Как в Ляховичском районе прошли выходные дни?


Карціна выхадных, на якія адправіліся , як кажуць, яшчэ ў 2020 годзе, а выйшлі ў 2021, выглядае на Ляхавіччыне ў танах не яркіх, але і не надта цьмяных.
У раёне электрасетак, газавай і камунальнай службах адзначылі, што першыя дні студзеня выдаліся адносна спакойнымі, аварыйных выклікаў не зарэгістравана.
У цэнтр аператыўнага кіравання РАНС 1 студзеня патэлефанавала ляхавічанка, якая папрасіла дапамогі. Яна не магла выйсці з кватэры, бо заклініла замок, у якім зламаўся ключ. Выратавальнікі бліскуча справіліся з праблемай.
Ва ўзмоцненым рэжыме неслі службу супрацоўнікі РАУС. 2 студзеня ў 16.35 ў міліцыю з заявай звярнулася індывідуальны прадпрымальнік. У яе магазіне ў аграгарадку Нача ў перыяд з 30 снежня па 2 студзеня невядомы разбіў аконнае шкло і выкраў алкагольныя напіткі на суму больш за 400 рублёў. Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку аператыўна раскрылі злачынства. Яго ўчыніў непрацуючы раней судзімы 45-гадовы мясцовы жыхар. Ён затрыманы, частка выкрадзенага канфіскавана. РАСК узбудзіў крымінальную справу.
1 студзеня ў 17 гадзін у вёсцы Шавялі вадзіцель аўтамабіля “ВАЗ” пры руху заднім ходам не скарыстаўся дапамогай іншых асоб і спачатку ўехаў у сетку-рабіцу, а пасля сутыкнуўся з драўлянай агароджай. З месца ДТЗ ён паехаў. Гаспадары пашкоджанай маёмасці патэлефанавалі ў міліцыю. Супрацоўнікі АДАІ, расказаў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Аляксандр Анікевіч, праз два дні ўстанавілі парушальніка , які не застаўся на месцы аварыі.  Ім аказаўся жыхар раёна 1994 г.н. Ён, дарэчы, не меў права на кіраванне транспартным сродкам, а таксама дагавора абавязковага страхавання. Вадзіцелю давядзецца адказваць адразу па некалькіх артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. За выхадныя дні супрацоўнікі АДАІ спынілі трох “бяспраўнікаў” і чатырох вадзіцеляў, якія знаходзіліся за рулём у нецвярозым стане.
Па тэлефоне хуткай медыцынскай дапамогі з 31 снежня па трэцяе студзеня было прынята 115 выклікаў. Часцей за ўсё дапамога медыкаў патрабавалася людзям з хранічнымі і нярвовымі хваробамі, зарэгістраваны траўмы, вострыя рэспіраторныя захворванні, іншыя. Адметна, што з 31 снежня на першае студзеня хуткая спяшалася і па трох адрасах, каб даставіць нашых зямлячак у баранавіцкі раддом.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.