Як фірма «Валажынскі і К» дапаможа ўпрыгожыць Ляхавічы

У прадпрымальніцкай сферы Ляхавіччыны прозвішча Валажынскія замацавалася даўно, і, падобна, надоўга. Хуткасць, якасць, дасканалае захаванне тэхналогіі, павага ў адносінах да кліентаў — асноўнае, што вызначае работу прыватнага будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Валажынскі і К».
У бізнесе Валажынскія з 2000 года (у Ляхавічах прадпрыемства зарэгістравана з 2007 года), займаюцца вытворчасцю жалезабетонных канструкцый (агароджы, вароты, брамы, вырабы малой архітэктурнай формы). Прадукцыя паспяхова знаходзіць сваіх пакупнікоў па ўсёй краіне. Працуюць на прадпрыемстве па папярэдніх заказах і, як гаворыцца, «на склад». Аднак, там тавар доўга не залежваецца — даволі хутка знаходзіць сваіх гаспадароў — прыватных, закупляюць вырабы і для гарадоў, райцэнтраў, аграгарадкоў і вёсак.
— Мы абавязаны трымаць узятую з самага пачатку планку, таму і гарантуем якасць выкананай работы. Кожны выраб поўнасцю бетануецца, што надае яму трываласць і адпаведны знешні выгляд. Ад тэхналогіі не адыходзім ні на міліметр. Пастаянна абнаўляем асартымент, цяпер, акрамя іншага, робім і вокны ПВХ, — расказвае дырэктар прыватнага прадпрыемства Юрый Валажынскі. Заснавальнікам фірмы з’яўляецца яго брат Генадзій. Дарэчы, у невялікім калектыве (усяго 8 чалавек) працуе і сын Юрыя Эдуардавіча.
Жыхары Баранавічаў Валажынскія для Ляхавіччыны — не чужыя. Іх бацька калісьці жыў у Сваятычах, а прадпрыемства зараз знаходзіцца ў райцэнтры на вуліцы Вакзальнай. Агароджы, зробленыя тут, не першы год упрыгожваюць вуліцы Ляхавіч, аграгарадкоў Русінавічы, Навасёлкі, Жарабковічы, Нача, Конькі, вёсак Зубелевічы, Канюхі і іншых.
У бліжэйшы час «Валажынскі і К» плануе стварыць яшчэ адну фірму, пашырыць вытворчасць, а гэта значыць — на спажывецкім рынку з’явіцца новая прадукцыя і новыя рабочыя месцы.
Але, як гаворыцца, не хлебам адзіным жыве чалавек. Дабрачыннасць — яшчэ адна вызначальная рыса бізнесу Валажынскіх. Менавіта яны выступілі з ініцыятывай і зрабілі падарунак Ляхавічам да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013»: прадукцыя ўласнай вытворчасці — разнастайныя жалезабетонныя скульптуры, кветнікі, іншыя вырабы малых архітэктурных формаў на суму звыш 6 мільёнаў рублёў — перададзена камунгасу і хутка ўпрыгожыць наш горад.
Ініцыятыва вартая пераймання. Толькі разам мы зробім нашы Ляхавічы сучасным, стыльным, утульным і гасцінным горадам.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Як фірма «Валажынскі і К» дапаможа ўпрыгожыць Ляхавічы

  • 18/05/2013 в 09:15
    Permalink

    Малайцы, Валажынскія!. Зрабілі гораду добры падарунакі паказалі прыклад іншым. Цікава, хто першым падтрымае гэта сапраўды дыбрачынную ініцыятыву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *