Каму прапішуць… ЛПП. Часовая ізаляцыя прыносіць прафілактычны эфект

ЛПП застаецца практычна адзіным сродкам уздзеяння на грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Накіраванне ў спецустанову асоб, якія пакутуюць хранічным алкагалізмам, калі розныя метады лячэння, уключаючы «кадзіраванне», не дапамагаюць, з’яўляецца дастаткова эфектыўным спосабам часовай ізаляцыі.

Лячэбна-працоўны прафілакторый – арганізацыя, якая ўваходзіць у сістэму органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, створаная для прымусовай ізаляцыі і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы грамадзян, якія хварэюць хранічным алкагалізмам, наркаманіяй або таксікаманіяй, і грамадзян, якія абавязаны кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
Грамадзяне, якія знаходзяцца ў ЛПП, праходзяць курс медыка-сацыяльнай рэадаптацыі. Гэта мера абмежавальнага характару, накіраваная на пераадоленне грамадзянамі алкагольнай, наркатычнай або таксічнай залежнасці, фарміраванне ў іх гатоўнасці да адаптацыі ў грамадстве.
Накіраванню ў ЛПП падлягаюць: грамадзяне, якія хварэюць хранічным алкагалізмам, наркаманіяй або таксікаманіяй і на працягу года тры і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, а таксама былі папярэджаны пра магчымасць накіравання ў ЛПП і на працягу года пасля данага папярэджання прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.
Не могуць быць накіраваны ў ЛПП: грамадзяне, якім не споўнілася 18 гадоў; мужчыны старэйшыя за 60 гадоў; жанчыны старэйшыя за 55 гадоў; цяжарныя жанчыны; жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да аднаго года; інваліды І і ІІ групы; грамадзяне, у якіх выяўлены захворванні, што перашкаджаюць іх знаходжанню ў ЛПП (пералік захворванняў зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь).
Грамадзянін можа быць накі-раваны ў ЛПП па рашэнні суда на 12 месяцаў.
Так, летась судом Ляхавіцкага раёна разгледжана 32 грамадзянскія справы, заявы аб накіраванні ў ЛПП па якіх былі задаволены ў поўным аб’ёме ў адносінах 32 грамадзян (у 2019 годзе – 34 такія справы).
Для грамадзян, якія знаходзяцца ў ЛПП, ствараюцца жыллёва-бытавыя і іншыя ўмовы, якія адпавядаюць санітарным нормам і правілам. Яны размяшчаюцца ў інтэрнатах, маюць індывідуальнае спальнае месца, забяспечваюцца трохразовым гарачым харчаваннем, сродкамі асабістай гігіены.
Безумоўна, сама па сабе наяўнасць у сістэме выканання пакаранняў ЛПП не можа вырашыць праблему алкагалізму. Трэба прызнаць, што, на жаль, ёсць статыстыка, згодна з якой пасля лячэння ў ЛПП многія вяртаюцца туды паўторна.
Аднак, у сітуацыі, калі грамадства не можа эфектыўна змагацца з алкагалізмам, іменна ЛПП выступае дастаткова дзейсным спосабам часовай ізаляцыі з магчымасцю вярнуць чалавека да нармальнага жыцця.

Таццяна ЖЭРКА, старшыня суда Ляхавіцкага раёна.