Талент і прыгажосць у міні-фармаце. Конкурс «Міс малютка-2021» у Ляхавічах стаў сапраўдным святам

Якой павінна быць сапраўдная міс? Бясспрэчна, таленавітай, прыгожай, абаяльнай, з добрым сэрцам і ўменнем годна трымаць сябе ў любой сітуацыі. Усе гэтыя якасці на сцэне гарадскога Дома культуры ў мінулую нядзелю дэманстравалі пяць юных ляхавічанак, якія прымалі ўдзел у конкурсе «Міс малютка-2021».

Каб атрымаць запаветны тытул, ім трэба было прайсці пяць конкурсаў. У першым –«Візітоўцы» – дзяўчынкі прэзентавалі сябе.

Канкурсантка Віка Маслоўская расказала, што вельмі любіць танцаваць, спяваць і выдатна іграе на сінтэзатары. Аня Адаська ў вольны час дапамагае маме. У ліку хобі дзяўчынкі – маляванне, заняткі спевамі, танцы, на якія, дарэчы, яна ходзіць з чатырох гадоў. А яшчэ займаецца ў музычнай школе і марыць стварыць сваю групу. Паліна Жалнова – таксама натура творчая. Дзяўчынка займаецца ў гуртку «Арыгамі», клапоціцца пра свой міні-заапарк: ката, сабаку і чарапашку. Як расказала Паліна, яна ва ўсім імкнецца быць лепшай, каб тата і мама ёю ганарыліся. Маленькая, забіяцкая і актыўная –так ахарактарызавала сябе канкурсантка Маша Булыга.

У вольны час яна дакладна ведае, чым сябе заняць – вельмі любіць танцаваць, маляваць, ляпіць з пластыліну. Крэатыўна да сваёй візітоўкі падышла Варвара Рамейка. Дзяўчынка расказала казку пра дзвюх прынцэс. Яна вельмі любіць ляпіць, майстраваць, вучыць вершы, спяваць і танцаваць. А яшчэ з задавальненнем гуляць у шахматы і шашкі. У планах Варвары – пакарыць такую вяршыню, як Галівуд.

У другім конкурсе дзяўчынкам трэба было адгадаць назву і аўтара казкі, праслухаўшы ўрывак з яе. «Папялушка», «Прынцэса на гарошыне», «Прыгоды Бураціна» – казкі былі адгаданы беспамылкова.

У конкурсе «Авангардная мода» дзяўчынкі з матулямі дэманстравалі вобразы, створаныя з падручных матэрыялаў: газет, сурвэтак, пакетаў, фольгі, паперы і іншага. З гэтым заданнем справі-
лася кожная каманда: уборы выглядалі крэатыўна і цэласна, а дзяўчынкі былі сапраўднымі мадэлямі.

Конкурс «Свет маіх захапленняў» адкрыў гледачам творчы свет маленькіх прыгажунь. Паліна Жалнова марыць стаць урачом, пра што расказала ў вершы «На ўколы». Віка Маслоўская, Аня Адаська і Варвара Рамейка здзіўлялі журы сваімі вакальнымі магчымасцямі. А Маша Булыга любіць лунаць у аблоках і пырхаць, як матылёк. Гэта яна і паказала ў танцы.

Назва заключнага конкурсу «На балі ў Папялушкі» кажа сама за сябе. Юныя ляхавічанкі дэманстравалі бальныя ўборы. Журы ацэньвала паходку, грацыёзнасць і ўменне сябе трымаць на сцэне.
Падвядзенне вынікаў – хвалюючы момант як для дзяўчынак, так і для журы.

– Кожная ўдзельніца конкурсу ўнікальная. Вы ўсе выдатна падрыхтаваліся, і нам сапраўды было складана прыняць рашэнне, – адзначыў член журы, кіраўнік народнага тэатральнага калектыву «Дом Дыягена» Арцём Бадак.Самай фотагенічнай, на думку журы, была Аня Адаська, яна атрымала тытул «Міс фота». Заваявала залу сваім запалам і артыстызмам Варвара Рамейка, яна «Міс артыстычнасць». Тытул «Міс зачараванне» атрымала Паліна Жалнова. Самай грацыёзнай прызнана Віка Маслоўская, яе тытул «Міс грацыя». І, нарэшце, тытул «Міс малютка-2021» і прыз глядацкіх сімпатый атрымала Маша Булыга.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.