Кошт пытання – добрае харчаванне. Сталоўка ў Канюхах – папулярная кропка грамадскага харчавання ў нашым раёне

Колькі хвалебных эпітэтаў даводзіцца чуць у адрас работнікаў сталоўкі ААТ «Жарабковічы» ў Канюхах. Толькі станоўчыя водгукі і пра асартымент страў, і пра іх якасць з году ў год гучаць ад механізатараў, задзейнічаных на адказнейшай сельскагаспадарчай кампаніі – жніве.

Неаднойчы карэспандэнты «ЛВ» чулі ад камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы зерня, што стравы, прыгатаваныя ў сталоўцы гаспадаркі, вельмі і вельмі смачныя – як дома. З пылу з жару, апетытныя,
з любоўю прыгатаваныя супы, катлеты, кашы, салаты ў спецыяльных кантэйнерах на спецтранспарце дастаўляюцца па шматлікіх аб’ектах. Тутэйшыя повары пастаянна чуюць кампліменты за сваё майстэрства.

– Амаль штодня, акрамя нядзелі, раз, а то і двойчы кормім каля 300 работнікаў нашага сельгас-прадпрыемства, а падчас уборачнай кампаніі – больш за 400 чалавек. І гэта толькі наша гаспадарка. Акрамя таго, у нас харчуюцца аграрыі «Начы», «Шляху новага». Гатуем у сталоўцы ў Канюхах. А далей развозім па малочнатаварных фермах і комплексах, па мехдварах, калі ідзе касавіца ці ўборка – то па палях. Як вядома, добры работнік – накормлены работнік. Ад таго, як пахарчаваўся механізатар ці жывёлавод, залежыць, як ён спрацуе, – адзначае намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка.

Канешне, немалаважны аспект – кошт пытання. І тут гаспадарка чарговы раз дэманструе клопат пра сваіх працаўнікоў. За абед, які «важыць» 13-14 рублёў, сельгаспрацаўнік плаціць усяго 10 капеек, астатнія выдаткі бярэ на сябе гаспадарка.

На якасць прадуктаў – увага асаблівая. Як бы ні стараліся, якое б майстэрства нІ дэманстравалі работнікі сталоўкі, без якаснай сыравіны наўрад ці атрымалася б так смачна. Часткай прадуктаў сталовую забяспечвае сельгас-прадпрыемства. Астатняе закупляюць у фермераў, райпо, на аптовых базах і г. д.

Усяго некалькі гадоў назад сталоўка сельгаспрадпрыемства змяніла адрас: пераехала з Жарабковічаў у Канюхі і размясцілася ў будынку былой школы-сада.

– Так, укладзены значныя сродкі ў капітальны рамонт, шмат давялося папрацаваць і нашай будаўнічай брыгадзе. Але вынік таго варты. Цяпер у сталоўцы дзве банкетныя залы, харчаблок, ёсць санітарныя пакоі, іншыя дапаможныя памяшканні. Плануем добраўпарадкаваць тэрыторыю і не толькі, – расказвае Алена Навалочка.

І сапраўды, тут стварылі выдатныя ўмовы для камфортнага, утульнага адпачынку. Стыльны інтэр’ер, сучасная мэбля, вакол чыста і прыгожа, усё вельмі гарманічна. Тут з задавальненнем заказваюць карпаратывы, юбілеі, вяселлі, іншыя сямейныя ўрачыстасці, арганізоўваюць спартыўныя святы не толькі мясцовыя жыхары, але і землякі з усяго раёна. Напэўна, лепш любой рэкламы спрацуе наступны факт: выхадныя ў сталоўцы распісаны на месяц наперад.

У інтэрнэце можна знайсці водгукі ад удзячных наведвальнікаў, тых, хто ўжо карыстаўся паслугамі гэтай кропкі грамадскага харчавання. Вось толькі некаторыя з іх: «Банкетная зала проста супер. Калектыў ветлівы, акуратны і добры. Рэкамендуем!», «Добрае месца і добрае абслугоўванне!», «Прыгожа! Не горш,чым у рэстаране»…

– Гатуем па правераных рэцэптах, але абавязкова стараемся прыдумаць нешта новае. Галоўнае – рабіць усё ў добрым настроі, з жаданнем, тады абавязкова атрымаецца смачна. У любую страву дадай крыху іншую прыправу – і смак зменіцца. Ці, напрыклад, парэжаш інгрэдыенты для салаты дробна – атрымаецца адзін смак, а больш вялікімі кавалачкамі – і адчуванні ўжо зусім іншыя, – дзеліцца Ганна Барташэвіч.

Ганна Станіславаўна – выдатны повар, вопытны майстар. У прафесіі ўжо больш за два дзесяцігоддзі. На пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя пасля заканчэння педвучылішча Ганну размеркавалі выхавальнікам у Жарабковіцкі дзіцячы сад. Аднак у 90-х яна трапіла пад скарачэнне, давялося мяняць не толькі месца працы, але і ўвогуле прафесію. Прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці повара ў мясцовай сталоўцы.

– Гатаваць люблю. Яшчэ крыху падвучылася, паціху ўцягнулася. Хаця і цяпер чытаю шмат кулінарных кніг. Люблю новыя рэцэпты, спачатку выпрабоўваю іх на сям’і, потым ужо гатуем у сталоўцы. У нас Ірына Грамак такі фантазёр у плане прыгатавання, з яе рэцэптаў можна кулінарную кнігу выдаваць, – гаворыць Ганна Барташэвіч.
Адказная місія ў дружнай зла-джанай каманды з дзевяці чалавек – смачна накарміць, ветліва абслужыць. Калектыў выключна жаночы, яны пры неабходнасці выконваюць і ролю вадзіцеляў.

Больш за тры дзесяцігоддзі шчыруе шэф-повар Ірына Грамак, самы заўзяты тутэйшы кулінар-эксперыментатар. Са смакам гатуюць і яе калегі Жанна Славута, Святлана Мурочак, Вольга Папко. Любыя абавязкі па сілах кухоннаму работніку Валянціне Шымкевіч. Не адзін дзясятак кіламетраў па фермах і палях аб’ездзяць і своечасова даставяць абеды сельгасвытворцам раздатчыцы Валянціна Ашмарына, Тамара Молаш, Галіна Малахвей.

Арганізацыя харчавання – не адзіная фішка «Жарабковічаў» адносна бытавога ўладкавання. Каторы год запар паспяхова функцыянуюць два магазіны, якія ў падпарадкаванні гаспадаркі, – у аграгарадку Падлессе і вёсцы Зарытава. У планах – адкрыць аналагічную гандлёвую кропку ў Тальмінавічах. Там у сельгас-прадпрыемства таксама ўласны інтарэс – з нядаўняга часу тут дзейнічае новы вытворчы ўчастак ААТ.

Наогул, клопат пра працаўніка быў і застаецца неад’емнай часткай дзейнасці «Жарабковічаў».

– Разумеем, ад таго, наколькі высокую зарплату атрымліваюць работнікі гаспадаркі, якія ўмовы створаны на кожным працоўным месцы, якія сацыяльныя гарантыі прадугледжаны, як уладкаваны іх вольны час, наколькі камфорт-нае жыллё, залежыць і рабочы працэс, залежыць працоўная аддача кожнага і, адпаведна, агульны дабрабыт сельгаспрадпрыемства, – рэзюмуе дырэктар «Жарабковічаў» Антон Булаты.

Галіна КАНЬКО.
Фота Наталлі ПЕРАПЕЧКА.