Уменне дапамагаць. Днямі аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН адзначыла дзесяцігоддзе

Днямі аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН адзначыла дзесяцігоддзе. За гэты час яно стала месцам жаданых сустрэч для землякоў, якія сваім ладам жыцця і творчымі здольнасцямі абвяргаюць меркаванне пра абмежаваныя магчымасці.

Спецыялісты аддзялення арганізавалі для сваіх падапечных сапраўднае свята з выкананнем належных мер прафілактыкі: былі і ўрачыстая частка, і конкурсы, і фотамоманты, і, канешне, салодкі стол.

Як расказала загадчыца аддзялення Святлана Несцяровіч, на дзень нараджэння кожны з 22 наведвальнікаў атрымаў зарад станоўчых эмоцый і добры настрой. А яшчэ, дзякуючы падтрымцы індывідуальных прадпрымальнікаў, цудоўныя падарункі. Адзенне і абутак, канцылярыю, бытавую хімію – спонсарскую дапамогу супрацоўнікі ўстановы-юбіляркі перадалі сваім пастаянным падапечным-сябрам.

Свята атрымалася! Калектыў аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН шчыра ўдзячны прадпрымальнікам за добрыя сэрцы. А сваё прызнанне гэтым нераўнадушным людзям абазначылі яркімі наклейкамі на гандлёвых аб’ектах.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.