Рэспубліканская акцыя МНС «Дзень бяспекі. Увага ўсім!», прымеркаваная да Міжнароднага дня грамадзянскай абароны, стартавала ў Ляхавіцкім раёне напачатку сакавіка

Рэспубліканская акцыя МНС «Дзень бяспекі. Увага ўсім!», прымеркаваная да Міжнароднага дня грамадзянскай абароны, стартавала ў раёне напачатку сакавіка. Праводзіцца яна з мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх, а таксама навучання насельніцтва дзеянням па сігнале «Увага ўсім!». Факты сведчаць, што правільныя паводзіны і ўменне арыентавацца ў выпадку надзвычайнай сітуацыі могуць выратаваць жыццё. Важны аспект – і валоданне алгарытмам эвакуацыі з месцаў масавага знаходжання людзей.

Першы этап акцыі працягнецца да 12 сакавіка і пройдзе ў інтэрнатах, на спартыўных аб’ектах і г. д. Супрацоўнікі РАНС падчас інтэрактыўных прафілактычных гутарак і сустрэч раскажуць пра прычыны пажараў, дзеянні па сігнале «Увага ўсім!». Інфармацыю падмацуюць тэматычнымі відэаролікамі і наглядна-выяўленчай прадукцыяй. У праграму акцыі ўнесены новаўвядзенні – у аснову першага этапу пакладзена незвычайная канцэпцыя «Знайдзі прычыну». Задума такая: перад пачаткам мерапрыемства арганізоўваецца фотавыстава «Назаві прычыну». Яе матэрыялы выратавальнікі пасля будуць выкарыстоўваць для разважання на тэму, што магло прывесці да паказаных на фота здарэнняў, і як іх можна было пазбегнуць.
Для цеснага ўзаемадзеяння з аўдыторыяй будуць залдзейнічаны і іншыя формы: «Сакрэт бяспекі», «Формула бяспекі», «Пажарная лабараторыя» і анлайн-гульня «Крокі выратавання». У аб’ектах масавага знаходжання людзей плануюцца «Паркі бяспекі» з інтэрактыўнымі пляцоўкамі і зонамі актывацыі. Напрыклад, выстава згарэлых электрапрыбораў і маёмасці, SOS, «Небяспекі ў кватэры», «Бяспечная эвакуацыя», «Эвакуацыйныя знакі», «Экстранная дапамога», іншае. У памочніках – роставыя лялькі з персанажамі мультфільма «Чароўная кніга».
З 15 па 31 сакавіка – другі этап акцыі, дзе ў цэнтры ўвагі ўжо вяскоўцы. Для іх рыхтуюцца забаўляльна-прафілактычныя праграмы. Дні бяспекі будуць дапоўнены дэманстрацыяй доследаў «Пажарная лабараторыя» і арганізацыяй «Маршрутаў апавяшчэння»:
з дапамогай сігнальнага гучнагаварыцеля пажарнай тэхнікі, якая праедзе па вуліцах, будзе перадавацца карысная інфармацыя на тэму пажарнай бяспекі.
Таццяна КАЛГУШКІНА,  інспектар РАНС.