Засвяціцца на дарозе. Для пешаходаў і веласіпедыстаў быць бачнымі на праезнай частцы – жыццёва важна

Быць пешаходам – не толькі мець правы, у наяўнасці яшчэ і абавязкі. Перад тым, як пераходзіць праезную частку, неабходна спыніцца на краі тратуара і паглядзець па баках (злева і справа), пераканацца, што транспарт перастаў рухацца. Варта памятаць, што на «зебры» не трэба спыняцца і размаўляць па тэлефоне, а пераходзіць праезную частку хутка і ўважліва. Асаблівая асцярожнасць патрабуецца пры пераходзе дарогі ў цёмны час сутак і ва ўмовах недастатковай бачнасці. Абазначце сябе святлоадбівальным элементам. Ідзяце з малымі дзецьмі – моцна трымайце іх за рукі. Растлумачце, што на дарозе нельга гуляць, бегаць і штурхацца.

Парушэнне правілаў праезду пешаходнага пераходу займае лідзіруючыя пазіцыі сярод прычын ДТЗ. Аналіз аварый паказаў, што вінаватымі часцей бываюць мужчыны-вадзіцелі ва ўзросце ад 30 да 65 гадоў. Не варта спадзявацца, што вадзіцель усё бачыць і чуе, неабходна пераканацца ў сваім бяспечным выхадзе на праезную частку.
У зоне рызыкі і веласіпедысты. З пачатку года на тэрыторыі вобласці з іх удзелам адбылося паўсотні ДТЗ, у выніку якіх дзевяць чалавек загінулі, 41 атрымаў траўмы рознай ступені цяжкасці. У сямі выпадках пацярпелі дзеці. Кожнае другое здарэнне адбылося па віне веласіпедыстаў, дзевяць з іх кіравалі двухколавым у нецвярозым стане. Аматарам велапаездак варта запомніць, што рухацца неабходна па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод для бяспекі іншых. Пры адсутнасці пералічаных элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх, дапускаецца перамяшчэнне па праезнай частцы дарогі ў адзін рад не далей за адзін метр ад яе правага краю.
Пры паездцы ў цёмны час сутак ці ва ўмовах недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны спераду – фара ці ліхтар, які свеціць белым святлом, ззаду – ліхтар з чырвоным святлом, а для абазначэння самога веласіпедыста неабходна апрануць камізэльку павышанай бачнасці.

Аляксандр АНІКЕВІЧ, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.

З 26 па 30 лістапада АДАІ Ляхавіцкага РАУС правяло комплекс мерапрыемстваў па прафілактыцы ДТЗ. Мэта – чарговы раз звярнуць пільную ўвагу веласіпедыстаў, пешаходаў і іншых удзельнікаў дарожнага руху на неабходнасць выканання ПДР і выкарыстання ў цёмны час сутак флікераў. За пяць дзён міліцыя выявіла 45 фактаў парушэння, у дзевяці выпадках пешаходы і веласіпедысты былі нецвярозыя. 14 чалавек не абазначылі сябе святлоадбівальнымі элементамі. Дарэчы, іх супрацоўнікі АДАІ падчас акцыі раздавалі ўсім удзельнікам дарожнага руху.