Дарожная тэма без дробязей. На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў сярод іншых разглядалася пытанне «Аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў па павышэнні бяспекі дарожнага руху на тэрыторыі раёна»

Прадстаўнікі заканадаўчай улады пастаянна працуюць са зваротамі грамадзян, вырашаюць задачы не толькі агульнадзяржаўнай важнасці, а і праблемы, што тычацца асобнага населенага пункта, вуліцы ці канкрэтнага чалавека. Менавіта па такім прынцыпе дзейнічаюць народныя абраннікі і ў Ляхавіцкім раёне.

Падчас чарговага пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў сярод іншых разглядалася пытанне «Аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў па павышэнні бяспекі дарожнага руху на тэрыторыі раёна». Як адзначыў старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, дарожнае пытанне па колькасці зваротаў грамадзян уваходзіць у тройку найбольш актуальных і часта ўздымаемых. Толькі за пяць месяцаў гэтага года ў райвыканкам паступіў 21 зварот па ўтрыманні вулічна-дарожнай сеткі.

Эксплуатацыя, рамонт, парадак

Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская падрабязна спынілася на стане раённых дарог (усяго па тэрыторыі праходзяць 550 кіламетраў дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння, а таксама 225,8 кіламетра вуліц населеных пунктаў) і акрэсліла асноўныя мерапрыемствы па іх добраўпарадкаванні.

Эксплуатацыя дарожнага фонду – зона адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», ДРБУ-200, ДЭУ-23, ДЭУ-24. Сёлета з абласнога бюджэту на ўтрыманне і рамонт мясцовых дарог ДРБУ-200 выдаткавана больш за 1700 тысяч рублёў, камунгасу з раённага бюджэту – 180 тысяч рублёў.

Немалаважная акалічнасць: дрэнны стан дарог, неналежнае іх утрыманне адыгрываюць негатыўную ролю ў сітуацыі з ДТЗ. Таму супрацоўнікі АДАІ РАУС пастаянна праводзяць маніторынгі ўтрымання дарожнай сеткі. Сёлета выяўлены наступныя недахопы: наяўнасць дарожных знакаў з састарэлым плёначным пакрыццём, устаноўка знакаў на неналежнай вышыні ад узроўню праезнай часткі, ямы на дарозе. Усё вышэйпералічанае ўплывае на бяспеку дарожнага руху.

Спецыялісты райЦГіЭ кантралююць санітарны стан прыпыначных пунктаў. Сярод парушэнняў у плане санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва – смецце на кантэйнерных пляцоўках, неналежны стан кантэйнераў і скрыняў для збору адходаў, несвоечасовая ўборка туалетаў. Па выніках маніторынгаў кіраўніцтву дарожных арганізацый выдаюцца прадпісанні для ўхілення парушэнняў.

Дарэчы, нямала іх і ва ўтрыманні прыдарожных палос аўтамабільных дарог. Несвоечасова ачышчаюцца тэрыторыі ад аварыйных дрэў, не абрэзваюцца сухія і пашкоджаныя галіны, не высякаецца кустоўе.

Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская акцэнтавала ўвагу на неабходнасці неадкладна навесці парадак на прыдарожных палосах, закранула праблему ўборкі прыпыначных пунктаў. Яна прывяла такі прыклад: на прыпыначным пункце «Чыжы» чыста, падмецена, а за павільёнам – сметнік. Ёсць заўвагі ў райінспекцыі і да парадку на дарозе і паабапал яе на вуліцы Працоўнай у Ляхавічах.

Леанід Калбаса звярнуў увагу на наступны момант, які, у асноўным, тычыцца ДЭУ-24. На ўчастках прыдарожных палос, замацаваных за гэтай арганізацыяй, неабходна праводзіць санітарную ачыстку ад старых і аварыйных дрэў.

Марына Завадская нагадала, што ў рэспубліканскі комплекс мер па павышэнні бяспекі дарожнага руху «Добрая дарога» ўключаны і шэраг мерапрыемстваў па Ляхавіцкім раёне. У прыватнасці, устаноўка некаторых дарожных знакаў на аўтадарогах Ляхавічы – Сваятычы, Ляхавічы – Дамашы, уладкаванне штучных няроўнасцей на пешаходных пераходах па вуліцы Леніна ў райцэнтры, уладкаванне асвятлення на існуючых апорах па вуліцы Ціхай у Залужжы. Таксама, згодна з праграмай «Бяспека дзяцей», сёлета да верасня павінны быць абста-ляваны пешаходны пераход, устаноўлены дарожныя знакі па гарадской вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ адзначыла, што з запланаваных на мінулы год дарожных мерапрыемстваў два не выкананы. У прыватнасці,так і не зроблена пешаходная дарожка па вуліцы Пташука ў Ляхавічах, не рэканструявана частка тратуара па адным з бакоў па гарадскіх вуліцах Пушкіна і Дзесюкевіча. Усе работы павінны быць зроблены сёлета.

Што зроблена. І пра планы

Справаздачу пра дзейнасць дарожных службаў трымалі іх кіраўнікі.

Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога расказаў, што мінулагодняя праграма па павышэнні бяспекі і паляпшэнні ўмоў  дарожнага руху рэалізавана поўнасцю. Усе работнікі, задзейнічаныя на дарожных аб’ектах, забяспечаны спецадзеннем са святлоадбівальнымі элементамі. Наладжаны сістэма правядзення кантролю тэхнічнага стану транспартных сродкаў перад выхадам на лінію, а таксама перад- і паслярэйсавая медыцынская праверка вадзіцеляў. На працягу года па меры неабходнасці праводзіцца ямачны рамонт. Толькі за студзень – май адрамантавана 2693 квадратныя метры дарог, якія знаходзяцца на балансе ДРБУ-200.

Начальнік ДЭУ-24 Уладзімір Есьман паведаміў, што 47,5 кіламетра дарог рэспубліканскага значэння на тэрыторыі Ляхавіччыны абслугоўвае дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне № 24.

Сёлета за пяць месяцаў асвоена 179 тысяч рублёў на бягучы рамонт дарог, устаноўку знакаў і іншыя работы. На 2021-ы запланавана выдаткаваць 35 тысяч рублёў на ўладкаванне дарожнай разметкі.
Гарадскія дарогі знаходзяцца на балансе Ляхавіцкай ЖКГ. Дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі акрэсліў маштаб зробленага, нагадаў, што ў красавіку абноўлена дарожная разметка (агульная сума затрат – 8900 рублёў), работы прадаўжаюцца. Праводзяцца ямачны рамонт і грэйдзіраванне вуліц, рамантуюцца дарожныя знакі,уладкоўваюцца веладарожкі, тратуары, праезды і г. д. Зараз вядуцца будаўніча-мантажныя работы на аб’екце «Рэканструкцыя вуліц Першамайскай, Мінскай у г. Ляхавічы» – асвоена 355 тысяч рублёў. Сёлета плануецца завяршыць будаўнічыя работы па ўладкаванні пешаходнай і веласіпеднай дарожак па гарадской вуліцы Пташука з іх асвятленнем.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна параіў дарожным службам не толькі якасна рамантаваць, будаваць, але і пасля завяршэння работ не забываць добраўпарадкаваць тэрыторыі.

Статыстыка і прычыны

За рулём нецвярозы вадзіцель, нявопытны матацыкліст не справіўся з кіраваннем, аўтамабіль наехаў на пешахода. Міліцэйскія зводкі дзень за днём «малююць» трывожную дарожную сітуацыю. Пра статыстыку і прычыны, якія правакуюць ДТЗ, разважаў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС Аляксандр Анікевіч.

За пяць месяцаў на тэрыторыі раёна зарэгістравана тры ДТЗ, адзін чалавек загінуў, трое атрымалі траўмы. За аналагічны мінулагодні перыяд аварый, у якіх пацярпелі людзі, не было. Найбольшая колькасць аварый адбылася па прычыне выезду транспартных сродкаў на паласу сустрэчнага руху і з-за няправільнага выбару скорасці. Пераважная большасць ДТЗ у нашым раёне адбываец-
ца на дарогах рэспубліканскага значэння Клецк – Ляхавічы і Крычаў – Бабруйск – Івацэвічы.

Аляксандр Анікевіч канстатаваў, што для папярэджання ДТЗ асаблівую ўвагу неабходна звяртаць на нецвярозых вадзіцеляў, на тых, хто садзіцца за руль без вадзіцельскага пасведчання. І тут ДАІ спадзяецца на свядомасць і нераўнадушнасць грамадзян.

Галіна КАНЬКО.