Экзамен для сандружын. Лепшую сандружыну выбралі ў Ляхавіцкім раёне

У мінулую пятніцу тэрыторыя Кургана Славы стала экзаменацыйнай пляцоўкай для сандружын з арганізацый Ляхавіцкага раёна. У спаборніцтвах прынялі ўдзел пяць каманд: ААТ «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі», ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», ААТ « Ляхавіцкі льнозавод» і ААТ «Нача».

– Праз два гады мы зноў сабраліся на важнае мерапрыемства – высветліць, якая сандружына лепшая. Мы ўсе бачым, як за апошні час змянілася грамадска-палітычнае становішча ў краіне, якія катаклізмы спасцігаюць свет, як змяняецца клімат, здараюцца ДТЗ і іншыя надзвычайныя сітуацыі. Вашы веды, уменні дзейнічаць зладжана ў розных сітуацыях вельмі важныя, бо на рахунку можа быць чалавечае жыццё, – звярнуўся да ўдзельніц галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.

Пачаліся спаборніцтвы з запалам: каманды прадэманстравалі страявы крок і страявыя песні. Сваю творчасць і крэатыўнасць удзельніцы маглі паказаць у конкурсе насценгазет.

Спаборнічаць камандам трэба было ў пяці этапах. Сандружыны працавалі ў ачагах камбінаванага і хімічнага паражэння. У ачагу інфекцыйнага захворвання камандам неабходна было прадэманстраваць, як яны будуць праводзіць першасны або паўторны пакватэрны абход, выяўляць хворых і прымаць меры для іх часовай ізаляцыі, праводзіць санітарна-асветніцкую работу сярод жыхароў. Таксама «экзаменавалі» сандружыны і на ўменне аказваць дапамогу ўмоўнаму пацярпеламу з рознымі траўмамі, грузіць яго на санітарны транспарт, адбіраць пробы паветра, вады, глебы і прадуктаў, праводзіць частковую дэзактывацыю і санітарную апрацоўку.

Адзін з этапаў меў тэарэтычны характар. Веданне фактаў пра сваю арганізацыю правярала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.бЗ кожным з пяці этапаў каманды справіліся паспяхова.

– Сённяшнія спаборніцтвы паказалі, што нашы дзяўчаты на сваіх плячах змогуць вынесці любую надзвычайную сітуацыю. Дзякуй вам за веды, за тое, што кожны год удасканальваецеся і паказваеце ўсё лепшыя вынікі. Пакуль побач з намі такія сандружынніцы, нам нічога не страшна, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.

Самы прыемны момант – узнагароджанне пераможцаў. Сярод капітанаў сандружын трэцяе месца ў капітана каманды ААТ «Жарабковічы» Тэрэзы Несцяровіч, другой стала капітан дружыны торфапрадпрыемства Валянціна Бацвінка, першае месца ў капітана каманды Ляхавіцкага льнозавода Алены Ксёнжык.

У конкурсе насценгазет месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе – у СВК «Ляхавіцкі», другое – у ААТ «Жарабковічы», першай стала каманда ААТ «Нача».

Слухаць страявыя песні было адно задавальненне, адзначыла журы. Выбраць самых пявучых сандружынніц аказалася вельмі складана. Аднак конкурс ёсць конкурс. Трэцяе месца ў конкурсе страявой песні заняла каманда СВК «Ляхавіцкі», другое месца ў каманды льнозавода, першай стала каманда торфабрыкетнага завода.

Сярод сандружын трэцяе месца заняла каманда ААТ «Жарабковічы», другое месца ў ільнозавода, пераможцай стала каманда ТБЗ «Ляхавіцкі», якая зусім скора будзе абараняць гонар раёна на абласных спаборніцтвах.

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык падрыхтавала сюрпрыз для зямлячак. Падарункі ад арганізацыі атрымалі ўдзельніцы, якія ў шэрагах сандружынніц ужо больш за дзесяць гадоў. Рэкардсмен – Святлана Сяргейчык, у статусе сандружынніцы ўжо 20 гадоў.

– Быць сандружынніцай – гэта значыць кожны раз сама ўдасканальвацца. Дакладна ведаю, што я і мае калегі «ўзброеныя» ўсімі неабходнымі ведамі. На шчасце, мне свае веды і навыкі на практыцы ўжываць яшчэ не даводзілася, – гаворыць Святлана Сяргейчык.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.