Інавацыі як па масле. Летась на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» асвоілі выпуск сметанковага масла лінейкі вядомага брэнда «Прэзідэнт»

Летась на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» асвоілі выпуск сметанковага масла лінейкі вядомага брэнда «Прэзідэнт». А пакупніцкі попыт на гэты тавар узрастае: жаданы ён на стале беларусаў, адпраўляецца і ў Расію.

Галоўны інжынер Сяргей Страмавус,
інжынер-энергетык Ілья Кавальчук.

– Справа не толькі ў выдатнай рэцэптуры. Масла «Прэзідэнт», як і ўся наша заводская прадукцыя, выключна натуральнае, стараемся абыходзіцца без дабавак. Канешне, сваю ролю адыгрывае і прымальны кошт. Акрамя таго, прадпрыемства перапрацоўвае якасную сыравіну. Малако купляем не толькі ў сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна, але і за яго межамі, – расказвае галоўны інжынер малочнага завода Сяргей Страмавус.

Сяргей Леанідавіч якраз з катэгорыі тых, чыё прафесійнае станаўленне адбывалася менавіта на гэтым прадпрыемстве. Пачынаў тут з 2003 года ў якасці вядучага інжынера-энергетыка. А ў мінулым годзе быў назначаны галоўным інжынерам.

– Каб усё атрымлівалася, трэба працаваць, самаўдасканальвацца, пераймаць вопыт, вучыцца. Само па сабе нічога не прыйдзе. У нас пра-цуюць прафесіяналы сваёй справы, якім па сілах любая задача, – упэўнены Сяргей Страмавус.

Поспехі не нараджаюцца на пустым месцы. Закладзеная магутная база пашыраецца і ўдасканальваецца, у тым ліку і за кошт мадэрнізацыі. Напрыклад, зараз ідзе рэканструкцыя лініі па вытворчасці тварагу, што дазволіць у хуткай будучыні павялічыць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі і пашырыць асартымент. У бліжэйшых планах – запуск лініі «тэтрапак»: малако, кефір будуць разлівацца не ў поліэтыленавую ўпакоўку, а ў кардонную. Яшчэ адзін адметны момант: уся інавацыйная прадукцыя, што сёлета выпускаецца на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны, прыходзіцца менавіта на гэта прадпрыемства.

Як адзначае Сяргей Страмавус, адзін з асноўных накірункаў работы – павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, тым больш, што магутнасці завода дазваляюць перапрацоўваць значна больш сыравіны. Зараз з канвеера сыходзіць каля 40 разнастайных найменняў прадукцыі, ствараюцца новыя працоўныя месцы (толькі з пачатку гэтага года на 11 працэнтаў павялічылася колькасць завадчан).

Вадзіцель малакавоза Віталій Баўтрукевіч.

Значную ўвагу на прадпрыемстве надаюць пытанням экалогіі. У наступным годзе плануюць пачаць будаўніцтва ўласных ачышчальных збудаванняў.

Планаў наперадзе шмат. Але галоўнае – нашы людзі. Тое, што завадчане – гэта каманда, пацвердзіў час. Прычым каманда зладжаная, накіраваная на поспех, які магчымы толькі тады, калі кожны на сваім месцы працуе плённа, адказна, ініцыятыўна, – сцвярджае галоўны інжынер малочнага завода.