Водная недастатковасць. Сітуацыю з вадой у Ляхавічах на кантроль узяла раённая ўлада

На тэрмометры за 30 градусаў, гарачыня б’е рэкорды. Ад спякоты не выратоўваюць ні вентылятары, ні кандыцыянеры. Адно выйсце – прыняць халаднаваты душ. А вось тут  і пачынаюцца для жыхароў нашага райцэнтра выпрабаванні, прычым даволі істотныя.

З мінулага панядзелка гараджане, якія карыстаюцца камунальным водаправодам, упершыню сутыкнуліся з такой маштабнай праблемай. Ва ўсіх мікрараёнах горада вада з кранаў то цячэ, то знікае надоўга. Калі і з’яўляецца невялікі ручаёк, то часцей за ўсё ён іржавы. Як тут не ўспомніць нядобрым словам тых, хто ў адказе за водазабеспячэнне. Ні памыцца, ні разабрацца з посудам і адзеннем, ні, прабачце, у туалет
схадзіць, ні прыгатаваць ежу. Плюс да ўсяго выходзяць са строю лічыльнікі вады, воданагравальныя прыборы і пральныя машыны… Зразумела абурэнне людзей, якія маюць усе падставы выказаць сваю незадаволенасць. Землякі абрываюць тэлефоны дыспетчарскай службы камунгаса, а ў адказ чуецца: «Вялікі разбор вады», «Пабудавалася шмат дамоў, вады не хапае», «Стане халадней на вуліцы, пойдуць дажджы, праблема адпадзе сама па сабе»…
Хто ў выйгрышы, дык гэта гандлёвыя кропкі: попыт на бутэляваную ваду ўзрос у разы – раскупляюць і ўсім не хапае.
Сітуацыю на кантроль узяла раённая ўлада. У мінулую сераду адбылося пазачарговае пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях. Пытанне адно – як справіцца з воднай недастатковасцю.
Начальнік участка водна-каналізацыйнай гаспадаркі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Уладзімір Ракавец паведаміў, што праектная магутнасць падачы вады з гарадскіх свідравін на станцыю абязжалезвання складае 156 кубоў у гадзіну. Звычайна расход складаў па 130 кубоў. Аднак за апошнія дні падача павялічылася амаль удвая. З-за гэтага і ўзніклі  праблемы.
– Расход павялічыўся ў сувязі з тым, што куды больш актыўна водаправодную ваду пачалі выкарыстоўваць для паліву агародаў, таксама нямала гараджан у прыватным сектары забудовы ўладкавалі міні-басейны, якія таксама запаўняюцца водаправоднай вадой. Акрамя таго, у сувязі з адсутнасцю дажджоў змяншаецца ўзровень вады ў рэзервуарах свідравін: замест неабходных 3,5 метра зараз у наяўнасці адзін метр, – выказаў сваё бачанне прычын праблемы дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Так, прычыны ёсць. Аднак нас, спажыўцоў, куды больш хвалюе, калі сітуацыя выправіцца і не трэба будзе лавіць імгненне, каб запоўніць доўгачаканай вадой каструлі, ванны, тазікі і г. д. І мыцца можна будзе тады, калі захочацца.
Напэўна, кіраўніцтву камунгаса неабходна шукаць альтэрнатыўныя падыходы для забеспячэння насельніцтва вадой і прадугледжваць план дзеянняў на такога кшталту надзвычайныя сітуацыі.
– Рашэннем камісіі з 23 чэрвеня арыенціровачна на 12 дзён у мэтах эканоміі па горадзе будзе поўнасцю спынена падача гарачай вады. Просьба грамадзян з разуменнем аднесціся да такога непапулярнага кроку. Дарэчы, за гэты час камунгасу даручана правесці штогадовую прамыўку і прафілактыку інжынерных сетак, каб потым да ацяпляльнага сезона зноў не спыняць падачу гарачай вады, – зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня.
Ляхавіцкая ЖКГ арганізавала падвоз вады ў бочках у найбольш праблемныя месцы. Першай кропкай стала жылая забудова па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры.
– Вялікая просьба да жыхароў прыватнага сектара звесці да мінімуму спажыванне водаправоднай вады для паліву агарода. Давайце праявім свядомасць і разуменне, – гаворыць дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі.
Сітуацыю са стварэннем неабходнага запасу пітной бутэляванай вады ў гандлёвых кропках трымае на кантролі санітарная служба. Як паве-
даміў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў, ва ўсіх магазінах штодня папаўняецца водны запас. Ажыятаж першага дня прайшоў, аднак ваду ў пяцілітровых ёмістасцях у магазінах па-ранейшаму знайсці цяжка.
Сіноптыкі абяцаюць да суботы паніжэнне тэмпературы і дажджы. Гэты прагноз ляхавічане чакаюць, як ніколі раней.

Галіна КАНЬКО.

КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» інфармуе
У сувязі з умовамі надвор’я, што склаліся, павялічылася расходаванне вады ў г. Ляхавічы. Фактычны аб’ём расходавання перавышае аб’ём вады, што падымаецца артэзіянскімі свідравінамі, і гэта не дазваляе падтрымліваць неабходны ўзровень вады ў рэзервуарах чыстай вады.
У сувязі з данай сітуацыяй вада часова будзе падавацца па графіку: з 6.00 да 8.00, з 12.00 да 14.00, з 17.30 да 23.30. Дадаткова будзе падвозіцца вада транспартам па заяўках (тэл. 6-56-98).
Таксама паведамляем, што абсталяванне, устаноўленае на аб’ектах водаправода г.Ляхавічы (свідравіны, станцыя абязжалезвання), знаходзіцца ў спраўным стане.
Андрэй ЧАЙКОЎСКІ , дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».