Настрой супраць «кароны»

Сусветная арганізацыя аховы здароўя выпусціла абноўленае кіраўніцтва па выкарыстанні медыцынскіх масак падчас распаўсюджання каранавіруса.

У прыватнасці, адзначаецца, што неабходна насіць маскі не толькі ў памяшканнях, на рабочых месцах, у магазінах, установах аховы здароўя, грамадскім транспарце, але  і там, дзе немагчыма захоўваць дыстанцыю як мінімум метр. Медыкі раяць: калі памяшканне не праветрываецца належным чынам, маску неабходна насіць у незалежнасці ад магчымасці дыстанцыравацца ад іншых людзей. Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на дарослых і дзяцей, старэйшых за  12 гадоў, а вось дзецям да пяці гадоў маска не рэкамендавана.
Пасля ўвядзення масачнага рэжыму ў нашай краіне гэты аксесуар стаў абавязковым – як самы дзейсны метад прафілактыкі распаўсюджання COVID-19.

– Першая хваля пандэміі паказала, а другая пацвярджае: ад каранавіруса ніхто не застрахаваны. Няма ніякіх скідак на маладосць, імунітэт, здаровы лад жыцця і шмат чаго іншага, што можа лічыцца мерай папярэджання ад іншых інфекцый. Калі размова ідзе пра каранавірус, то ў зоне рызыкі ўсе. Аднак, мінімізаваць працэнт заражэння, канешне ж, можна і неабходна. І гэта таксама важна, бо цячэнне хваробы ў пэўнай ступені залежыць ад дозы атрыманай інфекцыі. Прасцей кажучы, чым больш і часцей вы кантактуеце з інфіцыраваным, тым больш цяжкімі могуць быць наступствы хваробы. Так што патрабаванне насіць маску не абмяркоўваецца, пакуль больш дзейснай меры супрацьстаяць COVID-19 не прыдумана. Акрамя таго, абавязкова мыйце рукі з мылам ці апрацоўвайце антысептыкам, – адзначае галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.
Яшчэ адна адметнасць кавіда ў тым, што людзі з некаторымі хранічнымі хваробамі накшталт сардэчна-сасудзістых, цукровага дыябету, анкалогіі, а таксама тыя, хто пакутуе атлусценнем, са слабым імунітэтам маюць яшчэ вышэйшы працэнт стаць ахвярай каранавіруса.
– Любая хранічная хвароба ў камплекце з COVID-19 – гэта двайны ўдар па арганізму. Напрыклад, імунная, эндакрынная сістэмы тых пацыентаў, якія маюць лішнюю вагу, спрабуюць змагацца з лішкамі тлушчу, таму яны пакутуюць і становяцца слабымі і не могуць у поўнай меры супрацьстаяць вірусу.
Вось чаму важна кантраляваць масу цела і сачыць за сваім рацыёнам харчавання, – гаворыць загадчык аддзялення агульнай урачэбнай практыкі паліклінікі Андрэй Пуцілаў.
Медыкі сцвярджаюць, што лячыцца ад каранавіруса хворым, якія маюць спадарожныя паталогіі, складаней, але ўсё ж і такім пацыентам рэальна вырвацца з абдымкаў інфекцыі. Для гэтага важна не займацца самалячэннем, выконваць меры прафілактыкі, пры першых сімптомах хваробы звяртацца за кваліфікаванай медыцынскай дапамогай. І калі рэкамендавана шпіталізацыя, то ні ў якім разе не геройстваваць, а адпраўляцца лячыцца ў стацыянар. Спецыялісты раяць не спыняць прыём раней прызначаных лякарстваў для лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі, ішэмічнай хваробы сэрца, цукровага дыябету. Таксама людзям з дыябетам неабходна пастаянна кантраляваць узровень глюкозы ў крыві і прытрымлівацца дыеты. Пацыентам з анкалогіяй варта да мінімуму скараціць выхады з дому.
Не варта самім пачынаць прыём супрацьвірусных, антыбактэрыяльных і супрацьзапаленчых прэпаратаў, якія замест лячэння могуць нанесці шкоду, іншы раз непапраўную, для ўсяго арганізма. Лепш дапоўніце свой рацыён дадатковымі порцыямі фруктаў, агародніны, піце больш вады, не забывайце пра паўнацэнны сон.
Ляхавіцкія медыкі аператыўна і вынікова рэагуюць на ўсплёскі актыўнасці каранавіруса. Як толькі была адзначана павышаная колькасць пацыентаў на прыёме ў так званай чырвонай зоне паліклінікі, кіраўніцтва ЦРБ прыняло рашэнне дабавіць на прыём яшчэ аднаго ўрача. Цяпер у першую змену паток у чырвонай зоне дзеліцца на тры чаргі – менавіта столькі ўрачоў вядуць прыём хворых.
– Асабліва напружаная па колькасці пацыентаў першая палова дня панядзелка і пятніцы. Хачу заклікаць шаноўных землякоў не імкнуцца трапіць на прыём з самай раніцы. Не варта турбавацца, што вас не прымуць у другой палове  дня – абавязкова прымуць, ды і людзей пасля 12 гадзін, як  паказвае практыка, звычайна менш. І не забывайце пра кантактны нумар кол-цэнтра 6-39-03, патэлефанаваўшы на які можна ўдакладніць многія пытанні, што датычацца каранавіруснай інфекцыі, і для ўзгаднення парадку атрымання кваліфікаванай меддапамогі, – удакладняе загадчык паліклінікі Анатолій Панько.
Акрамя таго, што вядзецца паліклінічны прыём пацыентаў з сімптомамі віруснай інфекцыі, таксама прыём арганізаваны ў амбулаторыях урача агульнай практыкі, на дом выязджаюць пяць медыцынскіх брыгад – кантакт-групы. Гэта ўсё амбулаторнае лячэнне. А што ж стацыянар?
– Перш за ўсё хачу супакоіць: сітуацыя пад кантролем. Няма прычыны хвалявацца і верыць розным чуткам. На даны момант дастаткова месцаў для лячэння пацыентаў у стацыянары – запоўнена толькі палова ложкаў, адведзеных для лячэння пацыентаў з віруснай інфекцыяй. Непасрэдна ў стацыянары знаходзяцца тыя хворыя з віруснай пнеўманіяй, каму патрабуецца інтэнсіўная тэрапія ў кругласутачным рэжыме, у тым ліку з падачай кіслароду. У выключных выпадках пераводзім пацыента на апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, – тлумачыць Георгій Хлябовіч.
Таксама ён адзначае, што ў райбальніцы дастатковы арсенал, каб змагацца з каранавірусам і паспяхова лячыць хворых.
У належнай колькасці – сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў, лякарствы, ложка-месцы, кропкі для падачы кіслароду, АШВЛ і іншае.
– Самае галоўнае, беражыце сябе. Памятайце, што не толькі
дзейсная прафілактыка, своечасовая дапамога і прафесіяналізм медыкаў, але і ваш асабісты настрой, аптымізм дапамогуць вый-
граць нават самую складаную бітву з каварным вірусам. Будзьце здаровыя, – зазначае Георгій Хлябовіч.

Галіна КАНЬКО.