Прыходзьце за прышчэпкай. Больш за тысячу жыхароў Ляхавіччыны паўдзельнічалі ў прышчэпачнай кампаніі

Фота з архіва «ЛВ»

Медыкі, інфекцыяністы аднагалосна сцвярджаюць: пакуль адзінае эфектыўнае супрацьдзеянне каранавірусу – вакцынацыя. Больш за тысячу жыхароў Ляхавіччыны свой выбар ужо зрабілі – паўдзельнічалі ў прышчэпачнай кампаніі.
Вось меркаванні некаторых з іх на карысць атрымання вакцыны.

Вольга МОНАК, галоўны ўрач аблпсіхбальніцы «Крывошын»:
– Пачатковую дозу вакцыны «Спутнік V» расійскай вытворчасці атрымала ў лютым, другую – у сакавіку. Пасля першага этапу ніякіх пабочных праяўленняў не было, пасля другога – на некалькі гадзін нязначна (да 37 градусаў) падымалася тэмпература.
Працую з людзьмі і па прафесіі ўваходжу ў групу рызкі: пацыенты, калегі, ёсць вялікі шанц падхапіць інфекцыю, а потым і самой стаць яе распаўсюджвальнікам. Ведаю, што ў многіх хвароба працякала вельмі складана, ды і посткавідныя наступствы цяжкія. Таму рашэнне адназначнае: вакцынавацца.
Не хварэла COVID-19 ні да прышчэпкі, ні пасля. А вось сын-школьнік перахварэў. Не заразілася, напэўна, дзякуючы ў тым ліку і «Спутніку».

Таццяна ЗУБІК, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Перахварэла каранавірусам у лістападзе – снежні мінулага года. Не хочацца паўтараць, рызыкаваць здароўем яшчэ і блізкіх. Таму, як толькі з’явілася вакцына, прыняла рашэнне прышчапіцца. Тым больш, з’явіўся выдатны шанц атрымаць прышчэпку непасрэдна па месцы работы – у будынак райвыканкама прыехала медыцынская брыгада. Папярэдзілі пра пабочны эфект ад увядзення вакцыны. Да вечара ў мяне і сапраўды паднялася тэмпература, потым некалькі дзён балела месца ўвядзення прэпарата. Лічу, што гэта нязначныя праблемы ў параўнанні з той вялікай рызыкай для здароўя, якой з’яўляецца каранавірус. Цяпер усё доб-ра. Чакаю наступнага этапу, для мяне ён будзе ў чэрвені.

Валянціна ПРЫХАЧ, пенсіянерка:
– Так здарылася, што мне неабходна была шпіталізацыя па прычыне хваробы сэрца. Але я баялася ісці ў бальніцу, каб не заразіцца каранавірусам. Сама не хварэла, а вось дзеці, хоць і дарослыя, перанеслі кавід нялёгка.
У паліклініцы прапанавалі вакцынавацца, сказалі, што ўваходжу ў групу рызыкі і па ўзросце, і па захворваннях. Першую прышчэпку мне зрабілі ў апошнія дні красавіка, другую – 20 мая. Кожны раз мералі ціск, тэмпературу, узровень кіслароду. Пасля абодвух этапаў адчуваю сябе добра, ніякіх непажаданых наступстваў асабіста ў мяне не было. Хоць і вакцынавалася, але меры прафілактыкі выконваю: калі іду ў магазін ці паліклініку, абавязкова нашу маску, таксама апрацоўваю рукі.
Запісала Галіна КАНЬКО.