Нас аб’яднаў парламент. Адбылася сесія Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў

Чарговая сесія Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў, што адбылася  ў мінулую пятніцу, вызначыла напрамкі работы  на бягучы год, папоўніла рады маладзёжнай структуры новымі членамі і, канешне, абмеркавала тое, што хвалюе ўсіх і кожнага.

Сёння кожная сустрэча ўлады з моладдзю напоўнена асаблівым сэнсам. Гэта не толькі будучае краіны, гэта надзейная, энергічная і ініцыятыўная сіла беларускай дзяржавы. Ад кожнага, у тым ліку хто прысутнічаў на сустрэчы, залежыць яе незалежнасць, дабрабыт, эканамічная ўпэўненасць, багацце культурна-гістарычнай спадчыны, таму быць раўнадушнымі проста не дазваляецца. І хто, як не моладзь, павінен стаць прамоўтарам беларускага брэнда – сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Гарантаванае першае працоўнае месца, падтрымка ў крэдытаванні і жыллёвым пытанні, настаўніцтва, бясплатная адукацыя – усё гэта пацвярджэнне таго, што ў цэнтры маладзёжнай палітыкі – усебаковае выхаванне моладзі, стварэнне ўмоў для ўдзелу яе ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці грамадства.
Адзінства думак, меркаванняў, памкненняў – толькі так можна працаваць на рэальны вынік. Менавіта гэта сесія стала спалучэннем адзінства, чым і адрознівалася ад папярэдніх. Погляд з розных кропак – Палата прадстаўнікоў, Савет дэпутатаў, Маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, Маладзёжны парламент пры раённым Савеце дэпутатаў – прадстаўнікі розных структур выказалі свае меркаванні таго, як бачаць Беларусь будучага.
Словы і пажаданні плённай работы адрасаваў моладзі кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса. Старт работы сесіі даў старшыня Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў Яўгеній Сініла.
Першым на парадку дня сесіі стаяла пытанне ўвядзення ў Маладзёжны парламент новых членаў – школьнікаў раёна, навучэнцаў каледжа, працоўнай моладзі, якія жадаюць выказаць сваю грамадскую пазіцыю, стаць актыўнымі ўдзельнікамі падзей краіны. Такім чынам, 20 юнакоў і дзяўчат далучыліся да Маладзёжнага парламента раённага ўзроўню.
Тое, што ў цэнтры ўвагі дзяржаўнага клопату – моладзь, пацвердзіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык. Як удзельніца Усебеларускага народнага сходу яна спынілася на ключавых момантах гэтай лёсавызначальнай падзеі, натхнёна і ўзнёсла пагрузіла моладзь у тую атмасферу адзінства, што панавала на сходзе. Ніякага фармалізму, ярка, эмацыянальна, шчыра Людміла Мікалаеўна прызналася, што сход стаў для яе падзеяй, якая назаўжды застанецца ў сэрцы і памяці. Выступленне Прэзідэнта, безумоўна, самы яскравы сюжэт – словы чалавека, які бязмерна любіць Беларусь. Менавіта гэты настрой, імкненне далей будаваць краіну моцнай, незалежнай і суверэннай, шанаваць спадчыну і гісторыю, без якой мы проста перастанем звацца беларусамі, імкнулася перадаць дэпутат і прасіла юнакоў і дзяўчат пра такую простую рэч – любіць Беларусь.
Пра тое, што эмацыянальнае адзінства з маладым пакаленнем атрымалася, сведчылі зацікаўленыя вочы ўжо членаў парламента і безліч пытанняў да дэпутата. Чаму менавіта дэпутацтва? Адказ Людмілы Мікалаеўны просты:
– Жаданне пасля шматгадовай службы ў следчых органах Брэсцкай вобласці заставацца патрэбнай грамадству, дапамагаць людзям, ведаць, што час ідзе не дарэмна. Лагічны і апраўданы графік дэпутата: работа сесіі, прамыя лініі, прыёмы грамадзян, сходы, сустрэчы ў працоўных калектывах, вырашэнне праблем рознага ўзроўню.
Маладыя дэпутаты былі здзіўлены, калі даведаліся, што Людміла Мікалаеўна – палкоўнік юстыцыі ў адстаўцы.
І, канешне, прасілі прадстаўніка Парламента прыадкрыць сакрэт, над чым зараз працуюць дэпутаты.
Людміла Мікалаеўна расказала пра вялікую колькасць заканадаўчых актаў, над якімі працуюць парламентарыі, нагадала, што з 1 сакавіка 2021 года ўступіў у сілу новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
А яшчэ яна паабяцала маладым калегам, што ў хуткім часе сустрэнецца з імі ўжо ў працоўнай атмасферы – дэпутат плануе арганізаваць для юных ляхавічан экскурсію ў Авальную залу Дома Урада.
Наступнае пытанне тычылася работы Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі, які пачаў работу 2 ліпеня 2020 года. Мэты, задачы, праекты, дасягненні, хто ўвайшоў у склад…
Маладзёжны парламент –  кадравы рэзерв, школа лідарства. Напрыклад, пры абласным Маладзёжным парламенце сёння працуе «Школа дэпутата», якая дазваляе павышаць прававую і палітычную культуру слухачоў. Магчыма, варта такі праект распрацаваць і на раённым узроўні.
Важнасць і неабходнасць работы гэтай грамадскай структуры падкрэслівае і той факт, што на пасяджэннях часта прысутнічае спікер верхняй палаты Парламента Наталля Качанава. Маладзёжны парламент можа па праве ганарыцца тым, што менавіта яго ідэя аб стварэнні грамадскіх прыёмных атрымала рэспубліканскую падтрымку.
Маладзёжны парламент пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычны працэс рэгіёна, адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
«Адкрыты мікрафон», «Навагодні агеньчык», добраўпарадкаванне гарадскога парку, фотазоны, патрыятычныя акцыі – гэта толькі пачатак. Можна быць бясконца незадаволеным, скардзіцца, а можна браць і рабіць, ствараць, прыдумваць, удзельнічаць, абмяркоўваць – толькі так можа атрымацца тое, чым потым можна ганарыцца. Няхай больш праектаў, конкурсаў, святаў, злётаў і фестываляў будзе з ляхавіцкім адрасам.
Урачысты момант – атрыманне членскіх білетаў.
– Як старшыня раённага Маладзёжнага парламента, дэлегат Усебеларускага народнага сходу хачу сказаць, што толькі ў адзінстве мы будзем шчаслівыя. Галоўны наказ маладым – будзьце патрыётамі! – завяршыў сесію Яўгеній Сініла.

Маргарыта КУХТА,  член Маладзёжнага парламента  пры Нацыянальным сходзе  Рэспублікі Беларусь.
Фота Сяргея Варановіча.

Людміла Жалнерчык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

– Дзякуй за магчымасць прымаць удзел у сесіі Маладзёжнага парламента. Мяне вельмі ўразіла зацікаўленасць маладых людзей у тым, што адбываецца вакол, у жаданні бачыць Беларусь моцнай і незалежнай. Новыя члены – сапраўдныя патрыёты краіны, думаю, яны далучацца да тых добрых спраў і праектаў, якія працуюць ужо ў рэгіёне. Прыемна, што нават калі сесія закончылася, юнакі і дзяўчаты ў добрым сэнсе закідалі ідэямі і прапановамі, пытаннямі. Працаваць з моладдзю сёння трэба больш актыўна, увасабляць новыя формы сувязі – яны настолькі крэатыўныя. На сэрцы лёгка і спакойна, калі бачыш такіх маладых людзей – шчырых, апантаных, ініцыятыўных. Вялікае жаданне і далей працягваць працаваць з гэтымі рабятамі, упэўнена, мы яшчэ зладзім не адзін класны праект!