Пра медыцыну і не толькі. Дэлегаты УНС раз’ехаліся па сваіх рэгіёнах. Уражаннямі дзеліцца адзін з дэлегатаў сходу галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ

– Настрой прыўзняты, хочацца працаваць яшчэ больш вынікова.
І важна такі пасыл і задачы, што гучалі  на сходзе, данесці да ўсіх землякоў, – дзеліцца адзін з дэлегатаў сходу галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.
У яго рабочым графіку ў бліжэйшы час прадугледжана нямала  сустрэч у працоўных калектывах.

Георгій ХЛЯБОВІЧ, галоўны ўрач  УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ»:
– Грандыёзна, уплывова, маштабна, усебакова… Так магу ахарактарызаваць  падзею агульнарэспубліканскай важнасці, непасрэдным удзельнікам якой мне выпала стаць. Ганаруся, што я адзін з 2400 дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу.
Два дні праляцелі ў адно імгненне, яны былі насычаныя, інфарматыўныя і прадукцыйныя. Менавіта гэту атмасферу, пачуцці і, канешне, прынятыя рашэнні і пастаўленыя задачы пастараюся як мага хутчэй і паўней данесці да сваіх  калег. Тым больш, Прэзідэнт краіны даў наказ дэлегатам расказаць землякам,  людзям, якія аказалі давер прадстаўляць іх інтарэсы, пра рашэнні, прынятыя на сходзе, падзяліцца меркаваннямі.
Бясспрэчна, галоўнай падзеяй першага дня стала выступленне Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Сярод іншых тэм агульнадзяржаўнай значнасці Прэзідэнт у сваім выступленні спыніўся і на пытаннях развіцця медыцыны. Гэта і рэалізацыя новага праекта «Здаровая нацыя», які ўключыць у сябе некалькі раздзелаў: «мабільная медыцына», «крокавая даступнасць», «дзень здароўя», «клапатлівая паліклініка», «высокатэхналагічная медыцына».
У Ляхавіцкай ЦРБ пэўныя крокі ў рэалізацыі такога кшталту праектаў ужо зроблены.Узгадаю толькі некаторыя з іх: дзейнічае лакальная вылічальная сетка ў паліклініцы, перайшлі на электронную медкарту, выдачу электронных рэцэптаў, ідэнты-
фікацыйных пластыкавых картак медабслугоўвання, ёсць запіс на папярэдні прыём да ўрача праз інтэрнэт, комплексныя брыгады медыкаў выязджаюць у аддаленыя населеныя пункты і іншыя. Будзем і далей працаваць у вышэйазначаных напрамках, у тым ліку ўкараняць новыя метады дыягностыкі і лячэння. Акцэнт  будзе зроблены і на набыццё, і на ўстаноўку сучаснага медыцынскага абсталявання як для дыягностыкі, так і для лячэння хвароб.
Кіраўнік дзяржавы не абышоў увагай і актуальную за апошні год тэму – пандэмію COVID-19. Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што будзе арганізавана бясплатная вакцынацыя насельніцтва ад каранавіруса, а таксама нагадаў, што нашы вучоныя працуюць над стварэннем беларускай вакцыны, што ёсць дамоўленасць на пастаўку расійскай і кітайскай вакцын. Мінулы год паказаў усе моцныя і слабыя бакі беларускай медыцыны. Людзі ўбачылі, з якой самааддачай і адказнасцю медработнікі на розных узроўнях –
ад ФАПаў да буйных медцэнтраў – уключыліся ў барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй. І што важна, дзяржава ўсебакова на кожным этапе падтрымала і прадаўжае падтрымліваць нашу сферу.
Якой будзе медыцына заўтра, у пэўнай ступені залежыць і ад маладых кадраў. Нездарма маладзёжнай палітыцы надаецца ў Беларусі такая маштабная ўвага. На гэтым спыняліся і Прэзідэнт, і іншыя выступаючыя. Лічу, што ў Ляхавіцкім раёне нямала робіцца для замацавання маладых спецыялістаў, і не толькі ва ўстановах аховы здароўя. Гэта і атрыманне арэнднага жылля, і розныя даплаты, і настаўніцтва. Упэўнены, такая тэндэнцыя прадоўжыцца і далей.
Важныя, знамянальныя словы прагучалі ад Кіраўніка дзяржавы ў другі дзень сходу. Частка з іх датычылася змяненняў у  Канстытуцыю краіны. Пазіцыя Прэзідэнта  адназначна вывераная: не час сёння нешта ламаць, трэба ўдасканальваць Канстытуцыю акуратна і асцярожна.
У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады медыцыне, развіццю сістэмы аховы здароўя нададзена значная і сур’ёзная ўвага. Калі кожны на сваім працоўным месцы добрасумленна будзе выконваць прафесійныя абавязкі, мы зможам дасягнуць пастаўленых мэт і нават больш. Пра тое, што ў зале на працягу двух дзён панавала шчырая і дзелавая атмасфера, гаворыць і тое, што прагучала шмат канкрэтных і перспектыўных ініцыятыў і пазіцый. Хваляванне і клопат за свой народ, сваю краіну адчуваліся ў кожнага выступаючага.
З інтарэсам пазнаёміўся з экспанатамі выставы «Разам – у будучыню», якая дэманстравалася ў Палацы Рэспублікі. Асаблівая ўвага – на стэнды з распрацоўкамі ў медыцыне, фармацэўтычнай галіне. Па змешчаных там фотаздымках, графіках можна даведацца пра навейшыя методыкі лячэння і развіццё сістэмы аховы здароўя.
Сход завяршыўся, прынята рэзалюцыя, цяпер перад кожным з нас – грамадзянінам сваёй краіны – стаіць адна важная задача: зрабіць усё магчымае, каб беларусы жылі заможна і шчасліва, а дзяржава квітнела.