Задачы на лета. На прамой тэлефоннай лініі «ЛВ» працавала начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама

Пытанні, што датычацца адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення, заўжды актуальныя. Гэта пацвярджае і прамая тэлефонная лінія «ЛВ», на якой напрыканцы мая працавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская. Арганізацыя летняга адпачынку школьнікаў, правядзенне экзаменаў і выпускных вечароў, работа школ падчас канікулаў, аптымізацыя навучальных устаноў, кадравы педагагічны складнік – тэмы, якія хвалююць землякоў.

Святлана Канстанцінаўна, колькі змен сёлета будзе ў аздараўленчым лагеры «Чайка»? Як набыць туды пуцёўкі?
Таксама мяне хвалюе, як будуць выконвацца ў лагеры супрацьэпідэмічныя меры…
Анастасія, г. Ляхавічы.

– Канешне, пандэмія каранавіруса ўнесла карэктывы ў арганізацыю летняга адпачынку. Але, тым не менш, прыкладзены ўсе намаганні, каб нашым дзецям было камфортна і бяспечна падчас канікулаў.
Любімы юнымі ляхавічанамі аздараўленчы лагер «Чайка» і сёлета прыме адпачываючых. Першыя тры змены будуць звычайныя, чацвёртая – спартыўная. Дарэчы, на пуцёўкі сёлета быў істотны попыт, усе яны прададзены.
Каб мінімізаваць распаўсюджванне кавіда і знізіць рызыку заражэння, змена прыме 75 хлопчыкаў і дзяўчынак, пры тым што праектная магутнасць разлічана на 110 чалавек.
У кожным з пяці карпусоў размяшчаецца па 15 дзяцей. Пасля заезду да мінімуму будуць зведзены зносіны з бацькамі. Што тычыцца работнікаў лагера, то ім неабходна пацвярджэнне атрымання прышчэпкі ці адмоўны вынік ПЦР-тэста.
Усе кадры – педагагічныя, работнікі харчаблока, медыкі –скамплектаваны. Як і раней, прыцягваем да работы студэнтаў.
Калі вы не паспелі купіць пуцёўку ў «Чайку», не варта засмучацца. Па традыцыі будуць дзейнічаць і прышкольныя лагеры з дзённым знаходжаннем – ва ўсіх школах, а таксама на базе ЦКРНіР. У планах – аздаравіць 635 навучэнцаў у летніках з дзённым знаходжаннем. Кожны лагер прыдумвае цікавую праграму, каб рабятам было весела і запамінальна. Плюс да ўсяго запросяць юных эрудытаў і сёлета профільна-адукацыйныя лагеры «Эўрыка», «Сонейка».

– Дзякуй за тое, што сёлета ўсё ж пройдзе раённы баль выпускнікоў. Гэта такое свята для ўсіх – і дзяцей, і дарослых. Скажыце, калі ласка, ці будуць свае выпускныя ў школах?
Яўгенія, Ляхавіцкі раён.

– 10 чэрвеня на плошчы Леніна ў Ляхавічах пройдзе раённы баль выпускнікоў. Пачатак прызначаны на 18 гадзін. Будзе, як заўжды, урачыста, прыгожа. Кожная школа рыхтуе і сваю праграму для выпускнікоў.
Калі дазволіць надвор’е, то рэкамендуем праводзіць выпускныя на свежым паветры. Абавязковае патрабаванне: у школах вечары праводзяцца да 23 гадзін.

Сын заканчвае дзявяты клас. Хацеў бы летам падзарабіць грошай. Чуў пра працоўныя атрады для падлеткаў.
Ці плануецца іх работа гэтым летам?
Аляксандр, Ляхавіцкі раён.

– Прыемна, што юныя землякі жадаюць уласнай працай зарабіць грошы. Гэта пацвярджае і штогадовая запатрабаванасць другаснай занятасці.
Лета-2021 прапануе ў Ляхавіцкім раёне чатыры лагеры працы і адпачынку: на базе гімназіі, СШ № 1, Навасёлкаўскай і Ліпскай СШ. Матэрыялы для работы і зарплата традыцыйна фінансуюцца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

– Кожны год праводзіцца касметычны рамонт у школах. А ці будзе сёлета дзе-небудзь капітальны рамонт?
Валянціна, г. Ляхавічы.

– Капітальных рамонтаў сёлета не прадбачыцца. Адзінае, што плануем, – устаноўку аўтаномнай пажарнай сігналізацыі ў Тухавіцкім дзіцячым садку. Рыхтуем праектна-каштарысную дакументацыю на капітальны рамонт харчаблока СШ № 1, але работы будуць праводзіцца ў наступным годзе.
Для касметычнага рамонту, як заўжды, фарбу закупляем за кошт бюджэту. Абавязкова правядзём праверку халадзільнага абсталявання, прамыўку водаправодаў і іншыя неадкладныя мерапрыемствы.

Дачка з сям’ёй плануе пераехаць жыць у Ляхавічы. Мае 14- і 12-гадовы ўнукі, адпаведна, будуць вучыцца ў адной з гарадскіх школ. Скажыце, калі ласка, па якіх прадметных профілях і дзе праводзіцца навучанне?
Вера, г. Ляхавічы.

– У шасці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі – гімназіі, СШ № 1 і № 2, Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча, Ліпскай СШ –
адкрыты профільныя класы. На павышаным узроўні ў школах вывучаюць па два прадметы, у гімназіі – тры прадметы. Дзейнічаюць групы аграрнай накіраванасці ў СШ № 1 і № 2. Ёсць таксама педагагічныя класы, спартыўна-педагагічная група, спецыялізаваны клас па спорце. Выбірайце, што даспадобы, і да чаго ёсць схільнасці ў вашых унукаў.

На летнія канікулы прыязджаюць з Мінска ўнукі-школьнікі. Святлана Канстанцінаўна, раскажыце, калі ласка, ці магу я на гэты час запісаць іх у гурткі ў ЦДАДіМ? Такая паслуга платная?

– Так, вы маеце поўнае права запісаць унукаў у аб’яднанні па інтарэсах, якія па розных напрамках працуюць у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Такія заняткі для дзяцей бясплатныя. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць непасрэдна на старонцы ЦДАДіМ на сайце аддзела па адукацыі пад рубрыкай «Летнія канікулы».

Чаму апошнім часам не такія ўнушальныя перамогі школьнікаў
нашага раёна на абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах?
Анатолій Тураў, в. Ганчары.

– Адкажу так: год на год не прыпадае. Сапраўды, сёлета нашы разумнікі не адзначыліся перамогамі на рэспубліканскім узроўні, але былі вікторыі абласнога маштабу.
Перамогі на алімпіядах, безумоўна, ганарова і для рабят, і для іх настаўнікаў, працуюць і на прэстыж раёна. І нашы юныя землякі гучна заяўляюць пра сябе. Але ж не заўжды перамагаюць. Лічу, галоўнае – даць належныя веды па прадметах і выхаваць сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны – патрыёта, якому неабыякавы лёс краіны, які ўмее суперажываць і дапамагаць, імкнецца да самаўдасканалення. Не важна, кім ён стане, – медыкам ці настаўнікам, будаўніком
ці праграмістам, артыстам ці поварам, важна, і гэта не пафас, стаць сапраўдным чалавекам.

Пытанне ад «ЛВ».
– Святлана Канстанцінаўна, колькі вучняў цяпер ў школах Ляхавіцкага
раёна і колькі дашкольнікаў?
Ці прадоўжыцца аптымізацыя ўстаноў адукацыі ў наступным навучальным годзе ў сувязі з тым, што колькасць насельніцтва раёна змяншаецца?

– На заканчэнне навучальнага года ў школах раёна займаліся 2624 вучні, плюс 826 хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць дзіцячыя садкі ў горадзе і сельскіх населеных пунктах.
Канешне, змяншэнне колькасці насельніцтва, у тым ліку непаўналетніх, адбіваецца і на напаўняльнасці ўстаноў адукацыі. Напрыклад, у 2020/2021 навучальным годзе карціна была наступная: у СШ № 2 – 648 вучняў, СШ № 1 – 577, гімназіі – 545.
З сельскіх школ самая вялікая па колькасці вучняў – Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча, дзе больш за сто вучняў, у астатніх – больш за 50. Выключэнне – Тальмінавіцкі ВПК, дзе 36 вучняў і шасцёра дашкалят. Таму прынята рашэнне аб аптымізацыі.
На наступны навучальны год на адукацыйнай карце Ляхавіччыны будзе адсутнічаць навучальная ўстанова ў Тальмінавічах. Школа-сад закрываецца, рабяты будуць вучыцца ў гарадскіх школах, а дашкольнікаў прыме Русінавіцкі дзіцячы сад. Падвоз будзе ажыццяўляцца па двух маршрутах. Канешне, прапануем працоўныя месцы і калектыву Тальмінавіцкага ВПК. Аддзел па адукацыі ўдзячны бацькам вучняў, педагогам за разуменне сітуацыі. Сапраўды, дзіцё лепш развіваецца, успрымае матэрыял, калі ў  класе не два-тры чалавекі, а ў разы больш, калі ёсць з кім параўноўваць свае веды. Ды і для развіцця камунікатыўных зносін, адаптацыі ў соцыуме гэта надзвычай
важна.

Пытанне ад «ЛВ».
– Наколькі ўстановы адукацыі Ляхавіччыны забяспечаны кадрамі? Якое маладое папаўненне чакаецца?

– Яшчэ нядаўна ў нашым раёне быў адзін настаўнік-метадыст (гэта самая высокая кваліфікацыйная катэгорыя ў педагогаў) – выкладчык хіміі СШ № 1 Сяргей Абярган. Нядаўна паспяхова экзамены на атрыманне аналагічнага статусу вытрымала намеснік дырэктара СШ № 1 Ніна Юрчык, яе  профіль – пачатковыя класы.
З 592 педагогаў раёна 245 маюць вышэйшую катэгорыю, 225 – першую, 52 – другую, 69 – без катэгорыі.
Катэгорыя – гэта не толькі пацвярджэнне педагагічнага майстэрства, але і істотная прыбаўка да заработнай платы. А для  маладых настаўнікаў – стымул для ўдасканалення.
Калі гаварыць пра сёлетні прыход маладых спецыялістаў, то чакаем шэсць педагогаў. Аднак, вырашыць асноўную праблему – недахоп настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю – нам усё ж у 2021/2022 навучальным годзе не ўдасца. Таму ўдзячны педагогам, якія па ўзросце заслужылі адпачынак, але прадаўжаюць працаваць. Радуе і той факт, што некаторыя настаўнікі, якія раней змянілі сферу дзейнасці, вяртаюцца ў школы, дзіцячыя  садкі – прафесіяналы нам патрэбны.
Наконт маладога папаўнення ў педагагічнай сям’і Ляхавіччыны скажу наступнае. Калі пасля заканчэння ВНУ ці ССНУ прыходзяць на першае месца працы жыхары Ляхавіччыны, то 60 працэнтаў з іх застаецца тут пасля адпрацоўкі. А вось спецыялісты з іншых рэгіёнаў замацоўваюцца радзей. Хаця апошнім часам значным аргументам на карысць застацца стала вырашэнне жыллёвага пытання, у прыватнасці, магчымасць атрымання арэнднага жылля. Маладыя спецыялісты атрымліваюць дастойную
зарплату, у тым ліку, дзякуючы разнастайным даплатам і надбаўкам.

На прамой лініі працавала
Галіна КАНЬКО.