Унучка колішніх уладальнікаў Каранеўшчыны /Ляхавіцкі раён/ пабывала на радзіме продкаў

Будынак былога сядзібнага дома.

У лютым 2011 года на старонках «Ляхавіцкага весніка» быў надрукаваны артыкул пад назвай «Лопаты. Гісторыя высакароднага сямейства», у якім расказвалася пра лёс шляхецкага роду Лопатаў, даўнейшых уладальнікаў сядзібы ў вёсцы Каранеўшчына.
І вось у маі гэтага года гісторыя атрымала працяг — радавое гняздо сваіх продкаў наведала Марыя Касіна, унучка Стэфана Лопата, апошняга з гэтай сям’і, пахаванага на беларускай зямлі.

Лопаты пражывалі на тэрыторыі Беларусі больш за чатырыста гадоў. Яны не належалі да ліку багатых магнацкіх родаў, але часам займалі вельмі адказныя дзяржаўныя пасады. Вядома, што некаторыя члены сям’і служылі пры двары князёў Радзівілаў у Нясвіжы.
Сядзібу ў Каранеўшчыне, а таксама невялікі маёнтак Тэафілін набыў у другой палове ХІХ стагоддзя калежскі сакратар Рамуальд Лопат.
Дзякуючы дакументам з сямейнага архіва, прывезеным у Беларусь Марыяй Касінай, мы можам даведацца пра раздзел маёнткаў паміж унукамі Рамуальда. У 1926 годзе сядзібу ў Каранеўшчыне атрымаў Вітольд Лопат, па адукацыі аграном. Тэафілін дастаўся Яніне Лопат і яе мужу Уладзіславу Гарчыцкаму. Стэфан Лопат, які меў медыцынскую адукацыю, атрымаў грошы, на якія адкрыў уласную невялікую клініку ў Брэсце.

Марыя Касіна (у цэнтры) у бібліятэцы, якая размешчана ў сядзібным доме Лопатаў.

Стэфан быў вопытным урачом і карыстаўся вялікай павагай у сваіх пацыентаў. У сям’і Лопатаў да гэтага часу расказваюць гісторыю пра тое, як ён прааперыраваў у Каранеўшчыне аднаго селяніна. У хворага быў заварот кішак і транспар-таванне ў бальніцу ён проста мог не перанесці. Стэфан загадаў сабраць усе газавыя лямпы, якія меліся ў вёсцы, і пры такім асвятленні рабіў аперацыю, чым выратаваў свайму пацыенту жыццё. Аднак, лёс не быў літасцівым да Стэфана Лопата, які практычна ўсё жыццё прысвяціў лячэнню хворых. У 1924 годзе ў малодшай з трох яго дачок Алы выявілі цяжкае захворванне — запаленне абалонак галаўнога мозга. Дзяўчынку не змаглі выратаваць, і складненні пасля няўдала зробленай яму аперацыі.
Данута Лопат, другая дачка Стэфана, пражыла доўгае і поўнае падзей жыццё. У час Другой сусветнай вайны яна была медсястрой у арміі генерала Андэрса, з якой прайшла Сярэднюю Азію, Афрыку, Бліжні Усход, Італію. Пазнаёмілася са сваім будучым мужам, хірургам Станіславам Касінай. Пасля вайны працавала медсястрой у варшаўскай клініцы, пісала сцэнарыі для медыцынскіх фільмаў. Яе аўтарству належаць таксама некалькі падручнікаў для медсясцёр, якія асісціравалі пры аперацыях.

Стэфан Лопат (фота часоў Першай сусветнай вайны).

Дачка Дануты і Станіслава Марыя Касіна нарадзілася ў 1950 годзе. У час палітычнага крызісу ў Польшчы Марыя з дзецьмі пераехала жыць у Канаду (зараз яна пражывае ў прыгарадзе Манрэаля).
Марай гэтай жанчыны, якая ніколі раней не бачыла Беларусь, было наведаць месцы, звязаныя з жыццём самага блізкага чалавека — маці. Доўгі час гэта жаданне не ўдавалася ажыццявіць — настолькі доўгім і дарагім было падарожжа з Канады ў нашу краіну.
І вось, нарэшце, 2 мая гэтага года, мара Марыі спраўдзілася. Аўтар разам з ёю і яе сяброўкай Івонай Цыранкевіч пабываў у месцах, звязаных з гісторыяй сям’і Лопатаў.
Спачатку пабывалі на старых каталіцкіх могілках у вёсцы Дарава, дзе знаходзяцца фамільныя пахаванні Лопатаў. Там Марыя запаліла лампаду на магіле свайго дзядулі доктара Стэфана Лопата, а таксама на магілах прадзядулі Вітольда і прабабулі Ганны.
Затым Марыя Касіна наведала сядзібу ў Флер’янове і, нарэшце, пабывала ў радавым гняздзе Лопатаў у Каранеўшчыне. Зараз у былым прысядзібным доме размяшчаецца бібліятэка. Дарэчы, яе супрацоўнікі памятаюць пра тое, як вёску ў пачатку 1990-х гадоў наведалі прадстаўнікі сям’і Лопатаў, якія зараз пражываюць у Варшаве.
У Каранеўшчыне Марыя сустрэлася і з мясцовымі старажыламі, якія памятаюць яе дзядулю і іншых родных.
Марыя Касіна наведала і замак Радзівілаў у Нясвіжы. Там у адной з залаў музейнай экспазіцыі яна ўбачыла старую кнігу, што належала аднаму з яе далёкіх продкаў Станіславу Лопату, які служыў пры двары знакамітых магнатаў.

Дом Лопатаў у Каранеўшчыне, фота 1910 г.

Трэба сказаць, што ад падарожжа па Беларусі ў Марыі засталіся цудоўныя ўспаміны. Яе ўразілі прыгажосць нашай прыроды, вялікая колькасць помнікаў гісторыі, душэўнасць і добразычлівасць людзей. Адзначыла ўнучка Стэфана Лопата цёплы і шчыры прыём, які аказалі ёй супрацоўнікі бібліятэкі ў Каранеўшчыне.
Дзмітрый ЗАГАЦКІ,
г. Баранавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *