Калі душа ў згодзе з прыродай. 5 чэрвеня – Дзень аховы навакольнага асяроддзя

З нараджэння мы атрымліваем неацэнныя падарункі: зямлю, лясы, рэкі, непаўторныя ландшафты, разнастайнасць флоры і фаўны… Усё гэта ўспрымаем як належнае, нават не задумваючыся, што нічога вечнага не існуе. З кожным годам усё больш актуальнай становіцца задача зрабіць усё магчымае, каб захаваць экалагічную раўнавагу, каб і мы,  і будучыя пакаленні дыхалі незабруджаным паветрам, пілі чыстую ваду, а жывёл і птушак маглі бачыць не толькі на фатаграфіях.

5 чэрвеня адзначаецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Напярэдадні гэтай даты карэспандэнт «ЛВ» адправіўся са спецыялістамі прыродаахоўнай службы ў рэйд.

Сметнік… у кустах

Пачынаем свой рэйд з вуліцы Працоўнай у райцэнтры. Яна знаходзіцца ў раёне сельгастэхнікі.

– Вакол прамзона, ускраіна горада, зараснікі дрэў і хмызнякоў. «Папулярнае» месца ў несвядомых грамадзян, каб пакінуць смецце, – адзначае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч.

І, на жаль, вопыт яго не падводзіць. У кустах сапраўды сметнік: тут і бытавыя адходы, шыфер, поліэтыленавая плёнка, старыя дзверы… Улічваючы, што ачагі знаходзяцца на тэрыторыі горада, адпаведныя рэкамендацыі інспекцыя адправіць у КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».

Увагу супрацоўнікаў інспекцыі прыцягвае гара вывезенай цэглы. Мяркуючы па ўсім, зроблена гэта было нядаўна, а сляды «злачынства» вядуць на прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства. Супрацоўнікі райінспекцыі пачынаюць сваё міні-расследаванне. І сапраўды, атрымліваецца даведацца, што на тэрыторыі прадпрыемства быў разабраны стары будынак, а яго часткі вывезены за тэрыторыю. Чым кіраваліся супрацоўнікі, калі пакідалі разабраную пабудову ў кустах, зразумець складана, але прыбраць усё ім давядзецца.

Выявіць і аператыўна выправіць

Свой рэйд працягваем у вёсцы Набярэжнай. Яна сустракае яркімі летнімі фарбамі: вакол буяюць зеляніна і кветкі. Адзінае, што псуе вясковы краявід, – перапоўненая сметніца на прыпынку грамадскага транспарту. Сігнал неадкладна адпраўляецца ў ДРБУ-200, на кантролі якога знаходзіцца гэты аб’ект, і літаральна за гадзіну праблема аператыўна ўстараняецца.

На выездзе з вёскі таксама выяўляем праблемнае месца. Лясгас прачышчаў дарогу, а пасечаныя рэшткі склаў каля яе. Горы галля, напэўна, не дадаюць прыгажосці мясцоваму ландшафту. У лясгасе запэўнілі, што праблема будзе ліквідавана ў самы кароткі тэрмін.

Заязджаем на возера Мінічы, якое знаходзіцца ў арэндзе. Тэрыторыя ў парадку, ёсць кантэйнеры для паасобнага збору смецця і шыльды, што купанне забаронена. У інспекцыі не было ніякіх пытанняў.

Лепш пераправерыць

У вёсцы Мінічы за складскімі сушылкамі заўважаем горы кастрыцы, якая засталася пасля перапрацоўкі лёну. Ландшафт нагадвае паверхню Марса. Па словах супрацоўнікаў райінспекцыі, адходы захоўваюцца ў адпаведнасці з усімі правіламі.

Па дарозе заязджаем на тэрыторыю былой свінафермы. Раней у прыродаахоўнай службы да гэтай тэрыторыі было шмат пытанняў, аднак за апошні час праведзена работа па навядзенні парадку, і цяпер ніякіх заўваг няма.

Рэйд заканчваем пазнавальна: паміж вёскамі Цыганню і Крывошын праязджаем міма месца, дзе жыве сям’я баброў. Міні-экскурсію па Рэпіхаўскім парку праводзіць начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская. Заадно правяраем, як у ім падтрымліваецца парадак.

Чысціня і парадак на тэрыторыі нашага раёна – задача не толькі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а і кожнага з нас.

Ірына КУЗЬМІЧ.