Што чакае райаграсэрвіс?

ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» – сельгаспрадпрыемства з багатай гісторыяй. Калісьці яно славілася выдатнай тэхнічнай базай і сваімі работнікамі. Аднак з часам вытворчыя паказчыкі ўпалі, адпаведна, змяншаліся зарплаты, прыйшла ў заняпад тэхніка… У чым прычына? Дзесьці недапрацавалі работнікі, дзесьці кіраўніцтва дапусціла пралікі. А ў чым вінаватыя тыя, хто працуе сумленна, – у іх таксама пагоршыліся ўмовы працы, і заробкі сталі мізэрнымі.

Нельга не адзначыць, што прымаліся разнастайныя спробы вывесці прадпрыемства з заняпаду. У тым ліку пабудавана новая ферма. Патрэбны былі дакладныя планы выхаду з крызісу.

Напрыканцы снежня мінулага года рашэннем эканамічнага суда Брэсцкай вобласці ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» прызнаны банкротам, адкрыта ліквідацыйная вытворчасць. Неаднаразова праводзіліся таргі, дзе прадпрыемства выступала ў якасці лота. І вось сёлета 4 чэрвеня на конкурснай аснове (сярод патэнцыяльных пакупнікоў былі і арганізацыі Ляхавіцкага раёна) ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» па дагаворы куплі-продажу перайшоў ва ўласнасць
ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат».

Хоць у сельгаспрадпрыемства і з’явіўся новы гаспадар, але ўсё ж яно па-ранейшаму размяшчаецца на тэрыторыі нашага раёна, і працуюць там нашы землякі. Таму лёс прадпрыемства неабыякавы раённай ула-дзе. Перспектывы развіцця райаграсэрвіса – цяпер вытворча-маёмаснага комплексу Бярозаўскага мясакамбіната – разглядаліся на ліпеньскім пасяджэнні райвыканкама.

Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран расказаў пра асноўныя ўмовы продажу сельскагаспадарчай часткі прадпрыемства.

– Новаму ўласніку на працягу пяці гадоў неабходна захаваць профільную накіраванасць. Колькасць работнікаў не павінна быць ніжэй за 70 працэнтаў ад узроўню сярэдняспісачнай колькасці, што мела месца ў райаграсэрвісе.

Да студзеня 2023 года трэба павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы да 5500 галоў. На працягу бліжэйшых пяці гадоў фінансавыя ўкладанні ў развіццё вытворчасці павінны быць не менш за
20 мільёнаў рублёў. Дарэчы, пакуль аплата лота не зроблена, – падкрэсліў Андрэй Навагран.

Новага ўласніка райаграсэрвіса на пасяджэнні райвыканкама прадстаўляў намеснік генеральнага дырэктара па сельгасвытворчасці ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат» Анатолій Клімовіч. Ён адзначыў, што спецыялісты мясакансервавага камбіната выязджаюць непасрэдна на прадпрыемства, вызначаюць, дзе, у першую чаргу, неабходна правесці рэканструкцыю, рамонт. Праведзена інвентарызацыя асноўных сродкаў. Набыта насенне рапсу, мінеральныя ўдабрэнні, сродкі абароны раслін. Па словах Анатолія Клімовіча, сярод першачарговых задач – кадравае пытанне. Таксама істотна ўплывае на стан спраў адсутнасць належнай кармавой базы.

Што тычыцца пагалоўя БРЖ, то ў планах мясакансервавага камбіната – павелічэнне пагалоўя БРЖ на адкорм, а вось малочнага статка гэта не тычыцца. Першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык заўважыў, што для раёна важна захаваць і малочны статак. Таму тут неабходна знайсці кансэнсус.

Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што кіраўніцтву Бярозаўскага мясакансервавага камбіната, у першую чаргу, варта да канца выканаць свае фінансавыя абавязкі, а таксама прадаставіць дакладны бізнес-план далейшага развіцця райаграсэрвіса. У сваю чаргу, як падкрэсліў Мікалай Мароз, з боку кіраўніцтва Ляхавіцкага райвыканкама будуць прыняты вычарпальныя меры, каб захаваць гэта сельгаспрадпрыемства, каб тутэйшыя работнікі былі забяспечаны працай і атрымлівалі належную зарплату.

Галіна КАНЬКО.