Парадак павінен быць ва ўсім. Грамадскія прыёмныя працуюць у Ляхавіцкім райвыканкаме двойчы на тыдзень

Грамадскія прыёмныя, што працуюць у райвыканкаме двойчы на тыдзень, па-ранейшаму самая аператыўная форма сувязі з насельніцтвам. У мінулую сераду на пытанні адказваў выконваючы абавязкі начальніка РАНС Юрый Буйкевіч.

Магчымасцю высветліць для сябе некаторыя нюансы жыццёвых абставін скарысталася ляхавічанка Валянціна, якая пражывае ў шматкватэрніку. У яе двое дзяцей, і яна вымушана пакідаць каляску на лесвіцы. Але ёй зроблена заўвага, што на гэта яна не мае права.
Юрый Буйкевіч адзначыў, што згодна з правіламі пажарнай бяспекі, зацверджанымі пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі ад 25 сакавіка 2020 года, устаноўлены патрабаванні пры эксплуатацыі жылых дамоў. Згодна з імі, для забеспячэння бяспечнай эвакуацыі шматкватэрных дамоў (за выключэннем кватэр) у вестыбюлях, калідорах, галерэях, на лесвічных маршах і пляцоўках нельга загрувашчваць праходы, выхады, дзверы, устанаўліваць мэблю і іншую маёмасць, якая памяншае мінімальную эвакуацыйную шырыню і вышыню, устаноўленую праектнай дакументацыяй. Пры адсутнасці адпаведных дакументаў шырыня эвакуацыйных выхадаў павінна складаць не менш за 0,8 метра, выхадаў на лесвічныя клеткі – не менш за 0,9 метра. Вышыня – не менш за 1,95 метра (у падземных паверхах з памяшканнямі без пастаянных працоўных месцаў – не менш за 1,8 метра), а вышыня шляхоў эвакуацыі – не менш за 2 метры. Акрамя таго, забараняецца лесвічныя клеткі адгароджваць, ставіць там перагародкі і дзверы. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 30 БВ.
У выпадку, калі знаходжанне каляскі ці веласіпеда не памяншае шырыню эвакуацыйных шляхоў, да іх захоўвання прэтэнзій не будзе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.