«Міжнародная салідарнасць, агульная адказнасць». Пад такім дэвізам сёлета пройдзе Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Згодна са статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце больш за 38 мільёнаў ВІЧ-інфіцыраваных людзей. За апошнія 30 гадоў ад СНІДу памерлі каля 33 мільёнаў чалавек.
Па стане на 1 лістапада 2020 года ў Беларусі больш за 30 тысяч выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, колькасць асоб, якія жывуць з ВІЧ, склала 22759 чалавек. У Брэсцкай вобласці выяўлена 2326 выпадкаў, колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, – 1688.  З пачатку года выяўлена 105 новых выпадкаў, у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года назіраецца паніжэнне захворвання на чвэрць. У Ляхавіцкім раёне зарэгістравана 16 выпадкаў  ВІЧ-інфекцыі. З іх 12 чалавек у вёсках, чатыры – у райцэнтры.
У структуры шляхоў перадачы ВІЧ дамінуюць палавы і парэнтэральны (пры ін’екцыйным увядзенні наркотыкаў). Заражэнне часта звязана са знаходжаннем за межамі Рэспублікі Беларусь (са 105 выяўленых сёлета выпадкаў у Брэсцкай вобласці – 15).
За апошнія дзесяць гадоў найбольшая колькасць новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі па вобласці выяўлялася ў асоб ва ўзросце старэй за 30 гадоў.
Усяго ў вобласці нарадзілася 291 дзіця ад ВІЧ-інфіцыраваных маці, у тым ліку за дзесяць месяцаў 2020 года – 15 дзяцей. Дыягназ «ВІЧ-інфекцыя» ўстаноўлены 24 дзецям.
Важным у прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі з’яўляецца своечасовае тэсціраванне, бо ранняя дыягностыка садзейнічае больш эфектыўнаму лячэнню, павышэнню якасці жыцця людзей, якія жывуць з ВІЧ і памяншэнню рызыкі перадачы інфекцыі іншым людзям. У аптэчнай сетцы РУП «Фармацыя» рэалізуюцца наборы «Мульты-тэст» для правядзення самастойнага экспрэс-аналізу на ВІЧ па сліне.
Васілій СКАРАХОД,  урач-эпідэміёлаг.