Спявае «МелаДар». Паўтара года назад на творчай карце Ляхавіччыны ў Дараўскім СДК з’явілася вакальная студыя «МелаДар»

Паўтара года назад на творчай карце Ляхавіччыны ў Дараўскім СДК з’явілася вакальная студыя «МелаДар». Самадзейныя артысты з задавальненнем выконваюць як народныя, так і эстрадныя песні, сола і а капэла. І атрымліваецца ў іх гэта цудоўна. Шматлікія ўзнагароды таму пацвярджэнне. Кіруе калектывам Алеся Камская. Яна, дарэчы, навучэнка трэцяга курса Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа, атрымлівае спецыяльнасць «дырыжыраванне (народны хор)». Наша зямлячка валодае выдатнымі вакальнымі данымі, іграе на фартэпіяна і пакарае гітару.

– З-за каранавіруса выступленняў стала менш, таму вырашылі перайсці на фармат анлайн-конкурсаў. Здымаем відэа выступленняў і адпраўляем на суд журы. Заяўляем пра сябе не толькі ў нашай краіне, завочна прэзентуем творчыя ўменні і па-за яе межамі, – расказвае Алеся Камская.
Так, на адкрытым усерасійскім фестывалі-конкурсе нацыянальных культур «Восень залатая-2020» у намінацыі «народны вакал» ва ўзроставай катэгорыі 14-18 гадоў заваявалі дыплом лаўрэата III ступені. За ўклад у развіццё і выяўленне творчага патэнцыялу падлеткаў і моладзі, любоў да мастацтва Алеся Камская адзначана падзякай гэтага конкурсу.
Трохі раней «МелаДар» заслужыў дыплом лаўрэата I ступені гарадскога фестывалю-конкурсу «Мікола Вешні», які праводзіўся ў Новасібірску. І такіх дасягненняў у вакальнай групы многа.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.