Адказнасць, радасць, удзячнасць

Беларусь і шчырыя грамадзяне сваёй-нашай краіны рыхтуюцца да Усебеларускага народнага сходу, які адбудзецца 11-12 лютага. Нашы землякі дзеляцца сваімі чаканнямі ад падзеі рэспубліканскай важнасці.

Дзмітрый Багушэвіч, старшыня Конькаўскага сельскага выканаўчага камітэта:
– Я ўжо маю падобны вопыт ці, сказаць дакладней, гонар – быў дэлегатам папярэдняга, які адбыўся ў 2016 годзе, Усебеларускага народнага сходу. А сёння іншыя і сітуацыя, і адчуванні з чаканнямі, і настрой. Як толькі даведаўся, што трапіў у лік землякоў-ляхавічан, якія будуць вылучаны ў дэлегаты шостага Усебеларускага, сталі перапаўняць самыя розныя эмоцыі. Пераважна глыбока-кранальныя, станоўчыя. Але верх брала хваляванне.
Для мяне Усебеларускі народны сход з’яўляецца важнейшай палітычнай па-дзеяй нашай суверэннай дзяржавы. На ім будуць разглядацца не толькі вынікі мінулай пяцігодкі, а і прымацца рашэнні, ставіцца задачы адноснага эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны ў будучым. Дапаўненнем таму стане разгляд вялікай колькасці надзённых пытанняў жыцця грамадства.
На мой погляд, гэты Усебеларускі народны сход стане зыходнай кропкай да дасягнення новых, найбольш высокіх вяршынь ва ўсіх галінах і напрамках дзейнасці нашай дзяржавы. Веру ў тое, што новы найбольш спрыяльны і стваральны этап у жыцці краіны, грамадства ў цэлым і кожнага асобнага грамадзяніна пачнецца
11-12 лютага 2021 года. Наперадзе ў Беларусі новыя здабыткі і поспех ва ўсім.

Ала ТУРКІНА, галоўная медсястра цэнтральнай раённай бальніцы:
– У 2016 годзе была ўдзельніцай пятага Усебеларускага народнага сходу. Сярод 2500 дэлегатаў былі прадстаўнікі розных слаёў грамадства – ад кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыяў да рабочых, студэнтаў і пенсіянераў. Два дні пасяджэння праляцелі імгненна. У праграме – разнастайныя сферы жыццядзейнасці беларускага народа. Пра пачутае, убачанае, выпрацаваныя рашэнні і вынікі пасля дзялілася з калегамі і землякамі. Канешне, больш за ўсё мяне цікавілі пытанні і прапановы, якія датычылі сістэмы аховы здароўя. І многае з іх сёння ўжо не планы, а рэальнасць. Запісацца на прыём да ўрача можна праз інтэрнэт, наладжана сувязь усіх амбулаторый з лакальнай вылічальнай сеткай райпаліклінікі. Урачы агульнай практыкі прайшлі спецыяльную перападрыхтоўку і валодаюць навыкамі па сумежных спецыяльнасцях, што дазволіла разгрузіць вузкіх спецыялістаў. Чатыры гады назад пра гэта толькі гаварылі, а зараз падводзім вынікі зробленага.
За апошні час праведзена нямала пераўтварэнняў для павышэння якаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Кабінет рэнтгенадыягностыкі, які з’явіўся пасля капрамонту і мадэрнізацыі, паспяхова выконвае свае функцыі, як і харчаблок, абнаўляецца медабсталяванне, укараняюцца сучасныя тэхналогіі. Каранавірус чарговы раз пацвердзіў, што адна з галоўных каштоўнасцяў – здароўе. Вельмі дарэчы ў складанай эпідсітуацыі прыйшліся тры новыя машыны хуткай дапамогі, якія набыты на працягу мінулага года. Спадзяюся, што на шостым Усебеларускім народным сходзе важная роля таксама будзе нададзена ахове здароўя.