Ляхавіччына: пасуботнічаем разам!

Красавік. Субота. Суботнік. Такое звыклае для многіх пакаленняў беларусаў спалучэнне словаў. У ім — шматгадовыя традыцыі, веснавое абнаўленне і асаблівы настрой. Вырашаць важныя справы талакой было прынята яшчэ ў нашых далёкіх продкаў. І гэтымі днямі надзвычай важную справу — навядзенне парадку на зямлі — мы таксама вырашаем агульнымі намаганнямі.
Заўтра ў Беларусі будзе  праходзіць рэспубліканскі суботнік. Удзел у ім прымуць школьнікі і студэнты, прадстаўнікі маладзёжных аб’яднанняў і ветэраны працы, педагогі і камунальнікі, работнікі сельгаспрадпрыемстваў і завадчане … — усе, каму неабыякава, якой будзе наша Ляхавіччына заўтра. Хтосьці ў гэты дзень выйдзе на працоўнае месца, каб пералічыць дзённы заробак у фонд суботніка, іншыя будуць шчыраваць на добраўпарадкаванні горада і вёсак. Пасля суботніка чысцейшымі стануць вуліцы і скверы, двары шматкватэрнікаў, тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый. Зазелянеюць маладыя дрэўцы, кветкі расфарбуюць наваколле ў розныя колеры. І вельмі важна, што многае з гэтага будзе зроблена не рукамі работнікаў спецыялізаваных службаў, а нераўнадушнымі намі — гараджанамі і вяскоўцамі.
Акрамя відавочна папрыгажэўшых населеных пунктаў суботнік традыцыйна мае і іншы працяг. На сродкі, заробленыя падчас яго, абнаўляюцца сацыяльна важныя аб’екты: дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, медустановы, школы, дзіцячыя садкі і г.д. Частка сродкаў накіроўваецца на аднаўленне і рэстаўрацыю помнікаў загінуўшым героям і ваенных пахаванняў. Таксама важная справа!
Заўтра  мы суботнічаем!

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Ляхавіччына: пасуботнічаем разам!

  • 20/04/2013 в 14:22
    Permalink

    Вот, молодцы!
    В России бы так массово!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *