Жыллёва- бытавы акцэнт. У мінулую сераду ў грамадскай прыёмнай працаваў намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Надзвычай запатрабаваны ў насельніцтва разнастайныя дыялогавыя формы сувязі з уладай. Грамадскія  прыёмныя – таму пацвярджэнне. Сюды звяртаюцца грамадзяне, каб задаць пытанне па хвалюючых іх тэмах, а таксама ўнесці прапановы па змяненні ў Канстытуцыю краіны.
У мінулую сераду ў грамадскай прыёмнай працаваў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня.

– Чарговы прыёмны дзень паказаў, што нераўнадушных, актыўных, неабыякавых землякоў на Ляхавіччыне шмат. Прычым, хвалююць іх не толькі асабістыя, але і пытанні агульнай важнасці, тыя, якія датычацца не толькі сённяшняга дня, але і заўтра раёна, вобласці, краіны. У тым ліку акцэнтавалі ўвагу і на прапановах па змяненнях у Асноўны Закон краіны. Так, жыхар Куршынавічаў Валерый Ясевіч выказаў меркаванне, што сельскія Саветы дэпутатаў як органы мясцовага самакіравання сябе зжылі, – расказвае Андрэй Ляшчэня.
Таксама Валерый Ясевіч узняў тэму рамонту дарогі Гарадзішча – Куршынавічы – Ганцавічы. Намеснік старшыні райвыканкама патлумачыў, што ўжо адрамантаваны ўчастак азначанай дарогі. Што датычыць астатняй часткі, то вывучаецца магчымасць унесці яе рамонт у план на бліжэйшую пяцігодку.
Супрацоўніка РАНС, які днямі атрымаў ключы ад новенькай кватэры, хвалюе далейшы алгарытм дзеянняў, што яму падрабязна і растлумачылі падчас прыёму.
Ляхавічанка Марына Пятроўна пацікавілася, як можна зрабіць вонкавае ўцяпленне сваёй кватэры ў шматпавярховым доме. Андрэй Ляшчэня расказаў, што, у першую чаргу, неабходна звярнуцца ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», на чыім балансе знаходзіцца дом, і атрымаць дазвол на правядзенне такога кшталту работ. Потым уладальнік кватэры выбірае выканаўцу ўцяплення. Гэта можа быць камунгас ці іншая арганізацыя. Зразумела, што аплачвае ўсё заказчык.
Яшчэ адзін тэлефонны званок датычыўся забяспечанасці нашага горада дашкольнымі ўстановамі. У прыватнасці, неабыякавая зямлячка спытала, ці плануецца будаўніцтва пятага дзіцячага садка ў Ляхавічах, і ці будуць рэканструяваць дс № 2.
– Не толькі ў Ляхавічах, але і па ўсім раёне сёння дастаткова дашкольных устаноў, у нас няма чаргі на наведванне дзіцячых садкоў. Таму будаўніцтва яшчэ адной установы такога кшталту не плануецца. Што тычыцца рэканструкцыі дзіцячага сада № 2, то яна таксама не ў планах: тут створаны добрыя ўмовы і для маленькіх выхаванцаў, і для работнікаў, штогод праводзіцца касметычны рамонт. Так што неабходнасці ў рэканструкцыі няма, – адзначыў Андрэй Мікалаевіч.

У панядзелак, 30 лістапада, у грамадскай прыёмнай (кабінет № 202 райвыканкама) з 12 да 13 гадзін вас выслухае першы намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Пятроўна Рабцэвіч. У гэты ж час можна патэлефанаваць па нумары 6-05-65.

Галіна КАНЬКО.