На высокай спартыўнай ноце.У тым ліку і спартыўнымі перамогамі салютавалі ў гонар Ляхавіччыны падчас трылогіі Года малой радзімы нашы землякі

Кузня для рэкордаў

У кастрычніку 2018 года ў Ляхавічах ва ўрачыстай абстаноўцы пасля рамонту адкрыта спартыўная зала СДЮШАР. Будаўнічыя работы вяліся ў два этапы. Тут замянілі падлогу, вокны, абнавілі раздзявалкі, душавыя, санвузлы, адрамантавалі кабінеты адміністрацыі. На ўсё было выдаткавана звыш 400 тысяч рублёў, з іх амаль 388 – з абласнога бюджэту, астатнія – спонсарская падтрымка ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Цяпер юныя гандбалісты займаюцца ў сучасных зручных памяшканнях.

Дарэчы, гандбол – адзін з асноўных і даволі паспяховы від спорту для Ляхавіччыны, традыцыі ручнога мяча ў нас трывалыя, даўнія. Славіцца і ганарыцца раён трэнерамі і спартсменамі-землякамі, якія стаялі ля вытокаў развіцця гандбола і чые імёны гучалі на спартыўных баталіях на ўзроўні вобласці, краіны: Рыгор Хіліцкі, Святлана Мінеўская (Жыхарава), Анатолій Санько, Юрый Кіслы, Уладзімір Шарапа.

Неаднойчы за апошнія тры гады Ляхавіцкая СДЮШАР удастойвалася гонару прымаць у сябе этапы рэспубліканскіх спаборніцтваў «Дзіцяча-юнацкая гандбольная ліга ZUBR CUР». Гэты маштабны праект праходзіць пад патранажам Брэсцкага гандбольнага клуба імя А. П. Мяшкова. Прычым СДЮШАР стала не проста арэнай гандбольных паядынкаў, у іх паспяхова прымала ўдзел каманда юных спартсменаў-землякоў. Чарговым пацвярджэннем значнага ўкладу Ляхавіччыны ў развіццё і папулярызацыю гандбола стала правядзенне ў нас у лістападзе 2020 года рэспубліканскага турніру па гандболе сярод юнакоў 2007 –2008 гадоў нараджэння. Турнір прысвячаўся памяці першага дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Анатолія Санько.

– Адна з галоўных задач, што стаіць перад калектывам школы – пошук і падрыхтоўка спартыўнага рэзерву. І з ёй мы спраўляемся. Напрыклад, у 2018 годзе ў вучылішчы алімпійскага рэзерву адправілі восем юных кандыдатаў у майстры спорту, яшчэ два КМСы з’явіліся ў 2019 годзе – нарматывы выканалі дзяўчаты-самбісткі. Нямала ў нас і тых, хто атрымаў першы спартыўны разрад. Канешне, ганарымся, што па выніках 2018 года наша ўстанова ў абласным аглядзе-конкурсе заняла другое месца. Гэта пацвярджэнне правільнасці шляху, што выбраў калектыў у падрыхтоўцы спартыўнага заўтра, – расказвае дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч. 

Да перамог, напэўна, можна аднесці і той красамоўны факт, што за спартыўныя поспехі і заслугі ў 2019 годзе ДЮСШ змяніла свой статус на больш высокі, яна стала СДЮШАР (спартыўнай дзіцяча-юнацкай школай алімпійскага рэзерву). Гэта і ёсць высокая спартыўная нота педагагічнага майстэрства тутэйшых трэнераў і поспехаў іх таленавітых выхаванцаў. А таксама сведчанне таго, што дзяржава аказвае важкую падтрымку развіццю спорту і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Матэрыяльна-тэхнічная база СДЮШАР пастаянна паляпшаецца. За бюджэтныя сродкі набываецца спартыўны інвентар (мячы, лыжы, канькі, веласіпеды), спартыўная форма і г. д.

Запатрабаваныя абноўкі

У нашым райцэнтры шмат месцаў, дзе з карысцю для здароўя можна бавіць вольны час. Дзяцей, моладзь, дарослых можна сустрэць на стадыёне. Адны бегаюць, іншыя займаюцца скандынаўскай хадзьбой, хтосьці ездзіць на веласіпедзе, нямала аматараў і зімовых відаў спорту.

Запатрабавана варкаўт-пляцоўка, якая даступна і для дарослых, і для дзяцей, і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прычым трэніравацца на сучасным спартыўным абсталяванні можна бясплатна. А адлік сваёй гісторыі варкаўт-пляцоўка пачала ў чэрвені 2018 года. Сацыяльна-спартыўная ідэя ўладкавання на тэрыторыі гарадскога стадыёна «Колас» такой пляцоўкі аказалася сярод пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў, які праводзіцца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Аўтар ініцыятывы «Даступны спорт для кожнага» – міжнароднае грамадскае аб’яднанне «ЭКАПРАЕКТ». Рэалізоўвалася ініцыятыва пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза па Праграме развіцця ААН. Кошт міні-гарадка – 22348 еўра, з якіх 19663 еўра – інвестыцыі Еўрасаюза, астатняе было выдаткавана тады яшчэ аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. ДРБУ-200 для зручнасці землякоў зрабіла дарожку да пляцоўкі.

У 2019 годзе ДЮСШ змяніла свой статус на больш высокі – стала СДЮШАР.А падрыхтаваныя кандыдаты ў майстры спорту, члены зборных каманд вобласці, краіны – чым не пацвярджэнне прафесіяналізму мясцовых трэнераў-выкладчыкаў.

У 2019 годзе на ляхавіцкіх вуліцах з’явіліся веласіпедныя дарожкі. Іх агульная працягласць па вуліцах Леніна – Дзесюкевіча складае 2,5 кіламетра. Гэта не толькі зручна для аматараў двухколага транспарту, але і бяспечна як для веласіпедыстаў, так і для пешаходаў.

На яшчэ адзін спартыўны аб’ект стала больш у райцэнтры ў верасні 2020 года. Да дня горада на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры было адкрыта новае міні-футбольнае поле. Фінансавую падтрымку ў яго будаўніцтве аказалі ААТ «Тураўскі малочны камбінат», асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола», Ляхавіцкая ЖКГ, ПМК-13, райаграсэрвіс, ДРБУ-200, ІП Страмавус. Цяпер на гэтай спартыўнай пляцоўцы з задавальненнем ганяюць мяч хлопчыкі і дзяўчынкі з густанаселенага і аднаго з самых маладых мікрараёнаў райцэнтра.

Раўненне на чэмпіёнаў

Напачатку сакавіка 2019 года Ляхавіччына вітала на сваёй гасціннай зямлі сапраўдных герояў спорту – алімпійскіх чэмпіёнаў-фрыстайлістаў Алу Цупер і Антона Кушніра, неаднаразовага чэмпіёна свету дзюдаіста і самбіста Андрэя Казусёнка. Дарэчы, менавіта тады адбылася яшчэ адна вызначальная для трылогіі Года малой радзімы падзея. Зоркі спорту сталі першаадкрывальнікамі спартыўнай Алеі славы: пліткі з іх імёнамі ўпрыгожылі тэрыторыю СДЮШАР.

Канешне, ІІ Еўрапейскія гульні, якія з трыумфам прайшлі ў Беларусі летам 2019 года, закранулі і Ляхавіцкі раён. Нашы землякі былі задзейнічаны ў якасці валанцёраў, а дзюдаіст Уладзіслаў Цярпіцкі адстойваў гонар краіны на спаборніцтвах па дзюдо.

Стала добрай традыцыяй штогадова называць прозвішчы пераможцаў агляду-конкурсу «Лепшыя спарт-смены-навучэнцы», «Лепшыя спартсмены-выхаванцы», «Лепшы трэнер-выкладчык». Пры іх вызначэнні бярэцца ў разлік удзел у міжнародных спаборніцтвах, чэмпіянатах, першынствах Беларусі і Брэстчыны, алімпійскіх днях моладзі, спартакіядах ДЮСШ і г. д., а таксама прысваенне ў справаздачным годзе званняў майстар спорту міжнароднага класа, майстар спорту і кандыдат у майстры спорту, спартыўнага першага разраду.

З кожным годам павялічваецца колькасць тых, хто пакарае спартыўныя вяршыні, ставіць рэкорды, займае высокія месцы на п’едэстале гонару і тым самым славіць сваю малую радзіму – Ляхавіччыну. Асаблівых поспехаў за апошнія гады дасягнулі нашы юныя землякі лёгкаатлеты Максім Болтуць, Таццяна Смірнова, Юрый Тарлюк, дзюдаісты Ілья і Мікіта Пінчукі, Кацярына Ракуць, Аляксандра і Ульяна Шчарбаковы, Максім Маруцік, Аліна і Аляксандра Байрашэўскія, армрэслінгіст Данііл Малевіч і іншыя.

Наш гонар і слава – выхаванцы, якія і пасля заканчэння СДЮШАР бпаказваюць высокія вынікі на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. На слыху спартыўныя зоркі з ляхавіцкімі каранямі: Уладзіслаў Цярпіцкі – член нацыянальнай і зборнай каманд Рэспублікі Беларусь,удзельнік чэмпіянату свету па дзюдо, удзельнік ІІ Еўрапейскіх гульняў; Ганна Макоўская – пераможца спартакіяды ДЮСШ і СДЮШАР Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы (5000 метраў); Таццяна Смірнова – прызёр першынства Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў па лёгкай атлетыцы (у бегу на 2000 метраў з перашкодамі – 2-е месца); Данііл Касянкоў – прызёр першынства Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў па дзюдо (3-е месца), прызёр першынства Рэспублікі Беларусь па дзюдо (3-е месца); Юрый Тарлюк –прызёр першынства Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў па лёгкай атлетыцы (эстафета – 2-е месца); Дзмітрый Равінскі – пераможца адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь 2019 года па лёгкай атлетыцы ў памяшканні (змешаная эстафета); Анастасія Пабягайла – у складзе каманды ФК «Дынама-Мінск» пераможца маладзёжнага першынства Рэспублікі Беларусь па футболе сярод дзяўчат 2003 – 2005 гадоў нараджэння, уладальнік Суперкубка Рэспублікі Беларусь 2020 года сярод жаночых каманд па футболе. Пералічыць усіх проста немагчыма.

На татамі і на полі

Дзякуючы спартыўным вынікам, выдатнай матэрыяльна-тэхнічнай базе, а таксама тутэйшай гасціннасці Ляхавіцкая СДЮШАР усё часцей прымае розныя турніры, чэмпіянаты, спаборніцтвы.

Палюбілі ляхавічане турнір на прызы чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча. Традыцыйнымі за апошнія гады сталі калядны турнір сярод юнакоў і дзяўчат па дзюдо, чэмпіянат раёна па міні-футболе.

У красавіку 2019 года Ляхавічы чарговы раз сталі спартыўнай сталіцай: СДЮШАР прымала першы адкрыты турнір па дзюдо «Ляхавіцкі волат».

Удзел у ім узялі больш за 300 дзюдаістаў з Беларусі, Расіі і Прыбалтыкі.

Усё большую папулярнасць і сярод удзельнікаў, і сярод балельшчыкаў набірае турнір па дзюдо памяці ўраджэнца вёскі Крывошын Сяргея Свянтэцкага, чый подзвіг адзначаны ордэнам «За асабістую мужнасць».

У сакавіку 2020 года ў Ляхавічах прайшоў фінал адкрытага рэгіянальнага турніру па міні-футболе сярод аматарскіх каманд REGION LEAGUE.

Шмат прыхільнікаў і ў раённага турніру па армрэслінгу і гіравым спорце сярод юнакоў і дзяўчат. Летась у лютым наша СДЮШАР стала на дзень шашачнай сталіцай. Тут у паядынках за дошкамі сышліся больш за 30 аматараў гульні ў шашкі з розных рэгіёнаў Беларусі на адкрыты турнір па шашках памяці Івана Прыгодзіча. Арганізатарам спаборніцтваў выступіў Русінавіцкі ФАК.

Пашыраецца і колькасць удзельнікаў штогадовай спартакіяды працоўных калектываў. Заўжды ярка і весела праходзіць раённае свята «Дзень снегу». Пясок, сонца, вада, адрэналін і азарт, рамантыка – усё гэта спадарожнікі пляжнага валейбола. Раённы турнір па гэтым відзе спорту ўпершыню прайшоў у нашым райцэнтры ў верасні 2018 года на беразе Ведзьмы.

Многія землякі аддаюць перавагу заняткам спортам і прапагандуюць здаровы лад жыцця. І цудоўна, калі гэта становіцца сямейнай традыцыяй. У снежні 2018 года ў Ляхавічах упершыню адчыніла дзверы «ТатаЗала». Гэты арыгінальны праект прапанаваў БРСМ, і ён рэалізуецца і ў абласных цэнтрах, і ў маленькіх гарадках.

Эмоцыі бушуюць, балельшчыкі лікуюць, настрой баявы – так праходзіць адкрыты раённы спартыўны фестываль «Тата, мама, я – футбольная сям’я!».

Ахапіць усё – спартыўныя адкрыцці, наваселлі, старты, спаборніцтвы, перамогі, прозвішчы чэмпіёнаў – нерэальна, ды гэта і не самае важнае. Галоўнае, што спорт і здаровы лад жыцця былі, ёсць і, канешне, будуць запатрабаванымі і неабходнымі ў землякоў.

Ахапіць усё – спартыўныя адкрыцці, наваселлі, старты, спаборніцтвы, перамогі, прозвішчы чэмпіёнаў – нерэальна, ды гэта і не самае важнае. Галоўнае, што спорт і здаровы лад жыцця былі, ёсць і, канешне, будуць запатрабаванымі і неабходнымі ў землякоў.

З нядаўняга часу за мясцовымі спартыўнымі навінамі можна сачыць у акаўнце Instagram СДЮШАР @ lyakhovichi_sportschool.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва «ЛВ».