Дзе вам, дзеткі, пагуляць? Парадак на прыдамавых тэрыторыях – справа агульная

На гэты раз званок чытачоў «Ляхавіцкага весніка» паклікаў карэспандэнтаў на вуліцу Арлоўскага ў райцэнтры. Справа ў дзіцячай пляцоўцы, дакладней, у яе адсутнасці. На гарачую лінію «ЛВ» ад імя жыльцоў дома № 18 патэлефанавала ляхавічанка Валянціна Іванаўна, якая паскардзілася: у двары шматпавярховіка дзецям пагуляць няма дзе. Ёсць даўнішняя горка, але яна небяспечная, да траўмы недалёка. Колькі ні просяць тутэйшыя жыльцы, каб тут усталявалі дзіцячую гульнёвую пляцоўку з самым элементарным наборам (арэлі, пясочніца), у адказ ад КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» чуюць толькі абяцанні.

– Так, праблему, узнятую жыльцамі дома, ведаем. Аднак з уладкаваннем дзіцячай пляцоўкі давядзецца пачакаць, пакуль не з’явіцца фінансаванне. Стараемся па меры магчымасцей хоць касметычна наводзіць парадак на такіх аб’ектах. Сёлета, напрыклад, падфарбавалі і падрамантавалі арэлі ў двары дома № 37 па вуліцы Інтэрнацыянальнай. На працягу года наша будаўнічая брыгада плануе працаваць і на іншых гульнёвых пляцоўках, – тлумачыць сітуацыю майстар участка добраўпарадкавання камунгаса Уладзімір Несцяровіч.
У планава-тэхнічным аддзеле КУМВП ЖКГ паведамілі, што на балансе камунгаса знаходзяцца каля 40 дзіцячых пляцовак у горадзе і восем – у сельскай мясцовасці. На сёлета плануюцца рамонт пясочніц па вуліцах Будаўнікоў (у дварах дамоў №№ 6, 8, 10, 12), Гагарына, 9, уладкаванне пясочніц у вёсцы Каранеўшчыне (двары дамоў №№ 1, 2, 3 па вуліцы Маякоўскага), у Тухавічах  па вуліцы Заводскай (дамы №№ 14, 15, 16э, 9, 22), у аграгарадку Востраў запланавана ўстаноўка дзіцячых горак і арэляў па вуліцы 8 Сакавіка.
Усё гэта, канешне, добра, але вось хочацца, каб і на астатніх дзіцячых дваровых аб’ектах падтрымліваўся парадак.
Дарэчы, прыемна, калі ў гэтым камунгасу дапамагаюць неабыякавыя грамадзяне, грамадскія арганізацыі, установы.
На пастаянным кантролі стан дваровых тэрыторый, у тым ліку дзіцячых пляцовак, трымае санітарная служба. Неаднойчы ў сумесныя рэйды з санслужбай выязджалі і «веснікаўцы». Даводзілася пабываць на вуліцы Арлоўскага, дзе пра дзіцячую пляцоўку ў двары дома № 18 нагадвае толькі ржавая горка, рэшткі астатняга абсталявання зараслі пустазеллем.
Дарэчы, у двары суседняга дома № 20, непадалёку за хлеўчукамі, склад старых непатрэбных рэчаў. Вось там і ўладкавала сваю імправізаваную дзіцячую пляцоўку мясцовая дзятва. Да чаго могуць прывесці забавы ў такіх небяспечных месцах, не цяжка здагадацца.
– Па выніках сёлетніх маніторынгаў неаднойчы выяўляліся парушэнні санітарна-эпідэмічных патрабаванняў па ўладкаванні і ўтрыманні дваровых тэрыторый. Аднак так і не адрамантавана абсталяванне дзіцячых гульнёвых пляцовак па гарадскіх вуліцах Арлоўскага, Леніна, Чкалава, Інтэрнацыянальнай. У прыватнасці, пясочніцы не запоўнены чыстым пяском, многія з іх зараслі пустазеллем, не адрамантавана абсталяванне, – адзначае памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Узорам сучаснай камфортнай і бяспечнай дзіцячай пляцоўкі з’яўляюцца аб’екты ў дварах новабудоўляў. Тут поўны камплект абсталявання для актыўнага адпачынку маленькіх землякоў.
Уладкавана дзіцячая пляцоўка ў парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча. Чаго толькі няма: імправізаваны скаладром, вяровачны гарадок, пераходы, горкі, тунэлі… Праўда, знайшліся дзікуны, якія папсавалі і гэту прыгажосць…

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.