Па сігнале трывогі спяшаецца ахова. 29 кастрычніка – Дзень работнікаў дэпартамента аховы МУС

Міліцыянеры-вадзіцелі групы затрымання Валерый Зуйкевіч і Мікалай Кандратчык.

Імчыць па райцэнтры аўтамабіль аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы МУС – дзесьці спрацавала сігналізацыя і можа быць учынена злачынства. Максімальны час прыбыцця на адрас SOS у горадзе – да сямі мінут, але спраўляюцца хутчэй. З пачатку года супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у Ляхавічах выявілі і спынілі больш за 150 парушэнняў. А гэта чыесьці захаваная ў парадку маёмасць, спакой і бяспека.

Задачы па забеспячэнні аховы маёмасці ўсіх формаў уласнасці, грамадскага парадку і іншыя калектыў падраздзялення выконвае добрасумленна і вахту сваю нясе кругласутачна. Сімвалічна, што на лагатыпе дэпартамента аховы красуецца сава – ніколі не дрэмлюць.
Тэрыторыя ўвагі Ляхавіцкага падраздзялення – 12 вартавых і міліцэйскіх пастоў; 32 аб’екты пультавай аховы (арганізацыі і прадпрыемствы), яшчэ плюс 84 абсталяваныя трывожнымі кнопкамі. Пад наглядам і 108 жылых памяшканняў, у 15 дамах і кватэрах маюцца трывожныя кнопкі.
Сёння аддзяленне па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы – гэта калектыў прафесіяналаў, у складзе якога не толькі 14 міліцыянераў, але і 24 вартаўнікі, тры манцёры, іншыя спецыялісты.
Больш за два дзесяцігоддзі ў ахове вядучы інжынер Алег Рушніцкі. Яго зона адказнасці – тэхнічны бок службы: манцёры ўстанаўліваюць прыборы, сігналізацыю на аб’ектах аховы, выконваюць іншыя абавязкі. Хутка арыентуецца ў экстрэмальнай сітуацыі і аператыўна прымае рашэнні міліцыянер аддзялення Валерый Зуйкевіч, стаж якога перавысіў 20 гадоў. Акрамя вопытных супрацоўнікаў на доб-рым рахунку і тыя, хто пакуль не мае вялікага паслужнога спісу. Сярод іх міліцыянеры страявога падраздзялення міліцыі Аляксандр Лапуноў і Іван Грыцкевіч, іншыя. Заваяваў аўтарытэт і павагу калег старшы інспектар групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы Дзмітрый Дуко.

Два гады ў штаце нямецкая аўчарка Лорд, які паспеў вызначыцца ў пошуку веласіпедаў, іншай маёмасці. Лорд – напарнік міліцыянера-кінолага Дзмітрыя Машэя, які навучыў сабаку з лёгкасцю браць любы след і бездакорна выконваць каманды.
– Кожны з супрацоўнікаў аддзялення па ахове аб’ектаў заслугоўвае самых добрых слоў за сваю працу. Спецыфіка работы абавязвае супрацоўнікаў пастаянна знаходзіцца ў гатоўнасці № 1.
Усе нясуць службу на выдатна і да выканання абавязкаў падыходзяць з поўнай адказнасцю, – адзначае начальнік аддзялення Аляксандр Хітрык.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.