Прышчэпка ад рызыкі. У Ляхавіцкім раёне вакцынацыю супраць COVID-19 прайшлі 115 медыкаў

Год назад у нашай краіне зарэгістравалі першага пацыента з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй. Чаго толькі
ні было за гэты цяжкі ў плане здароўя час. Упершыню за многія дзесяцігоддзі ўзнікла рэальная пагроза для ўсяго чалавецтва –
COVID-19 не абмінае ні краіны, ні кантыненты. Нявывучаная інфекцыя, адсутнасць канкрэтнага лячэння, недахоп месцаў у стацыянарах, дэфіцыт сродкаў індывідуальнай абароны, закрыццё дзяржаўных межаў, аб’яўленая пандэмія… І вось, у рэшце рэшт, па COVID-19 наносіцца першы канкрэтны ўдар.

У некалькіх краінах вучоныя за кароткія тэрміны стварылі вакцыну супраць каранавіруса. Прышчэпачная кампанія зараз ідзе і ў Беларусі: выкарыстоўваецца расійскі прэпарат «Спутнік V».
Анансавана вытворчасць гэтай вакцыны ў бліжэйшы час і ў Беларусі.
Як паведамляў «ЛВ», першымі ў нашым раёне прышчапіліся медыкі. У спісах вакцынаваных – 115 чалавек. У хуткім часе паставіць заслону COVID-19 змогуць усе жадаючыя, хто не мае супрацьпаказанняў.
Дык усё ж прышчапляцца ці не? Адказ на гэтае пытанне даюць людзі ў белых халатах, тыя, хто прафесійна змагаецца з інфекцыяй.

Васілій СКАРАХОД, урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ:
– Мой адказ адназначны: трэба вакцынавацца. Дарэчы, некаторыя мае калегі гэта ўжо зрабілі. З 20 студзеня на Брэстчыне пачалася прышчэпачная кампанія. Канешне, за адзін раз немагчыма адразу вакцынаваць усіх жадаючых. Прыярытэты расстаўлены так, каб у першую чаргу абараніць тых, хто мае найбольшую рызыку заразіцца, –
медработнікаў. Пачынаючы з сакавіка, прышчэпкі атрымаюць работнікі ўстаноў адукацыі, а таксама арганізацый з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых. Акрамя таго, у першачарговых спісах – людзі з хранічнымі захворваннямі бронха-лёгачнай і сардэчна-сасудзістай сістэм, цукровым
дыябетам, атлусценнем. Абавязковыя ўмовы: на момант вакцынацыі чалавек не павінен мець рэспіраторных сімптомаў, быць старэйшым за 18 гадоў. Вакцына супрацьпаказана цяжарным, а таксама маці, якія кормяць дзіця грудным малаком, тым, у каго назіраецца абвастрэнне хранічных хвароб. Спецыяльнай падрыхтоўкі не патрабуецца, акрамя добрага настрою.
А вось пасля вакцынацыі нельга траўміраваць, мачыць месца ін’екцыі на працягу трох сутак.
Прышчэпка робіцца ў спецыяльна падрыхтаваным пакоі ў Ляхавіцкай ЦРБ. Вакцынацыя праводзіцца ў два этапы. Запісвацца трэба толькі на першы, на другі – рэгістрацыя аўтаматычная.
Імунітэт, які фарміруецца праз тры – чатыры тыдні пасля вакцынацыі, складае не менш за год. Але гэта папярэднія высновы, больш дакладны адказ будзе атрыманы пасля дадатковых назіранняў за вакцынаванымі і тымі, хто перахварэў.
Яшчэ адзін важны аспект: нават той, хто прышчапіўся супраць каранавіруса, павінен па-ранейшаму прытрымлівацца правілаў перасцярогі: насіць медыцынскія маскі, захоўваць гігіену рук і сацыяльнае дыстанцыраванне.
Арцём КАБУШКА, загадчык інфекцыйнага аддзялення
УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ»:

– Разам з калегамі прышчапіўся сярод першых на Ляхавіччыне.
На працягу года ў нашай райбальніцы пралячылася не
адна сотня чалавек з каранавіруснай інфекцыяй. Бачылі, як непрадказальна вёў сябе вірус.Таму без усялякіх «але» скажу: прышчапляцца – і кропка.
Па-першае, значна зніжаецца рызыка падхапіць COVID-19. Па-другое, нават у выпадку інфіцыравання захворванне будзе працякаць у больш лёгкай форме і мінімізуюцца ўскладненні. Акрамя таго, менавіта прышчэпка дазволіць хутчэй выпрацаваць калектыўны імунітэт. Працэдура  займае менш за гадзіну, і гэта, уключаючы папярэдні агляд, падрыхтоўку прэпарата, непасрэдна ўвядзенне вакцыны і назіранне за станам вакцынаванага на працягу 30 мінут пасля ін’екцыі.
Як і пасля любой прышчэпкі, магчымы пабочныя эфекты накшталт павышэння тэмпературы цела, адчування дрыжыкаў, галаўнога болю, прыпухласці ў месцы ін’екцыі і іншыя.
Асабіста ў мяне ніякіх непрыемных сімптомаў не было ні пасля першага ўколу, ні пасля другога этапу вакцынацыі. Але магу сказаць, што пабочных эфектаў не трэба палохацца, бо гэта ўсяго толькі сведчанне, што ў арганізме пачалося фарміраванне імуннага адказу, а сімптомы самастойна праходзяць праз адзін – два дні.
Звярну ўвагу на наступнае: калі чалавек перахварэў на COVID-19, то прафілактычную прышчэпку яму можна прызначаць не раней, чым праз тры – шэсць  месяцаў пасля выздараўлення, незалежна ад цяжкасці цячэння хваробы. Будзьце здаровыя і не хварэйце.

Падрыхтавала  Галіна КАНЬКО.