І словам лечаць. З нагоды свята віншаванні прымае і калектыў абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын»

Лекары душы – так можна назваць тых, хто працуе ў асаблівых установах аховы здароўя. Абласная псіхіятрычная бальніца «Крывошын» менавіта такая.

Калектыў – 170 чалавек: урачы, псіхолагі, прадстаўнікі сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу, работнікі харчаблока, падсобныя рабочыя. Нягледзячы на розныя функцыі і абавязкі, ёсць у іх агульная місія – зрабіць ўсё неабходнае, каб тутэйшым пацыентам было камфортна, утульна, каб яны адчувалі спакой, каб пазбавіліся шкодных звычак, не адчувалі сябе пакінутымі і адзінокімі.

– Ганаруся нашым калектывам. Прафесіяналізм і надзейнасць, узаемападтрымка і дапамога, шчырасць і пачуццё калектывізму – гэта пра кожнае падраздзяленне. І яшчэ адна вызначальная адметнасць – многія работнікі мясцовыя, нямала ў нас працавала і працуе сямейных дынастый, – гаворыць галоўны ўрач АПБ «Крывошын» Вольга Монак.

Для шэрага тутэйшых супрацоўнікаў бальніца стала адзіным месцам працы. Гэта і пра загадчыка аддзялення ўрача-псіхіятра-нарколага першай кваліфікацыйнай катэгорыі Алену Каспяровіч. Алена Аляксандраўна – ураджэнка Крывошына, колішняя выпускніца Гродзенскага медыцынскага інстытута. А яшчэ прадаўжальніца медыцынскай дынастыі. Бабуля была санітаркай, мама – медсястрой, бацька – фельчарам, у аблбальніцы працавалі і іншыя родныя і сваякі. 27 гадоў яе прафесійная біяграфія таксама непарыўна звязана з тутэйшай аблбальніцай. Адказнасць, кампетэнтнасць, прафесіяналізм – візітоўка ўрача. За добрасумленную працу Алена Каспяровіч мае шэраг ганаровых грамат, падзяк.

– Галоўнае – дапамагчы людзям. Каб лячыць душэўныя хваробы, урач павінен сам быць з вялікай душой, міласэрным, умець спачуваць іншым, чуць іх. Спецыфіка нашай прафесіі ў тым, што амаль ва ўсіх пацыентаў хранічныя дыягназы, і ім патрабуецца больш пільная ўвага. Таму неабходна лячыць так, каб рэмісія была доўгатэрміновай, – адзначае Алена Аляксандраўна.

Не спыняцца на дасягнутым, пашыраць прафесійныя магчымасці, спасцігаць новае – гэта ў поўнай ступені адносіцца і да фельчара-лабаранта, а па сумяшчальніцтве і псіхолага Ірыну Абравец, таксама карэнную жыхарку Крывошына. Вось ужо дзесяць гадоў як выпускніца Пінскага медкаледжа размеркавалася на сваю малую радзіму, на першае працоўнае месца ў аблбальніцу.

– Работа мне падабалася і мяняць яе ні ў якім разе не збіралася. Але хацелася паспрабаваць сябе ў чымсьці іншым, працаваць непасрэдна з людзьмі так, каб дапамагаць ім набыць душэўную раўнавагу, гармонію з самім сабой. Каб максімальна дапамагчы хвораму, неабходна знайсці з ім агульную мову, да кожнага патрэбны індывідуальны падыход. Зразумела, што без дадатковай адукацыі не абысціся. Таму завочна паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць «псіхалогія». Пасля атрымання дыплома пачала працаваць і псіхолагам, зараз, напрыклад, з пацыентамі пажылога ўзросту, – расказвае Ірына Уладзіміраўна.

Ветлівая і дысцыплінаваная, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, добразычлівая і ініцыятыўная Ірына Абравец ніколі не пашкадавала, што звязала сваё жыццё з медыцынай, як сама сцвярджае, зрабіла калісьці правільны выбар. І не збіраецца мяняць ні прафесію, ні месца работы, ні месца жыхарства.

Галіна КАНЬКО.

Сяргей ВАРАНОВІЧ.