На добры ўраджай. У СВК «Ляхавіцкі» прайшлі раённыя «Зажынкі»

Ні з чым не параўнальны, духмяны водар свежаскошанай хлебнай нівы разносіцца па наваколлі. Зярняты залатым патокам льюцца з бункера камбайна ў кузаў аўтамабіля. Звыклы маршрут «поле – элеватар». Абмалочаныя гектары, перавезеныя і высушаныя тоны, нястомная праца ад світання да змяркання – усё гэта нязменныя атрыбуты жніва. 

У адзін з гарачых ліпеньскіх дзён на гэтым тыдні на полі СВК «Ляхавіцкі» на некалькі дзясяткаў хвілін спыніўся гул камбайнаў. Замест яго загучалі шчырыя словы-пажаданні, мелодыі і песні. 21 ліпеня ў нашым раёне афіцыйна і ў той жа час прыгожа, святочна, урачыста «Зажынкамі» стартавала масавая ўборачная кампанія. Хлебаробаў па-старадаўняму віталі жнеі з сярпамі ў нацыянальных строях ды з абрадавай песняй.

– Гэты час у сялян заўсёды быў самым значным. Паспяховасць усяго года ў многім залежыць ад таго, наколькі якасна хлебароб спрацуе зараз. Таму цяжка пераацаніць вартасць кожнай жніўнай хвіліны. Давайце будзем працаваць не дзеля лічбаў, а каб гэты ўраджай прынёс усім нам радасць, добры прыбытак. А ляхавіцкая зямля шчодрая, і сёлетнія разлікі на ўраджай багатыя, –адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, які павіншаваў з пачаткам уборачнай кампаніі і пажадаў высокіх ураджаяў.

Асаблівы гэты жніўны дзень для першага намесніка старшыні райвыканкама Васілія Пыжыка, які ўпершыню ў якасці начальніка райсельгасхарчу пачынае жніўны марафон. Віншуючы хлебаробаў, ён падкрэсліў, што для паспяховага правядзення ўборачнай кампаніі ў мясцовых аграрыяў ёсць усё неабходнае: тэхніка, паліва, кадры, арганізавана вырашэнне бытавых пытанняў.

Цудоўны абрад арганізавалі і правялі культработнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Падлескага СДК – па- народнаму шчыра, цікава, натхнёна, з уласцівым ім каларытам.

І вось сярпом зжаты першыя каласы, звязаны ў снапы, упрыгожаны палявымі кветкамі. Першы сноп – кіраўніку раёна, другі –начальніку райсельгасхарчу, трэці – гаспадару сёлетніх «Зажынак» старшыні СВК «Ляхавіцкі» Івану Вітко. Дарэчы, сімвал жніва атрымаў кожны кіраўнік сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Протаіерэй Георгій Жытко правёў малебен на хлебным полі. Малітва хлебу надзённаму ляцела над нівай, бласлаўляла на добры ўраджай усіх хлебаробаў раёна.

Што за раённае свята без самабытнага калектыву – народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК і знакамітай ляхавіцкай Лявоніхі, якая правяла вясёлую бяспройгрышную латарэю.

…А тым часам са жніўнай песняй жанчын зліўся гул матораў. А гэта значыць, што бліжэйшыя тыдні ў хлебаробаў будуць напружанымі і гарачымі незалежна ад тэмпературнага градуса: жніво патрабуе выключнай увагі, бяспекі і хуткасці.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.