Стаматалагічныя паслугі сталі больш даступнымі для ўсіх жыхароў Ляхавіччыны

Парада ад Галіны ШЭЙКА: — Хачу пажадаць усім землякам жыць у гармоніі з сабою, з думкамі, эмоцыямі, жаданнямі. Адносіцца да іншых так, як хацелася б, каб яны ставіліся да цябе. І тады душэўнае здароўе абавязкова толькі станоўча паўплывае і на фізічнае. А здароўе, як вядома, галоўнае багацце.

Многія памятаюць той час, калі запісацца на прыём да стаматолага было надзвычай складана: амаль з 6 гадзін раніцы займалі чаргу каля зачыненых дзвярэй паліклінікі, а потым яшчэ гадзіну чакалі запаветнага талончыка каля рэгістратуры. Цяпер такая праблема адсутнічае. І ў многім дзякуючы індывідуальным прадпрымальнікам — урачам-стаматолагам, якія арганізавалі сваю справу. Сёння на медыцынскай прасторы Ляхавіччыны іх трое — Алена Лобан, Галіна Шэйка і Галіна Папок. Кожная, без перабольшвання, супер-профі.

Прыйшоўшы аднойчы на прыём да любога са згаданых стаматолагаў, становішся пастаянным пацыентам і ад душы рэкамендуеш менавіта яго сваім родным, сябрам, знаёмым. Акрамя іншага, зменшылася нагрузка на калег з паліклінікі. А, значыць, стаматалагічныя паслугі сталі больш даступнымі для ўсіх жыхароў Ляхавіччыны.
Некалі вялікай праблемай для ляхавічан было трапіць у паліклініцы на прыём да Алены Лобан. Што і казаць, лячыла яна па-майстэрску, а выдаляла хворы зуб ці карэньчык так, што нават войкнуць не паспееш. Адпрацаваўшы больш як паўтара дзесяцігоддзі, менавіта Алена Іванаўна першай у раёне рызыкнула адкрыць прыватны стаматалагічны кабінет — у 2003 годзе зарэгістравалася як ІП па аказанні тэрапеўтычных паслуг у стаматалогіі. Цяжка падлічыць, колькім землякам за гэты час яна вярнула прыгожыя ўсмешкі. Многія прыходзяць да стаматолога Лобан не толькі за лячэннем, але і за кансультацыяй, прафілактычнымі парадамі.

Парада ад Алены ЛОБАН: — У мяне ёсць фірменны рэцэпт, як без усялякай хіміі адбеліць зубы. Паспрабуйце чысціць зубы не навамоднымі і разрэкламаванымі пастамі, а настоем маладога бярозавага лісця: невялікую жменьку заліце шклянкай кіпеню, дайце настояцца 10 мінут і выкарыстоўвайце замест зубной пасты. Беласнежная ўсмешка гарантавана!

— Самае галоўнае, каб пацыент давяраў урачу, толькі тады лячэнне будзе паспяховым. Таму да кожнага наведвальніка імкнуся знайсці падыход: кагосьці трэба супакоіць, іншага — падбадзёрыць ці ўгаварыць крыху пацярпець, але ўвага і шчырасць патрэбны ўсім.
У стаматалагічным кабінеце «Жамчужына» па вуліцы Дзесюкевіча не зачыняюцца дзверы і не змаўкае тэлефон. Трапіць на прыём да вопытнага стаматолага Галіны Шэйка, якая ў прафесіі з 1987 года, — не толькі гарантыя паспяховага лячэння, але і справа прэстыжу. Галіна Вітальеўна віртуозна валодае стаматалагічнай устаноўкай, пры лячэнні яе рухі лёгкія, нібы паветра. Таму ў стаматалагічным крэсле расслабляешся і забываеш, што сюды прыйшоў лячыць зубы.
Нельга дапамагаць людзям, у тым ліку ў такой далікатнай справе, як лячэнне зубоў, без любві да работы, якую выконваеш. Безумоўна, прыемна, калі пасля лячэння пацыент гаворыць: дзякуй, зусім не страшна, дарма баяўся, — адзначае Галіна Шэйка.
Яшчэ адна выпускніца Мінскага медінстытута Галіна Папок працуе стаматолагам на Ляхавіччыне з 1986 года.

Парада ад Галіны ПАПОК: — Чысціць зубы неабходна хаця б 2 разы на дзень. Але не забывайце пра паласканне ротавой поласці — гэтым вы засцеражаце ад хвароб не толькі зубы, але і дзясны. Для паласкання раю выкарыстоўваць спецыяльныя ласьёны знакамітай фірмы "Калгейт".

Гэта да яе з усяго свету-павету ў Жарабковічы прыязджалі лячыць зубы. Слава пра добрага доктара ішла далёка за межамі нашага раёна. Галіна Васільеўна пастаянна ўдасканальвалася ў прафесіі. Без асаблівай цяжкасці асвоіла яшчэ адну спецыяльнасць — пратэзаванне. Раней працавала выключна на Жарабковіцкім ФАПе. Цяпер трапіць на прыём да Галіны Папок можна ў Ляхавічах. Чацвёрты год яна працуе ва ўласным стаматалагічным кабінеце, і абсалютная большасць пацыентаў — пастаянныя.
— Неабходна стварыць такую атмасферу, каб чалавек у стаматалагічным крэсле адчуваў сябе спакойна і камфортна, як пры візіце да цырульніка. Тады ён забудзецца пра страх, атрымае ад лячэння станоўчыя эмоцыі. Такое магчыма і ў стаматалогіі, — зазначае Галіна Папок.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Стаматалагічныя паслугі сталі больш даступнымі для ўсіх жыхароў Ляхавіччыны

  • 17/04/2013 в 19:38
    Permalink

    Согласна, што частные стомотологические кабинеты в прямом смысле спасают здоровье зубов многих наших земляков. тем более там работают настоящие профи. Вот бы ещё в ляховичах появился частый ЛЛОР-врач, невропотолог (правда яго даже в поликлинике нет) и гинеколог.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *