Спорт у ваколіцах «Медуніцы»

Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН ведаюць шмат рэцэптаў даўгалецця, але самы дзейсны той, які апрабавалі на ўласным вопыце, – актыўны лад жыцця.

14 чэрвеня яны сабраліся на турыстычны злёт у аграсядзібе «Медуніца». У праграме спаборніцтва – конкурсы інтэлектуальныя, спар-тыўныя і творчыя. Кожная каманда прадставіла візітоўку, дзе расказала пра сваю малую радзіму, яе гісторыю і славутасці, пра тое, якія таленавітыя і працавітыя людзі жывуць на ляхавіцкай зямлі.


Не менш адметнай была і спартыўная частка. Асобны момант – турыстычны абед – смачны і карысны. Агляд творчай самадзейнасці прайшоў на паляне. Каб ацаніць маштаб выступлення, трэба ведаць нашых сяброў-наведвальнікаў аддзялення. Яны прыгожа пелі і танцавалі, дэманстравалі арыгінальныя нумары мастацкай самадзейнасці. Кожны змог прэзентаваць свае здольнасці і майстэрства.
Свята спорту падарыла шмат станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці і жаданне абавязкова прадоўжыць спартыўна-творчыя іспыты. Калектыў аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян і яго наведвальнікі шчыра ўдзячны гаспадару аграсядзібы «Медуніца» Аляксандру Панфілу за магчымасць правядзення турзлёту.
Кацярына ЖУКОЎСКАЯ, загадчык аддзялення
дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН.