«Антывірусная» дапамога. Ляхавіцкая раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа аказвае «антывірусную» дапамогу ўжо не першы раз

Ляхавіцкая раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа аказвае «антывірусную» дапамогу ўжо не першы раз: у Ляхавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і райбальніцу дастаўляліся маскі, рэспіратары, бахілы, камбінезоны, пітная вада. Таксама валанцёры дастаўлялі прадукты і лекі пажылым людзям і інвалідам, аказвалі псіхалагічную дапамогу.

У гэты раз дапамога маючым патрэбу аказвалася ў выглядзе ваўчараў, харчовых і гігіенічных набораў.

Як расказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык, у рамках праекта «Беларусь: меры па рэагаванні на ўспышку covid-19» была аказана дапамога 11 шматдзетным сем’ям (у якіх выхоўваецца чацвёра і больш дзяцей і якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі) і двум інвалідам. Сем’і атрымалі па тры ваўчары кожны на суму 135 рублёў, адзінокія людзі – па адным. Іх можна атаварыць у магазінах сеткі «Еўраапт».

Яшчэ адзін праект, які паспяхова рэалізоўваецца ў нашым раёне, – «Беларускі Чырвоны Крыж: аказанне дапамогі сацыяльна неабароненым людзям». Пажылым людзям і інвалідам валанцёры перадалі дзесяць харчовых і пяць гігіенічных набораў.

– Мы аб’ядналі ўсе нашы рэсурсы, каб аказаць якасную дапамогу тым, хто мае патрэбу ў гэтым больш за ўсё. Гэта і медыкі, і сацыяльныя работнікі, пажылыя людзі і інваліды. Гэта было б немагчыма, каб не падтрымка нашай каманды, неабыякавых людзей, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Зараз важна, перш за ўсё, не панікаваць і аб’яднаць намаганні ў барацьбе з вірусам, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота з архіва Чырвонага Крыжа.