дарожным аўтапарку чакаецца чарговае папаўненне.
Яшчэ адна важная адметнасць Ляхавіцкага ДРБУ-200 – уласная вытворчасць. Шэсць гадоў назад тут уведзены ў эксплуатацыю міні-завод па выпуску бартавога камня і драбнаштучнай тратуарнай пліткі. Пакуль ён працуе каля пяці месяцаў у год пры плюсавой тэмпературы паветра. Прадукцыя выкарыстоўваецца не толькі для патрэб сваёй арганізацыі (напрыклад, менавіта яна ўпрыгожыла сёлета гарадскія вуліцы Першамайскую і Мінскую), чым спрыяе патанненню работ, але і паспяхова рэалізуецца на абласным рынку, дзе ДРБУ-200 трывала заняло сваю нішу. Так, нядаўна каля дзвюх тысяч квадратных метраў тратуарнай пліткі адправіліся ў Брэст, амаль столькі ж – у Ганцавічы. Прычым, на складзе тавару няма, адразу з канвеера – на продаж. У планах – работа завода і ў зімовы перыяд, што дасць магчымасць мець пэўны запас «сыравіны» для дарожнага добраўпарадкавання. Узначальвае гэта падраздзяленне Ларыса Прыхач. Добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі аператары Іван Рокач і Віктар Данішэўскі, фармоўшчык Вацлаў Пішч.
Ад добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў кожнага на замацаваным за ім участку залежаць не толькі поспех любога прадпрыемства, але і асабісты дабрабыт яго працаўнікоў. Ляхавіцкія дарожнікі гэта разумеюць і стараюцца працаваць вынікова, якасна і на вышэйшую адзнаку.
З прафесійным святам, шаноўныя дарожнікі!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога, галоўны бухгалтар Дар’я Місько, інжынер па арганізацыі і нарміраванні працы Алена Бурчыц, начальнік планава-вытворчага аддзела Наталля Гараховіч.
Майстар завода Ларыса Прыхач і работнікі гэтага падраздзялення.
Вадзіцелі МАЗаў Анатолій Жагунь, Віктар Скрыцкі, Уладзімір Казакевіч, Дзмітрый Багдановіч.
Вадзіцель Канстанцін Шыян.
Майстар Яўгеній Занько і дарожныя рабочыя.