Вызначэнне «шэрая» зарплаце не пасуе

Не сакрэт, што на некаторых прадпрыемствах работнікі, паставіўшы свой подпіс у ведамасці за невялікую зарплату, чакаюць асноўнага заробку, які атрымліваюць «у канверце». Па выніках работы за мінулы год у раёне налічваецца каля 30 арганізацый малога бізнесу, у якіх работнікі атрымліваюць у эквіваленце менш за 200 долараў. Пры гэтым нярэдка па рахунках такіх фірмаў праходзяць даволі ўнушальныя сумы, што адразу выклікае падазрэнні: напэўна, асноўную частку заробку супрацоўнікам плацяць неафіцыйна, гэта значыць, «у канверце».
А што самі работнікі? Адны радуюцца таму, што абвялі вакол пальца падатковую інспекцыю, не даплаціўшы падаходны падатак з сумы звыш афіцыйнага заробку. Іншыя і наогул не задумваюцца, што стаіць за «шэрай» зарплатай. Работадавец не спяшаецца патлумачыць, якімі непрыемнасцямі можа абярнуцца зарплата «ў канверце», бо яму выгадна эканоміць і на падатках, і на супрацоўніках. Напрыклад, калі работнік раптам захоча «качаць правы» перад звальненнем, нічога добрага апошняму чакаць не давядзецца. Пры звальненні чалавеку заплацяць капейкі, і даказаць што-небудзь той не зможа нават праз суд. Ёсць і іншыя нюансы, якія добра было б ведаць да таго, як пагадзіцца на зарплату «ў канверце».
Пры выхадзе ў дэкрэтны водпуск дапамога па цяжарнасці і родах будзе мізэрнай, хаця рэальны працоўны даход будучай маці быў немалым. Справа ў тым, што асноўную частку зарплаты будучая маці атрымала асабіста на рукі, а вось згодна афіцыйных ведамасцяў заробак быў значна меншы. Дапамогу ёй налічаць, безумоўна, зыходзячы з адкрытых даных.
Нярэдка работадавец прапануе выбар: ты атрымаеш вось столькі, але неафіцыйна, або менш, але ўсё будзе законна. Работнік мяркуе: да пенсіі яшчэ дажыць трэба, а жыву я сёння, так што давайце «ў канверце», потым разбяромся…
Будучая патэнцыяльна мізэрная пенсія для маладых людзей, якім яшчэ не адно дзесяцігоддзе працаваць, і сапраўды можа падацца непераканаўчым аргументам. Куды важней пагаварыць пра тое, што можа адбыцца сёння-заўтра. Напрыклад, чалавеку спатрэбіцца крэдыт на пакупку або будаўніцтва кватэры. Як пацвердзіць банку сваю плацежаздольнасць?
Дарэчы, з аплатай навучання дзяцей, з пакупкай жылля, аўтамабіля і іншымі буйнымі фінансавымі тратамі таксама могуць узнікнуць праблемы. Такія аперацыі знаходзяцца пад кантролем шэрагу афіцыйных органаў, і ў чалавека ў любы момант могуць запатрабаваць прадаставіць дэкларацыю аб даходах для ўстанаўлення крыніцы даходаў і іх памеру. Паспрабуй даказаць, якім чынам ты ўмудраешся на сваю мізэрную зарплату так шыкаваць.
Пра факты выплаты заработнай платы «ў канвертах» вы можаце паведаміць у інспекцыю МПЗ Рэспублікі Беларусь па Ляхавіцкім раёне па тэлефонах «гарачай» лініі 2-36-27, 2-34-86 або па «тэлефоне даверу» 2-05-55.
Алена ЦІТ,
начальнік аддзела
падаткаабкладання
арганізацый і
іншых даходаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *