Надзённыя тэмы ў раённым кантэксце. Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама Мікалаем Марозам у мінулы чацвер сустрэлася з калектывам ПМК-13

На парадку дня – тэмы надзвычай важныя і вострыя. Адна з іх – аб мерах па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва. Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч агучыў статыстыку па раёне: сёлета зарэгістравана 16 пажараў, і гэта на тры менш, чым летась. У Ляхавічах здарылася сем пажараў, тры з якіх – з асабістым транспартам мясцовых жыхароў. У агні загінулі тры чалавекі.

Асноўныя прычыны здарэнняў – неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых устройстваў, няправільнае карыстанне электраабсталяваннем. Начальнік РАНС нагадаў пра забарону карыстання электраабсталяваннем саматужнага вырабу, недапушчэнне перагрузкі электрычнай сеткі і г. д. Асаблівая ўвага звернута і на купанне выключна ў афіцыйна дазволеных месцах і наступствах парушэнняў правілаў.

На пытанне, чаму на Ляхавіччыне мала дазволеных для купання месцаў, дадзены адказ: каб водная тэрыторыя атрымала такі статус, неабходна выкананне шэрага патрабаванняў. У прыватнасці, суразмоўцу цікавіў востраўскі вадаём. А ён прызначаны для рыбалоўства прамысловай рыбы і не можа быць бяспечным для купання месцам.

Кіберзлачынствы нават для нашага невялікага раёна – з’ява знаёмая. Нямала нашых землякоў трапіла, як кажуць, на вуду лжэсупрацоўнікаў банка, калі тыя званілі ў мэсэнджарах і «хваляваліся» пра стан карт-рахунка «сваіх» кліентаў. Начальнік РАУС Аляксей Трафімаў даў дзейсныя рэкамендацыі, як не стаць ахвярай зламыснікаў. Нагадаў, што раскрывальнасць такіх злачынстваў складае толькі пяць працэнтаў. Як правіла, зламыснікі дзейнічаюць за межамі краіны, і выявіць іх вельмі складана.
Галоўная тэма адзінага дня інфармавання – «Вакцынацыя як эфектыўны спосаб супрацьдзеяння распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі».

Вакцынацыя – справа дзяржаўнай важнасці, адзначыў кіраўнік раёна. Непрышчэпленыя людзі падвяргаюць небяспецы заражэння каранавіруснай інфекцыяй сябе і іншых людзей. Мікалай Мароз расказаў, што прышчапіўся раней, адчувае сябе добра і заклікаў іншых прайсці вакцынацыю.

– Расслабляцца сёння нельга. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, эфектыўна спыніць распаўсюджванне новых штамаў каранавіруса пакуль да канца не ўдаецца. Разам з тым, большасць экспертаў і аналітыкаў у галіне медыцыны прызнаюць, што на сённяшні дзень вакцынацыя з’яўляецца самай магутнай зброяй у барацьбе з COVID-19. Вакцынацыя неабходна, паколькі змяншае верагоднасць цяжкай формы захворвання і зніжае хуткасць перадачы віруса. Калі мы вакцынаваныя, абараняем не толькі сябе, але і людзей вакол, – падкрэсліў галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч.

Работнікі ПМК-13 задалі шэраг пытанняў наконт пабочкі вакцыны, магчымасці заразіцца пры вакцынацыі, супрацьпаказанняў да прышчэпкі і іншыя. Галоўны ўрач расказаў пра вакцыну «Спутнік» і падкрэсліў, што захварэць пры вакцынацыі немагчыма. Адзначыў, што не варта кіравацца чуткамі, а трэба давяраць фактам і аргументам медыкаў. Пры вакцынацыі праводзіцца першасны агляд, пры якім вымяраюць тэмпературу, артэрыяльны ціск і сатурацыю, медыкі вызначаюць самаадчуванне і стан здароўя.

Пры недамаганні параяць прайсці вакцынацыю пазней. Вакцынацыя не супрацьпаказана для людзей з хранічнымі і анкалагічнымі захворваннямі, цяжарных. Пажылым людзям з хранічнымі захворваннямі з-за аслабленага імунітэту вакцынавацца неабходна ў першую чаргу.

Георгій Хлябовіч падказаў, як і дзе можна запісацца, каб зрабіць прышчэпку. У прыватнасці, калі ў калектыве выказваюць такое жаданне не менш за дзесяць чалавек, то медыкі прыедуць на працоўнае месца.

У Ляхавіцкім раёне дзейнічаюць шэсць ІПГ. На мінулым тыдні ўсе яны таксама выязджалі ў працоўныя калектывы.

Ніна ПРЫХАЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры
і па справах моладзі райвыканкама.