Ляховичи: за выжигание сухой травы можно заплатить штраф от 1 до 4 миллионов рублей
Пра тое, што выпальванне сухой расліннасці і пажніўных рэшткаў вельмі шкоднае для прыроды і стварае сур’ёзную небяспеку пажараў, сказана нямала. Тым не менш, штогод вясной «дымяць» палі, агароды, палосы адводу аўтадарог і чыгункі. Такім чынам несвядомыя грамадзяне і некаторыя арганізацыі імкнуцца ачысціць ад мінулагодняй травы і ржышча сенакосы, пашы, прыдарожныя палосы і г.д. А на справе змяншаюць урадлівасць глебы, разбураюць месцы гнездавання птушак, знішчаюць насякомых і патомства дробных жывёл.
Менавіта таму Закон Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце» забараняе выпальванне сухой расліннасці і яе рэшткаў на корані (арт. 20). За парушэнне гэтай забароны, а таксама непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф у памеры ад 1 да 4 мільёнаў рублёў. Падпальшчыку пагражае і крымінальная адказнасць (арт. 270, 276 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Акрамя штрафу, прад’яўляецца прэтэнзія за нанясенне шкоды навакольнаму асяроддзю. У залежнасці ад віду земляў (натуральныя ці палепшаныя лугавыя, ворныя, населеных пунктаў, прыдарожныя палосы) таксы за гектар выпаленай сухой расліннасці ўстаноўлены ў памеры ад 25 да 100 базавых велічынь.
Аляксандр КУРЛОВІЧ,
галоўны спецыяліст
райінспекцыі прыродных
рэсурсаў і аховы
навакольнага асяроддзя.

