Без білета і без маскі праезд забаронены. Размова пра абавязковы масачны рэжым

Звычайны рэйс аўтобуса па гарадскім маршруце. Вадзіцель даволі часта аб’яўляе пра неабходнасць пасажырам насіць маскі. На прыпынку ў аўтобус заходзіць рэйдавая група, што правярае захаванне масачнага рэжыму. Адзін з пасажыраў з яўнымі прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі без маскі і адмаўляецца яе надзяваць. У выніку аўтобус адпраўляецца на дадатковую дэзынфекцыю, а за пасажырамі прыязджае рэзервовы. Той, хто адмовіўся ад неабходнай меры прафілактыкі, вымушаны быў далей перамяшчацца пешшу. Патрабаванне насіць маску ў грамадскіх месцах, у тым ліку на транспарце, не абмяркоўваецца.

– На транспарце прыняты неабходныя меры па выкананні санітарна-эпідэмічных мерапрыемстваў. Усе нашы касіры забяспечаны маскамі і антысептыкамі за кошт аўтапарка. У зале чакання, санітарных пакоях устаноўлены антысептыкі для апрацоўкі рук наведвальнікаў. Раз у дзень праводзіцца дэзынфекцыя вадзіцельскага пакоя, дыспетчарскай, залы чакання. Рэйсавыя аўтобусы дэзынфіцыруюцца двойчы на дзень згодна з графікам. Вадзіцель пастаянна нагадвае пасажырам пра неабходнасць надзець маску і не здымаць на працягу ўсёй паездкі. Такое ж патрабаванне нагадвае кантралёр ці кандуктар. Усе пасажыры ў зале чакання таксама павінны быць у масках, – расказвае намеснік начальніка аб’яднанага аўтавакзала горада Баранавічы і аўтастанцыі горада Ляхавічы Уладзімір Пятроўскі.
Кліентаў і пасажыраў без масак не абслугоўваюць, распаўсюджваецца такое патрабаванне і на продаж білетаў. Уладзімір Пятроўскі адзначае: яшчэ на пачатку ўвядзення масачнага рэжыму некаторыя пасажыры без маскі абураліся наконт таго, што ім не прадаюць білеты. Аднак касіры цвёрда стаялі на сваім: ніхто не хоча плаціць штраф за абыякавасць іншых. Тым больш што няма ніякай праблемы з набыццём гэтага абавязковага прафілактычнага аксесуара. Купіць маску без праблем можна ў буфеце і аптэцы, якія знаходзяцца ў будынку аўтастанцыі.
За захаваннем рэжыму ў грамадскіх месцах (транспарт не выключэнне) сочаць супрацоўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы, кіраўніцтва ўстаноў і арганізацый. Менавіта кіраўнікі арганізацый нясуць адказнасць за выкананне санітарных нормаў. Магчыма, з часам адказнасць за парушэнне масачнага рэжыму будзе распаўсюджвацца і на насельніцтва. А пакуль карыстайцеся маскамі, каб зберагчы сябе і іншых ад інфекцыі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.