Дзякуй, школа мастацтваў! Гарадскі Дом культуры стаў месцам прыцягнення творчых і таленавітых выхаванцаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў

28 мая гарадскі Дом культуры стаў месцам прыцягнення творчых і таленавітых выхаванцаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Тут ушаноўвалі выпускнікоў установы і адзначалі выдатнікаў вучобы і актывістаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы пад дружныя апладысменты настаўнікаў, родных, шматлікіх гасцей пасведчанні аб заканчэнні ДШМ уручаны 49 навучэнцам, з якіх пяць выпускнікоў харэаграфічнага аддзялення, восем юных мастакоў  і 36 пачынаючых музыкантаў-выканаўцаў.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Аляксандра Кузьміч (настаўнік па класе фартэпіяна Ірына Тулейка), Ксенія Шчука (настаўнік па класе гітары Жанна Рыжая) і Аляксандр Бурбуць (настаўнік па класе акардэона Людміла Грыб) – выпускнікі-выдатнікі, а яшчэ яны актыўныя ўдзельнікі канцэртнай дзейнасці. Сярод юных мастакоў-выпускнікоў граматай за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у конкурсах узнагароджаны Аліна Мішкевіч, Арцём Салагуб, Міраслава Страмавус, Ніка Чарняк і Кацярына Калоша (настаўнік Анастасія Коктыш).


Шчыра і цёпла з заканчэннем школы мастацтваў рабят віншавала дырэктар Марыя Лутавінава. Ад імя бацькоў выпускнікоў слова ўдзячнасці настаўнікам за прафесіяналізм, уменне адкрываць і абуджаць таленты выказала Наталля Ісаханава. Сярод тых, хто здаваў выпускны экзамен, і яе дачка Ангеліна.


Гучыць музыка. Адзін нумар мастацкай самадзейнасці змяняе другі. На сцэне лепшыя выступленні сёлетніх выпускнікоў і навучэнцаў ДШМ. Яны цудоўна іграюць на фартэпіяна, гітары, акардэоне, баяне і іншых музычных інструментах, прыгожа малююць і грацыёзна танцуюць. Заслуга ў гэтым настаўнікаў. Дзякуючы педагогам многія навучэнцы сталі лаўрэатамі і дыпламантамі конкурсаў рознага ўзроўню. Так, ансамбль гітарыстаў «Сем нот, шэсць струн» (кіраўнік Жанна Рыжая) удастоены россыпу ўзнагарод, сярод якіх і міжнародныя, і рэспубліканскія адзнакі вышэйшай пазіцыі. На працягу года не аднойчы вызначаўся ў творчых спаборніцтвах і не ў адной намінацыі харэаграфічны калектыў «Сюрпрыз» (кіраўнікі Таццяна Яўсей і Алеся Груша). Сярод дыпламантаў – баянна-акардэонны ансамбль «Настрой» (кіраўнік Якаў Мурзіч), дуэт скрыпачоў «Туцці» (кіраўнік Вольга Сілівончык). Іван Валуй (настаўнік Мікалай Шклянік), Марыя Шкут (настаўнік Ірына Тулейка), Сафія Дыдышка і Анастасія Курбека (настаўнік Вольга Сілівончык), Міхаіл Стасюк (настаўнік Якаў Мурзіч), Арсеній Ламанос (настаўнік Аляксей Беразоўскі) – іх выканальніцкае майстэрства высока ацэнена журы званнямі лаўрэатаў і дыпламантаў. Выпускнік гэтага года і пераможца раённага фестывалю-конкурсу «Іграй, мой баян» (у намінацыі «ансамбль») Станіслаў Мухарэўскі (настаўнік Людміла Грыб) быў удастоены гонару выступіць на канцэрце ў складзе ансамбля настаўнікаў ДШМ у якасці ўдарніка.
А музыка гучыць. І творчы шлях Ляхавіцкай ДШМ працягваецца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.